Пра гэта паведамляе Казахская служба Радыё Свабода.

У 2008 годзе Атабек (сапраўднае прозвішча — Едзігееў) быў асуджаны да 18 гадоў зняволення паводле артыкула аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Тады жыхары ўскраіны Алматы аказалі супраціў паліцэйскім, скіраваным для зносу іх дамоў, пабудаваных, як сцвярджаецца, без дазволу.

У сутыкненнях загінуў 24-гадовы паліцэйскі.

Паэт катэгарычна адмаўляў абвінавачванні па сваёй крымінальнай справе.

Ён быў прызнаны палітычным зняволеным шматлікімі праваабарончымі і міжнароднымі арганізацыямі. Усе гады зняволення ён утрымліваўся ў турмах удалечыні ад Алматы, у якой пражываў да арышту. Ён адмаўляўся падаваць заяву аб датэрміновым вызваленні, лічачы, што яно вымусіць яго ўзяць на сябе віну за злачынства, за якое яго асудзілі.

Атабек быў актыўным удзельнікам палітычнага жыцця Казахстана з 80-х гадоў XX стагоддзя. Ён быў у апазіцыі да першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. Да гэтага ён быў адным з аўтараў звароту да З'езда народных дэпутатаў СССР аб прадастаўленні Казахстану суверэнітэту.

Да таго — удзельнічаў у масавых пратэстах у Алма-Аце ў 1986 годзе супраць прызначэння рускага партыйнага дзеяча Генадзя Колбіна на пасаду першага сакратара ЦК рэспубліканскай Кампартыі, гэта значыць, фактычнага кіраўніка рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0