Аляксандр Дабрыянік — ураджэнец Слоніма, актывіст і валанцёр у выбарчым штабе Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы 24 мая. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле матэрыялаў следства, 16 жніўня 2020 года ў Мінску, «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадскіх поглядаў, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак».

А менавіта: з 14:00 да 21:00 гадзіны, знаходзячыся на праспекце Незалежнасці, вуліцах Свярдлова і Маскоўскай, далей на праспекце Пераможцаў, разам з іншымі парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў лозунгі, пляскаў у ладкі, выходзіў на праезную частку і перакрываў рух грамадскага транспарту. Пры гэтым, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў міліцыі.

Сваю віну ў ходзе судовага следства абвінавачаны прызнаў часткова. Сказаў, што не выкарыстоўваў сімволіку і актыўна не ўдзельнічаў, а таксама не перашкаджаў руху грамадскага транспарту.

Абвінавачванне назвала каля двух дзясяткаў тралейбусных і аўтобусных маршрутаў, працы якіх нібыта перашкаджаў Дабрыянік.

У судзе была дапытаная сведка Вольга Агеева, добрая знаёмая Дабрыяніка. Жанчына на пытанні абвінавачвання адказала, што не памятае цяпер, ці Андрэй паведамляў ёй, што хадзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, ці не. Пра 16 жніўня чула, што ў той дзень масавыя мерапрыемствы былі.

Слухаў Ляпіса Трубяцкога «Грай», распаўсюджваў «Народную Волю»

Пры вывучэнні пісьмовых матэрыялаў справы было адзначана, што пры даследаванні змесціва тэлефона абвінавачанага і ягонага камп'ютара, выяўлены файлы, якія маюць дачыненне да справы. Так, была знойдзена папка з фотаздымкамі ўлётак палітычнага зместу, газеты «Народная Воля» і выявай супрацоўніка міліцыі. Але ўсе фота былі зробленыя пасля 16 жніўня.

Таксама знойдзенае «даручэнне» Дабрыяніку ад рэдакцыі «Народнай Волі» аб бясплатным распаўсюдзе экзэмпляраў газеты, падпісанае галоўным рэдактарам Сярэдзічам.

Знойдзена некалькі відэаролікаў пра падзеі, якія адбываліся вечарам 16 жніўня і ў іншыя дні, агучаныя каментары Дабрыяніка ў розных сетках. Названы таксама відэаролік Ляпіса Трубяцкога «Грай», знойдзены ў Аляксандра.

Фігуруюць у справе і звесткі з інтэрнэт-крыніцы ПЦ «Вясна» пра спіскі затрыманых 16 жніўня 2020 года.

У справе маецца паведамленне аб тым што Аляксандр 15 верасня 2020 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП.

Прадпрыемства «Мінсктранс» хадайнічала аб далучэнні да справы матэрыяльнага пазову з-за перашкоды ў працы грамадскага транспарту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0