Фота з твітара Мэцью Чэнса

1 кастрычніка на амерыканскім тэлеканале CNN выйшла інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Гутарку з палітыкам прадэманстравалі ў эфіры двухгадзіннай праграмы The Lead with Jake Tapper, прысвечанай навінам ЗША і свету. Для Лукашэнкі рэдактары CNN выдзелілі каля 10 хвілін у міжнародным блоку перадачы, напрыканцы другой гадзіны эфіру.

Інтэрв’ю зрабілася скандальным яшчэ да сваёй дэманстрацыі на амерыканскім тэлебачанні. Журналіст маскоўскага офіса CNN Мэцью Чэнс, які і гутарыў з Лукашэнкам, атрымаў дзясяткі абураных каментарыяў да паста ў сваім Twitter з анонсам інтэрв’ю за тое, што называе Лукашэнку «прэзідэнтам Беларусі». 

Беларускія праўладныя спікеры таксама пачалі загадзя ставіцца насцярожана да гэтай гутаркі, абвінаваціўшы Чэнса ў «заангажаваным падыходзе».

Цікава, што ў падводцы да інтэрв’ю вядучы CNN Джэйк Тэпер адкрыта назваў яго «дзіўным» — bizarre. Аўтары сюжэта, у які ўвайшлі фрагменты з гутаркі Лукашэнкі і Чэнса, нагадалі пра гвалт, з якім сутыкнуліся беларускія пратэстоўцы, а таксама назвалі Лукашэнку адказным за гэтыя дзеянні. Міма журналістаў не прайшло і стаўленне беларускага палітыка да кавіду разам з прапановамі лячыць гэтую хваробу «гарэлкай і хакеем», у выніку чаго, толькі па афіцыйных звестках, ад кавіду памерлі больш за чатыры тысячы беларусаў. 

Таксама ў сюжэце паказана, як Мэцью Чэнс спрабуе запытацца ў мінчукоў на вуліцы пра іх стаўленне да Лукашэнкі: людзі, пачуўшы пытанне, збягаюць ад журналіста, адзін мужчына шчыра прызнаецца, што не будзе адказваць, бо яго «пасадзяць», твары людзей рэдактары заблюрылі. 

Самому Лукашэнку таксама нагадалі пра паслявыбарныя падзеі, і журналіст CNN прапанаваў яму прынесці прабачэнні за парушэнні правоў чалавека. У адказ Лукашэнка адмовіўся прыносіць прабачэнні, адзначыўшы, што не бачыць сэнсу рабіць гэта праз CNN, ды і не мае прычын для прабачэнняў. Тады журналіст працытаваў даныя міжнародных праваабарончых арганізацый, што сведчаць пра фізічны гвалт у дачыненні да затрыманых на беларускіх пратэстах. Лукашэнка абверг абвінавачванні:

«Што датычыцца нашых уласных турмаў, дзе мы трымаем абвінавачаных ці тых, хто пад следствам, яны не горшыя, чым у Брытаніі ці ЗША … Усё, што вы зараз назвалі, — гэта фэйк і фантазія. Гарантую вам, гэта — фальшыўка і выдумка».

Інтэграцыя з Расіяй і напамін пра Пратасевіча

У анонсе інтэрв’ю, што з’явіўся ў твітары Мэцью Чэнса за дзень да яго выхаду, гучала тэма мігрантаў. Аднак у той версіі гутаркі, што была паказаная на CNN, гэтае пытанне адсутнічала, затое знайшлося месца тэме інтэграцыі з Расіяй. Лукашэнка абвяргае гэтую магчымасць і называе выснову пра тое, што Беларусь стане часткай Расіі, памылкай, сцвярджаючы, што «суверэнітэт не прадаецца».

Яшчэ адно пытанне, што ўвайшло ў сюжэт, датычылася гісторыі з прымусовай пасадкай самалёта з Раманам Пратасевічам і арыштам гэтага актывіста. Мэцью Чэнс пацікавіўся ў Лукашэнкі, ці гатовы ён прызнаць, што ўся сітуацыя з пасадкай самалёта была штучна створаная, каб захапіць апазіцыйнага крытыка. Беларускі палітык зноў адказаў адмоўна:

«Я не збіраюся нічога прызнаваць перад вамі, я не пад расследаваннем… Але правесці такую аперацыю для нашых служб бяспекі, пры гэтым не парушыўшы міжнародныя законы — гэта б каштавала шмат».

Пры гэтым Лукашэнка не выключыў магчымасці таго, што, нават калі пасадка лайнера не была прымусовай, падобныя аперацыі ўсё ж могуць мець месца ў будучым: «Калі вы баіцеся лятаць над нашай тэрыторыяй, магу вам асабіста, вашай кампаніі і краіне і любой іншай гарантаваць поўную бяспеку палётаў над Беларуссю, так, як гэта і было заўсёды. Але калі я і праваахоўныя органы будзем бачыць пагрозу беларускай дзяржаве, мы пасадзім тут любы самалёт».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру