«Мужу было кепска, ён застаўся дома, я з малым сынам пайшла ў краму. Зайшлі да бабулі, маці мужа, якая жыве побач. Пакуль былі ў яе, у дзверы пазванілі трое невядомых з каменнымі тварамі, пытаюцца пра Аляксея.

Не прадстаўляліся, нічога не казалі. Стала трывожна, — расказвае яго жонка «Нашай Ніве». — Я пазваніла мужу, ён спачатку не браў, пасля кажа: «Не магу размаўляць». Мы пайшлі дадому, падыходзім, а там тыя трое яго ўжо выводзяць. Ён паспеў мне шапнуць: «Гэта КДБ». 

Мне нічога тады не сказалі. Увечары муж пазваніў, сказаў, што прыйдуць з вобшукам, каб я праз іх перадала рэчы. Сказаў, мяркуе, што па яго прыйшлі за каментары.

Вобшук адбыўся каля 11-й вечара. Тады паказалі пасведчанні — сапраўды КДБ. Вобшук прайшоў цывілізавана, нічога не забралі, акрамя тэлефона мужа. Супрацоўнікі КДБ сказалі, што заведзеныя дзве справы — адна па артыкуле 369, абраза прадстаўніка ўлады, другую не памятаю. Але, як я зразумела, справы завялі не на Аляксея, а агулам.

Лёша — актывіст, любіць каментары пісаць. Але я бачыла, што ён пісаў у мясцовай суполцы — там няма ніякіх абраз.

Дзе ён сёння, я не ведаю. Учора ён сказаў, што яго павязуць у Мінск. Цяпер я званю ў КДБ — там не бяруць увесь дзень».

***

Затрыманні людзей, якія пакідалі каментары пра смерць кдбшніка ад рук Андрэя Зельцэра, праходзяць па ўсёй краіне.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», загадчыкам юрыдычных кансультацый сёння прыйшоў запыт з калегіі адвакатаў. Было сказана, што патрабуюцца 30 адвакатаў, бо КДБ затрымаў 50 чалавек па 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальванне варожасці) Крымінальнага кодэкса.

Раней у дзяржаўных СМІ і праўладных тэлеграм-каналах ужо пагражалі адказнасцю ўсім, хто пісаў каментары пра загінулага сілавіка. Мікалай Карпянкоў, намеснік кіраўніка МУС, у эфіры СТБ казаў, што каментатары, якія глумяцца, — гэта «нелюдзі», «мікробы», «ворагі, якія заслугоўваюць фізічнага знішчэння».

Чытайце таксама:

«У вашым раёне працуе ГУБАЗ». Затрыманы і аштрафаваны бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч, яго кватэру разграмілі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру