Кацярына «Эйфарыя» прафесійна займаецца макіяжам, яна вядомы візажыст, супрацоўнічае як з беларускімі фатографамі, так і з замежнікамі.

Дзяўчына вядзе персанальны блог на Ютубе, кантэнт таксама прысвечаны візажу. Па беларускіх мерках прагляды прыстойныя, самыя папулярныя ролікі набіраюць пад сотню тысяч праглядаў, часам і больш (топавае відэа праглядзелі аж 300 тысяч разоў). 

Агулам жа Кацярына зарабляе макіяжам (ад 70 да 100 даляраў), вядзе афлайн- і анлайн-курсы па візажы і правільным карыстанні касметыкай. 

«У Мінску вельмі вялікая канкурэнцыя сярод візажыстаў — шмат добрых майстроў на любы густ. Шматлікія дзяўчыны думаюць, што гэта лёгкі хлеб. Фарбаваць сябе, памадка, пэндзлікі:).

Насамрэч гэта цяжка. Каб пачаць зарабляць у гэтай сферы, трэба шмат працаваць і часта бясплатна. І гэта вялікія траты. Я маю зносіны з многімі цырульнікамі, якія спрабавалі паралельна стаць візажыстамі, але ўсе адмовіліся ад гэтай ідэі, — расказвала Кацярына. — У візажыста пастаянныя выдаткі: танальныя сродкі, праймер і т. д.

Асабліва шмат траціш, калі працуеш з дарагой касметыкай, напрыклад з Armani, by Terry, D & G, Ellis Faas, Tom Ford. Гэта шалёныя грошы, а касметыка заканчваецца вельмі хутка, асабліва калі ты паралельна вядзеш курсы.

Таму я не разумею тых, хто лічыць, што гэта лёгкі хлеб. Паспрабаваць, вядома, варта. Але ў нас не настолькі вялікая краіна, каб было так шмат візажыстаў. Здымак і камерцыі мала, а ахвотных паўдзельнічаць — вельмі шмат».

Кацярына вядзе тыповы інстаграм: касметыка, дарагія рэчы, надзьмутыя вусны, гуллівыя позы, падарожжы. 

Здавалася б, шараговая сучасная блогерка. І тут раптам Інтэрпал.

У базе Інтэрпала Кацярыну шукае Польшча. Паведамляецца, што дзяўчына можа быць датычная да адмывання даходаў ад злачыннай дзейнасці і ўдзелу ў злачыннай арганізацыі.

Чырвоная пазнака ля фота азначае, што Рышкевіч абвясцілі ў міжнародны вышук. Гэта прадугледжвае вышук, затрыманне і арышт з мэтай экстрадыцыі. То-бок пры спробе перасекчы межы Еўрасаюза Кацярыну могуць затрымаць нават непасрэдна на мяжы.

Таксама вышук «па чырвонай картцы» сведчыць, што злачынствы, у якіх падазраюць чалавека, прадугледжваюць пакаранне, большае за 2 гады пазбаўлення волі. 

На момант публікацыі Кацярына спакойна адпачывала ў Дубаі. «Наша Ніва» звязалася з ёю па каментар, Кацярына адказала коратка: «Я ў курсе, гэта ніяк не звязана з палітыкай у РБ, мой адвакат займаецца пытаннем».

Чакаецца, што калі краіна супрацоўнічае з Інтэрпалам, то яна мусіць зрабіць усё магчымае для затрымання чалавека, якога шукаюць «па чырвонай картцы», калі заўважыць гэтага чалавека на сваёй тэрыторыі.

Дык што цяпер будзе з візажысткай і блогеркай? Калі Кацярына вернецца ў Беларусь, то яе затрымаюць і аддадуць польскай паліцыі? Зусім не факт, хутчэй — наадварот.

У Беларусі існуе бюро Інтэрпала, але ў выдачы абвешчаных у міжнародны вышук беларусы ўжо неаднаразова адмаўлялі. Праўда, гэта былі палітычныя моманты: так, напрыклад, Беларусь не захацела выдаваць паплечніка Януковіча банкіра Віктара Братко і брата былога прэзідэнта Кыргызстана Бакіева.

Таксама пагаршэнне стасункаў Беларусі з Польшчай можа прывесці да таго, што патрабаванні ці запыт палякаў будуць проста праігнараваныя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?