Мінздароўя Швецыі паведаміла, што больш не будзе вакцынаваць маладых людзей, якія нарадзіліся пасля 1991 года, бо апошняе даследаванне паказала рызыку міякардыту і перыкардыту сярод моладзі пасля прышчэпкі. То-бок вакцынацыя можа прывесці да запалення сардэчнай мышцы ці абалонкі сэрца, піша Reuters.

 У той жа час у Міністэрстве аховы здароўя Швецыі прызнаюць, што рызыка такога пабочнага эфекту малая.

Пасля гэтай навіны акцыі Moderna на міжнароднай біржы ўпалі на 4,9%.

У адказ на адмову выкарыстоўваць вакцыну для маладых людзей прадстаўнік Moderna распавёў, што такія выпадкі рэдкія, захворванне праходзіць у лёгкай форме, дастаткова стандартнага лячэння і адпачынку.

«Рызыка міякардыту значна павялічваецца для тых, хто хварэў на COVID-19, а вакцынацыя — лепшая абарона ад яго», — дадаў прадстаўнік Moderna.

Па звестках амерыканскага даследавання, якое яшчэ не прайшло экспертызу, для мужчын ва ўзросце да 20 гадоў, якія перахварэлі на каранавірус, да шасці раз большая верагоднасць атрымаць міякардыт, чым для тых, хто прышчапіўся.

У Даніі з-за «мераў засцярогі» вырашылі прыпыніць вакцынацыю прышчэпкамі Moderna непаўналетніх. Для падлеткаў 12-17 гадоў тут выкарыстоўваюць вакцыну Pfizer.

Што ў іншых краінах?

Даныя сведчаць аб тым, што зарэгістраваныя выпадкі запалення сэрца адносна вышэйшыя пасля вакцыны Moderna ў параўнанні з прышчэпкамі Pfizer, як заявілі на мінулым тыдні прадстаўнікі канадскай сістэмы аховы здароўя.

Хоць абедзве вакцыны заснаваныя на тэхналогіі мРНК, ін'екцыя Pfizer змяшчае 30 мікраграм вакцыны на дозу, а Moderna — 100 мікраграм.

У Злучаных Штатах вакцына Moderna не ўхвалена для людзей ва ўзросце да 18 гадоў.

Нарвегія рэкамендуе непаўналетнім вакцыну Pfizer/BioNTech. Тое ж там прапануюць выбіраць мужчынам ва ўзросце да 30 гадоў.

Еўрапейская агенцыя лекавых сродкаў ухваліла выкарыстанне вакцыны ад Pfizer/BioNTech яшчэ ў маі. Вакцыну Moderna ўхвалілі для вакцынацыі дзяцей, старэйшых за 12 гадоў, у ліпені.

Перавагі вакцын, заснаваных на так званай тэхналогіі мРНК (якая выкарыстоўваецца і ў Moderna, і ў Pfizer/BioNTech), па-ранейшаму пераважваюць рызыкі, заявілі ў Злучаных Штатах, ЕС і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Чытайце таксама: Доўга засынаеце па начах? Вось што можна з гэтым зрабіць — карысныя парады

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0