Ягор стараецца не скардзіцца на побыт, хоць у камеры часам збіраецца па 15 чалавек, многія паляць, гэта няпростае выпрабаванне для тых, хто, як наш калега, не пераносіць цыгарэты.

«Што ў нас новага? На прагулках гуляем у «Кракадзіла»! Каго я толькі сёння не паказваў! І жалезнага чалавека, і архіварыуса, і антыкварыят. Слабо табе паказаць пурпурны колер? Ну а ўтрамбоўваем усё гульнёй у гарады. Ёсць патрэба ў назвах на «Е» і «Я». Бо скажаш Ялта, Янгон, Яундэ, а што яшчэ? Накідай варыянтаў! Я вучу людзей сваім тром любімым сталіцам: Антананарыву (Мадагаскар), Тхімпху (Непал) і Бандар-Серы-Бегаван (Брунэй). Прычым некаторыя і так ведаюць. 

У 20:45 глядзім «Калыханку» па Беларусь-3. Там днямі паказвалі смешны мульцік пра мядзведзя. Ён паверыў дрэннаму чалавеку, а той пасадзіў яго ў цыркавы аўтазак. Але іншыя жывёлы сабраліся і вызвалілі мядзведзя! «Беларусьфільм», 2018 ці 2019 год.

Чакаю цёплы кастрычнік, але хацелася б яго сустракаць не ў дворыках Валадаркі, а ў падарожжах па Беларусі. Залаты час прападзе!»

Кожны тыдзень жонка Ягора атрымлівае ад яго лісты, якія захоўвае пад падушкай. Аднойчы высветлілася, што і Ягор гэтаксама захоўвае ад яе лісты, не згаворваючыся.

Той самы графік кахання, які Ягор даслаў жонцы з турмы

«Уяўляю, як ты атрымліваеш ліст і такая: «Ля-ля-ля, што там?») Калі я атрымліваю канверт ад цябе, то адкрываю яго, пачынаю чытаць, пасля думаю: «Эн-не!» Адкладаю, праглядаю іншыя, а пасля сядаю дачытваць цябе на дэсерт. Міндальны круасан, вось які дэсерт.:)

Ты пішаш, што не ўсе пары перажываюць такое расстанне і ўз’яднанне. Эй, ты сур’ёзна? Я ж кахаю цябе больш за ўсё на свеце, ты што! Мы ж дамаўляліся.:) Такое перайграць нельга, усё застаецца ў сіле! Тым больш, я табе дасылаў графік кахання, атрымала?

Людзі шлюць мне паштоўкі, некаторыя з іх адкладваю ў чаргу, каб дасылаць табе. Так што ў мяне ўжо план па візуале ёсць! 

Перадусім не хапае цябе, канечне. Няма такой працэдуры, каб на дзянёк выйсці, пажмякаць цябе, падняць табе хвост і нос, а пасля вярнуцца на ранейшае месца?) Я б напісаў такое хадайніцтва! 

Малышляндзія, моцна цябе кахаю! Працягвай мне сніцца, хаця б там магу паразмаўляць з табой ужывую. Вельмі хочацца трымаць пад крылышкам такую вавёрку-разумняшу! Каб расказвала цікавыя гісторыі і наракала, што не паспявае прачытаць усе кнігі». 

І хоць Ягор ужо даўно знаходзіцца ў СІЗА, следчыя не дазваляюць родным сустрэцца з ім. Лічаць, гэта можа нашкодзіць устанаўленню абставін па справе, хоць ніхто з чальцоў сям’і галоўнага рэдактара не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу. 

Падтрымайце нашага калегу лістом! Ва ўмовах ізаляцыі гэта адзінае, што дапамагае трымацца і верыць у моц беларусаў.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру