Ці стануць мігранты праблемай для самой Беларусі пасля таго, як усе каналы для іх перапраўкі праз мяжу зачыняцца? Belarus in Focus у партнёрстве з Прэс-клубам арганізаваў у рамках Экспертна-аналітычнага клуба абмеркаванне тэмы міграцыйнага крызісу, піша Thinktanks.by.

Эксперты сышліся ў меркаванні, што з часам еўрапейскія краіны знойдуць рэсурсы цалкам зачыніць магчымасць нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Тады Беларусь можа сутыкнуцца з праблемай утрымання блізкаўсходніх мігрантаў на сваёй тэрыторыі.

Гэта будзе выклік — што з гэтымі людзьмі рабіць

«Беларускія ўлады — у адрозненне ад расійскіх уладаў, спецслужбаў, пагранічных ведамстваў і дзяржаўнага апарату — не маюць доўгачасовага досведу зносін з мусульманскімі суполкамі.

Беларусь — гэта не Расія, для яе такія мігранты — зусім чужыя па культуры людзі, а таксама ў моўным плане», — адзначыў Каміль Клысіньскі, старэйшы аналітык варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW).

«Магчыма, шмат гэтых людзей застанецца з боку беларускай мяжы, і яны не змогуць у найбліжэйшы час у такой жа колькасці пераходзіць мяжу. Гэта будзе крытычная маса, якая ў свой час адгукнецца для беларускіх уладаў. Гэта будзе выклік — што з гэтымі людзьмі рабіць.

Яны заплацілі ўжо за паслугу, яны будуць расчараваныя, будуць агучваць свае прэтэнзіі, а гэта не «ціхамірныя» беларусы», — папярэдзіў Каміль Клысіньскі.

Мадэратар дыскусіі Вадзім Мажэйка заўважыў, што тэма атрымала цікавы паварот — «пра магчымыя пратэсты блізкаўсходніх мігрантаў у Беларусі».

Ён прыгадаў выпадак 2015 года, калі кітайскія рабочыя, якія працавалі ў Добрушы на будаўніцтве кардоннага камбіната, «сотнямі выходзілі маршам на Мінск». «Тады гэта было не самае тыповае відовішча».

Журналіст Зміцер Міцкевіч у сваю чаргу нагадаў, што «турыстаў» з Блізкага Усходу цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца, па розных ацэнках, да 10 тысяч чалавек.

«Беларускае грамадства даволі кансерватыўна па сваёй натуры. Калі нават у Мінску гэта выклікае раздражненне, то для жыхароў Ашмянаў тым больш знаходжанне гэтых людзей асаблівай радасці не дадасць. І мясцовыя органы ўлады будуць не ў захапленні ад наяўнасці некалькіх соцень мігрантаў у невялікім мястэчку, таму што з імі трэба нешта рабіць.

Трэба сітуацыю трымаць пад кантролем. А калі гэтых людзей вяртаць назад, то рабіць гэта прыйдзецца за свае грошы», — падкрэсліў Зміцер Міцкевіч.

 Схема высылкі мігрантаў адпрацавана?

Экспертам запярэчыла праваабаронца з ліквідаванай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка. У яе няма сумневаў, што Беларусь вельмі проста вырашыць гэтую праблему і не дазволіць мігрантам доўга заставацца на сваёй тэрыторыі.

Яна падкрэсліла, што для ўладаў не з'яўляецца вялікай праблемай арганізаваць прымусовую высылку за кошт саміх людзей. У іх ужо напрацавана такая практыка.

Яна згадала кейс 2014 года, калі ў Беларусі праходзіў Чэмпіянат свету па хакеі.

«Гэту падзею актыўна выкарыстоўвалі перавозчыкі мігрантаў. Яны казалі людзям: мы адвязём вас у Еўропу. Прывозілі іх у Беларусь (тады можна было ўязджаць без візы па квітках на хакей) і казалі: «Усё, вы ў Еўропе, выкідайце пашпарты». Потым, зразумела, міграцыйныя службы саджалі замежнікаў, якія да іх прыязджалі, у ізалятар, і тады тыя разумелі, што гэта Беларусь, а не Еўрасаюз», — распавяла праваабаронца.

Яна адзначыла, што хоць тады гаворка не ішла пра 10 тысяч, але колькасць мігрантаў было даволі вялікая.

«Людзей толькі з Бангладэш у мінскім ЦІПе было 84 чалавекі. А ў агульным каля 200 чалавек з розных краін. І зразумела, што яшчэ па Беларусі ёсць шмат ізалятараў, дзе такіх людзей маглі ўтрымліваць».

Прымусовая высылка адбывалася такім чынам:

«Змяшчаюць чалавека ў ізалятар з вельмі дрэннымі ўмовамі ўтрымання. Чалавека апытваюць, даведваюцца яго імя і хаця б нейкія даныя збіраюць пра яго. Робяць запыт у найбліжэйшую амбасаду з просьбай пацвердзіць асобу гэтых людзей», — успамінае праваабаронца.

Потым прадстаўнікі праваахоўнай сістэмы запытвалі кантакты сваякоў арыштаваных. І дазвалялі зрабіць ім адзін званок. «Кажуць: скажы, каб табе купілі білет і даслалі нам яго некуды туды», — кажа Наста Лойка.

Праваабаронцы тады стварылі ініцыятыўную групу, якая займалася дапамогай мігрантам. Гэтай групе сваякі дасылалі квіткі на самалёт, а яны перадавалі іх у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Мігранты адпраўляліся дадому.

Цяпер схему вяртання мігрантаў уладам будзе арганізаваць яшчэ прасцей, упэўнена спецыяліст.

«Цяпер з вялікімі фірмамі, якія ў гэтым задзейнічаныя, змогуць арганізаваць усё значна хутчэй. Калі людзі прыехалі праз іх каналы, то, я думаю, у іх ужо будзе пра мігрантаў уся неабходная інфармацыя. Плюс я нагадаю, што яны зарабляюць дастаткова вялікія грошы на гэтых людзях, таму крыху грошай для іх высылкі ў іх знойдзецца», — лічыць Наста Лойка.

«Гэты крызіс ёсць спробай выклікаць хаос». Прэм'ер і шэф Памежнай службы Польшчы расказалі пра абстаноўку на беларускай мяжы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру