Праваабаронцам стала вядома, што 20-гадоваму палітзняволенаму Арцёму Баярскаму, які знаходзіцца за кратамі ўжо больш за паўгода, прад’явілі новае абвінавачванне. Акрамя арт. 361-1 КК (стварэнне альбо кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем), Арцёма таксама абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама маці паведаміла, што справу накіравалі ў пракуратуру.
8 кастрычніка бацькі ўбачыліся з Арцёмам першы раз за 7 месяцаў. Па словах маці, Арцём выглядае не вельмі добра.
Нагадаем, студэнта хімфака БДУ Арцёма Баярскага збілі пасля затрымання, каб запісаць прызнанне на відэа для канала Азаронка: білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах.
Летась у жніўні Арцём, разам яшчэ з сотняй студэнтаў, адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. 4 чэрвеня стала вядома, што палітвязня адлічылі з хімфака БДУ.
Падтрымаць Арцёма лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030