Як тлумачыць Мінфін, зменамі ў Падатковы кодэкс прапануецца пашырыць кола самазанятых і «значна спрасціць адміністраванне іх дзейнасці».
Хто зможа стаць самазанятым?
У пералік відаў дзейнасці дадаткова ўключаны:
— ландшафтнае праектаванне;
— кур'ерская дзейнасць (дзейнасць па дастаўцы тавараў, пасылак, пакетаў);
— чыстка салонаў транспартных сродкаў;
— догляд могілак;
— арэнда, пракат забаўляльнага і спартыўнага абсталявання (ровары, канькі, турыстычнае абсталяванне і інш.).
Што зменіцца ў падаткаабкладанні?
У 2022 годзе самазанятыя будуць плаціць адзіны падатак. А далей іх чакаюць змены.
З 2023 года самазанятыя грамадзяне будуць плаціць падатак на прафесійны даход (ППД) у працэнтах ад атрыманых даходаў на падставе лічбавай платформы, якая дазваляе ажыццяўляць прыём безнаяўных плацяжоў.
Выплата ППД заменіць выплату падаходнага падатку з фізічных асоб, а таксама абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (для фізічных асоб, якія прызнаюцца плацельшчыкамі такіх узносаў).
Хто будзе плацельшчыкам ППД?
Плацельшчыкамі ППД будуць самазанятыя грамадзяне, то-бок фізічныя асобы, якія атрымліваюць прафесійны даход ад дзейнасці, пры вядзенні якой яны не маюць працадаўцы і не прыцягваюць фізічных асоб па працоўных дамовах і (або) па грамадзянска-прававых дамовах, а таксама даход ад выкарыстання маёмасці.
Самазанятыя змогуць займацца любымі відамі дзейнасці, акрамя забароненых (забароненыя віды дзейнасці акрэсліць ўрад. Мяркуецца, што гэта будуць: рэалізацыя падакцызных тавараў і тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы; рознічны гандаль пакупнымі таварамі; дзейнасць, якая патрабуе атрымання ліцэнзіі і г. д.).
Колькі будуць плаціць самазанятыя?
Стаўкі ППД прапануецца ўсталяваць у наступных памерах:
— пры працы з фізічнымі асобамі, а таксама юрыдычнымі асобамі — нерэзідэнтамі — 10% ад выручкі;
— пры працы з арганізацыямі-рэзідэнтамі:
10% — пры выручцы да 60 тысяч рублёў;
20% — у выпадку перавышэння гэтага значэння.
Як будзе ажыццяўляцца выплата падатку?
З дапамогай прыкладання «Падатак на прафесійны даход» — праграмнага забеспячэння Міністэрства па падатках і зборах.
ППД будуць плаціць штомесяц, не пазней за 22 дзень месяца, што ідзе за мінулым падатковым перыядам (каляндарны месяц).
Прадстаўленне падатковых дэкларацый па ППД не прадугледжваецца.
Чытайце таксама: «З’язджаць за мяжу ці крычаць «Караул!» — пакуль рана». Бізнэс-саюз пра падатковую рэформу, якую прапаноўваюць улады





