Наста Кудасава
Хай дзічэе вясна, хай лютуюць бязродныя чэрці,хай спадаюць у шэрую твань кураняты мімоз —
застаецца жыццё
ў кожнай ране, якую не сцерці.
Нам балюча, а значыць — мы ёсць, мы жывыя, мы моц.
Бо не ў хісткай раскошы палацаў, не ў трэндах густоўных,
не ў сланоў на плячах,
не на спінах старых чарапах —
свет заўсёды трымаўся на тых, каму не ўсё роўна,
хто за праўду і волю ўставаў, перакрочыўшы страх.
Бо заўжды застаецца жыццё,
бо сказаў нам «Не бойся!»
Той, Хто зноў уваскрэсне вясной, як бы свет ні дзічэў.
Нам балюча, а значыць — мы ёсць, мы расцём, мы калоссе…
Гэта з нас найдыхтоўнейшы хлеб сабе Госпад пячэ.
Сяржук Сыс. Пятая цемра
пятая цемра з даху ільдзінай рыне на цела
якое скруціла-зматала начныя прасціны
цела маё барыкады са сну збудаваць не паспела
вось і ляжыць яно зараз у поце халодным і стыне
што, дагулялася ўрэшце? цяпер во табе не прысніцца
бор над Дняпром, а ў бары — асцярожныя рысі
крадуцца гэтыя кошкі нібыта сапёры па хрусткай ігліцы
гэтыя кошкі нібыта царыцы, а ты проста коўдрай укрыйся
ну дык ляжы, разважай пра смяротнасць, пра сцены
межы якіх вывучаеш ты з хуткасцю незразумелай
а за вакном — рык трывожны мянтоўскай сірэны
фініш: я цэлюся трапна ў сваё неслухмянае цела.
Андрэй Хадановіч. Батумі
Сонейка праз чачу не бачу
зорак праз віно не відно.
Кожны дзень жыву наастачу,
небу прабіваючы дно.
Выпівае з песні пра змены
літару за літарай даль,
і глытае змрок непісьменны
горкую глаголіцу хваль.
Небяспека тут — нібы спёка.
З хараством мяшаю брыду.
Па батумскай гальцы аблокаў
ступакамі вершаў брыду.
І смяюцца ўголас нябёсы:
пераабуваецца босы.
І ціхутка ўсхліпнуць анёлы:
пераапранаецца голы.





