Вяршыніна абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак — ва ўдзеле ў Маршах 23 і 30 жніўня ў Мінску. Галоўнымі доказамі віны Ягора сталі два фотаздымкі з Маршу, якія праваахоўным органам з закрытай асабістай старонкі ў фэйсбуку прадаставіў мужчына, супраць якога калісьці вёў справу як следчы Вяршынін. Ягор віну не прызнаў. На судзе ў кайданках дапыталі сябра абвінавачанага Яўгена Юшкевіча, якога вінавацяць у тэрарызме.

Ягор Вяршынін больш за шэсць гадоў адпрацаваў у Следчым камітэце, займаўся расследаваннем эканамічных злачынстваў. Звольніўся ў 2019 годзе, займаўся спартыўнай аналітыкай і планаваў ісці ў IT. 11 чэрвеня 2021 года Ягора затрымалі.

На судзе Ягор Вяршынін заявіў, што прыняў удзел у мірным шэсці, рэалізуючы сваё права, гарантаванае Канстытуцыяй.

Што казаў у апошнім слове палітвязень?

«2020 год для беларусаў быў досыць складаным і падзяліў людзей на дзве групы, гэта значыць, што адна — гэта тыя, каго ўсё задавальняе і хто не выказвае ніякіх поглядаў і меркаванняў. І тыя, хто не змог упісацца ў гэтую карціну. Мяркую, што я далучыўся да другой групы, то-бок да групы, якая не зусім згодная з тым, што адбывалася. Я канкрэтна маю на ўвазе той гвалт, які адбываўся ў пост-электаральны перыяд, адсутнасць прававой ацэнкі і рэакцыі на гэты гвалт. Гэта тое, што заахвоціла мяне далучыцца да гэтых Маршаў. Заўважу таксама, што інкрымінаванае мне ў якасці злачынства цалкам упісваецца ў форму масавых сходаў: шэсця, дэманстрацый і мітынгаў. У той частцы, калі гэтыя формы несанкцыянаваныя адпаведным чынам і органамі выканаўчай улады, як правіла нясуць адміністрацыйную адказнасць. Таксама адзначу, што многія з удзельнікаў падобных масавых сходаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і мітынгаў, згодна з заканадаўчай дэфініцыяй, могуць ісці як па тратуары, так і па праезнай частцы.

На мой погляд, да прычын і ўмоў можна аднесці электаральную кампанію і пост-электаральныя падзеі, таксама гвалт, які адбываўся ў дачыненні да грамадзянскіх асоб. Акрамя таго, я хацеў бы заўважыць, што органамі папярэдняга следства дапушчаная памылка, і мне інкрымінаваны актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, пры парушэнні артыкула 10 закона аб масавых сходах. Варта ўлічыць, што гэты артыкул прадугледжвае правілы арганізацыі, правілы ўдзелу ў масавых сходах для арганізатараў. Я не з'яўляўся арганізатарам масавых сходаў, і мая роля следствам вызначана як актыўны ўдзельнік, зноў жа, не арганізатар.

Для ўдзельнікаў масавых сходаў ёсць адміністрацыйны артыкул. Таму лічу, што ў маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса. Гэтага злачынства я не здзяйсняў і лічу, што мой крымінальны пераслед не аб'ектыўны, не ўсебаковы, прадузяты, і, магчыма, ён ажыццяўляўся па матывах грамадска-палітычных меркаванняў, для чаго і праводзяцца масавыя сходы. Лічу, што прысуд павінен быць апраўдальным, і не толькі ў дачыненні да мяне, але і ў дачыненні да іншых асоб, якія прызнаныя палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца з гэтай жа мэтай».

Судовае следства па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць Ягора Вяршыніна цягнулася толькі дзень: раніцай суд пачаўся, а ўвечары ўжо абвясцілі прысуд. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Вяршыніна вінаватым і пакараў яго двума гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На Валадарцы па «народным» артыкуле сядзіць былы следчы Ягор Вяршынін. Што пра яго вядома? 

На суд над палітзняволеным былым следчым Ягорам Вяршыніным прывялі ў якасці сведкі зняволенага Яўгена Юшкевіча