Штаб Бабарыкі: сабралі сем тысяч заявак

Штаб Віктара Бабарыкі казаў пра стварэнне сваёй партыі яшчэ летам мінулага года. Гэтай вясной яны пачалі збор заявак. Цяпер пададзена каля сямі тысяч. З іх 2,5 тысячы — людзі, гатовыя актыўна ўключацца ў працу. Партыя шукае рэгіянальных лідараў.

Палова патэнцыйных членаў партыі — з Мінска. З рэгіёнаў найбольш заявак прыйшло з Віцебшчыны. Дзве траціны — беларусы ад 20 да 45 год. Калі глядзець па прафесіях, то 20% працуюць у сферы ІТ, 16% — у гандлі, 14% — на вытворчасці, 11% — у будаўніцтве.

«Нашым планам было сустрэцца на вялікім з’ездзе ў канцы мая. Аднак праз зразумелыя прычыны гэтага не ўдалося зрабіць, — кажа прэс-сакратар штаба Глеб Герман. — Рэпрэсіі сталі неверагодна высокімі, і нават невялікія сустрэчы, на 15-20 чалавек, не маглі адбыцца.

Спачатку доўга наладжвалі камунікацыю з уладамі, а калі атрымалі згоду, пачалося крушэнне камунікацый, кавідныя абмежаванні… І мы зразумелі, што сустрэча ў горадзе з актывам небяспечная.

Нават калі яна адбудзецца, мы ўсе ведаем, якімі метадамі дзейнічае ўлада — усемагчымыя эпідэмслужбы для тых, хто дасць пляцоўку, пераслед іншых людзей. У цяперашняй сітуацыі мы проста не можам дазволіць сабе гэтую рызыку для патэнцыйных членаў нашай структуры.

Таму, апроч як анлайн, мы не можам працягваць дзейнічаць. У рамках групы ладзім дэбаты, праводзім адукацыйны блок. Лета 2020 года паказала, што людзі вельмі цікавяцца палітыкай — у іх ёсць жаданне не толькі збіраць подпісы і быць назіральнікамі на ўчастках, але і самім удзельнічаць.

Мы акумулюем увесь рэсурс у пераходны перыяд, каб у момант, калі сапраўды можна будзе ўключыцца бяспечна ў палітычнае поле, быць гатовымі. Можа быць, на наступных выбарах».

На рэгістрацыю партыя яшчэ не падавалася.

«Не ўсе гатовы публічыцца. Па законе для рэгістрацыі мы павінны падаць звесткі тысячы людзей, якія ўступілі. Але пакуль мы не гатовы гэта рабіць. Гэта пытанне бяспекі — мы ўжо бачылі пераслед людзей за тое, што яны паставілі подпіс за Віктара Дзмітрыевіча», — кажа Глеб Герман.

Па новым заканадаўстве, верагодна, ствараць партыю змогуць толькі грамадзяне, што жывуць у Беларусі. Ці не стане гэта праблемай для штабу, касцяк якога зараз за мяжой?

«Гэта пытанне не пужае. Увесь час штаб быў гарызантальнай сістэмай, і самае галоўнае для нас — актыў. Наогул партыя — такая структура, што людзі, якія засноўвалі яе, з часам становяцца на другія ролі, бо з рэгіёнаў з’яўляецца шмат харызматычных асоб.

Таму тут не важна, хто засноўвае партыю, важна, якіх каштоўнасцяў яна прытрымліваецца. Упэўнены, што сярод нашага актыву ў Беларусі людзі, гатовыя стаць заснавальнікамі, будуць і праблемы не стане».

Павел Латушка: у сённяшніх рэаліях свабодныя партыі — гэта самападман

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пра стварэнне партыі заяўляў у красавіку. Гэта ідэя дагэтуль актуальная — як праект найбліжэйшай будучыні.

«Увесь еўрапейскі і сусветны досвед паказаў, што партыі — вельмі важны інструмент развіцця для дзяржавы. Таму я выступаю за парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку, калі будуць ажыццяўляцца выбары дэпутатаў перадусім па партыйных спісах. І гэта прадугледжвае, што ўрад фарміруе партыя або кааліцыя, якая перамагае на выбарах. А прэзідэнт мае толькі прадстаўнічыя функцыі.

Фота з архіва НАУ

Фота з архіва НАУ

Калі мы прапанавалі гэты праект і пачалі працу над ім, мы зыходзілі з той сітуацыі, якая існавала на той момант. Яна, канечне, была складаная, але за апошнія месяцы пагоршылася яшчэ больш з пункту гледжання дзейнасці грамадскіх арганізацый, палітычных партый.

Тады размова ішла пра тэарэтычную магчымасць прыняцця новай Канстытуцыі, якая прадугледжвала б якраз фарміраванне парламента ў тым ліку і прадстаўнікамі палітычных партый, якія перамагаюць на выбарах.

Але гэта ідэалістычны сцэнар, і мы наўрад ці можам сабе ўявіць, што дыктатар ва ўладзе будзе гатовы яго рэалізаваць. Таму партыя перадусім задумвалася як праект на будучыню.

На сёння ён захоўвае сваю актуальнасць, бо я як палітык перакананы, што змены адбудуцца, нягледзячы на ўсю складаную сітуацыю ў Беларусі, калі людзі бачаць маштаб рэпрэсій, калі караюць толькі за выхад на вуліцу і кожны крытычны голас у адносінах да ўлады. Але я веру ў будучыню, у якой палітычныя партыі будуць запатрабаваныя.

Мы пачалі распрацоўку стратэгіі, праграмных дакументаў. Гэта праца трохі запаволілася, што звязана, хутчэй, з недахопам чалавечых рэсурсаў, калі мы абсалютна большую частку нашага часу кіруем на тое, каб ціснуць на рэжым, дабівацца змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі», — кажа палітык.

Магчымыя змены ў заканадаўстве ад партыях Павел Латушка ацэньвае цвяроза.

«Зразумела, гэта будзе перашкодай. У сённяшніх рэаліях, калі адбываецца працэс закрыцця 275 пазаўрадавых арганізацый, калі зачынены ўсе праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі,

казаць пра тое, што магчыма свабоднае функцыянаванне палітычных партый, абсалютна нерэальна — гэта самападман. І ўсе гэтыя змены скіраваны якраз на тое, каб стварыць яшчэ горшую сітуацыю для дзейнасці палітычных партый, каб не яны самакіраваліся, а імі можна было кіраваць.

І гэта не праект будучыні — гэта праект мінулага, заняпаду, канцэнтрацыйнага лагеру. Ці патрэбны канцэнтрацыйнаму лагеру партыі? Думаю, кожны адкажа на гэта пытанне «не», бо там ёсць толькі калючы дрот вакол тэрыторыі і распарадак дня ад ахоўнікаў.

Канечне, для нас важна напрацоўваць базу актывістаў. І тут наша праца з рэгіёнамі не перапыняецца. Але мы разумеем і рызыку для ўсіх тых, хто ўзаемадзейнічае па гэтых пытаннях з намі».

Тры партыі пад крылом Васкрасенскага: хочуць перацягнуць цапкалаўцаў і пазнякоўцаў

Некалькі партый анансавалі паплечнікі Васкрасенскага. Адна з іх — «Дэмакратычны саюз», якую ўзначаліў Андрэй Ланкін, былы кіраўнік штаба Валерыя Цапкалы. «Правацэнтрысцкая партыя нацыянальных-інтарэсаў» — так апісваюць яе.

«Цяпер ідзе працэс збору анкет, нефармальныя паездкі па рэгіёнах і чаканне паправак у заканадаўства аб палітычных партыях, каб падавацца на рэгістрацыю.

Наколькі мне вядома, пададзена каля 550 анкет на ўступленне ў партыю, што пакуль недастаткова для мінімальнай колькасці, пазначанай у законе. А каля квота павялічыцца з тысячы да трох, як плануюць зрабіць, то, канечне, працэс прэзентацыі партыі зацягнецца», — кажа Юрый Васкрасенскі.

Змены ў закон аб партыях будуць разглядаць на гэтай парламенцкай сесіі. Будучых партыйцаў набіраюць па былых спісах ініцыятыўных груп штабоў.

«У Магілёве ў нас аснову філіяла складаюць былыя актывісты штабу Ціханоўскай на чале з Сяргеем Тышкаўцом», — дадае Васкрасенскі.

Хто яшчэ ў аргкамітэце партыі? Напрыклад, студэнт юрфака БДУ Павел Гардзяюк, кіраўнік ІТ-кампаніі Аляксандр Казачок, былы памежнік і падпалкоўнік запасу Аляксандр Дзяшко.

Другая партыя — «Новыя людзі» пад кіраўніцтвам бізнэсмена Васіля Галькіна. Сюды хацелі перацягнуць былых бабарыкінцаў — сам Галькін збіраў подпісы за колішняга банкіра.

Напачатку партыю хацелі назваць «Мы разам», нават быў зарэгістраваны сайт myvmeste.by. Але потым вырашылі не капіраваць штаб Бабарыкі і перайменаваліся.

Пакуль партыя сабрала толькі 150 анкет на ўступленне.

Трэцюю партыю хочуць зрабіць нацыянал-патрыятычнай.

«Спрабуем весці працу з гэтымі коламі, напрыклад, з Сяргеем Высоцкім і яго атачэннем, які браў удзел у адным з нашых круглых сталоў. Пакуль перамовы працягваюцца, — кажа Васкрасенскі. — 

Хочам, каб на нашай базе стварылася нацыянал-патрыятычная партыя з беларускамоўнымі актывістамі, які падзяляюць перакананні, напрыклад, Зянона Станіслававіча, які заўсёды змагаўся супраць рэжыму, але ніколі не змагаўся супраць сваёй краіны і цяпер усіх папярэджвае, да чаго прывядуць санкцыі.

Калі саспеюць нацыянальна-патрыятычныя актывісты да стварэння сваёй легальнай арганізацыі ў рамках новай палітычнай рэальнасці, мы дадзім ім усё для гэтага — ад юрыдычнага адрасу, месца збору і да метадычных дапаможнікаў. Альтэрнатывы няма — або будуць такія партыі, або ніякіх».

Самога Пазняка ў партыю не клікалі.

Андрэй Дзмітрыеў: большасць заявак у партыю — з усходу Беларусі

Пра планы стварыць партыю кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заявіў напачатку года. Назва простая — «Наша партыя». Што з ёй цяпер?

«Мы ўлетку правялі анлайн-з’езд, дзе стварылі аргкамітэт. Ён збіраецца штотыдзень, і мы абмяркоўваем задачы, звязаныя з напісаннем праграмы, развіццём нашай структуры. Не магу сказаць, што гэта ўсё ў спрыяльных умовах робіцца, але людзі, якія далучыліся ў свой час да аргкамітэту, не адступаюць і ўпэўнены, што крок будаўніцтва партыі правільны. 

Аргкамітэт — гэта звычайныя людзі, якія вырашылі заняцца палітыкай, бо зразумелі, што, калі будуць стаяць убаку, краіна ніколі не стане той, якой яны б хацелі. Яны не хочуць з’язджаць з Беларусі. Зараз аб’ядноўваемся ў валанцёрскія сеткі па рёгіёнах, думаем пра сацыяльныя інфармацыйныя кампаніі», — расказвае Андрэй Дзмітрыеў.

У «Нашу партыю» запісалася больш за тысячу чалавек. Большасць — з усходніх абласцей: Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай.

«Але мы разумеем, што як толькі людзі адчуваюць, што ёсць рэальная магчымасць на перамены (мы гэта бачылі ў 2020 годзе), то гэтыя лічбы павялічваюцца ў разы», — мяркуе палітык.

Па яго назіраннях, людзі і цяпер гатовы да актыўнасцяў.

«Я выразна бачу, што ў тых, хто ўцягнуты хоць у якую дзейнасць, агульны настрой значна лепшы, чым у тых, хто проста скроліць штодня навіны і чакае нейкага цуду, які павінен усё выправіць. 

Канечне, сітуацыя змянілася. Раней людзі больш гатовыя былі публічна выказвацца. Мы разумеем, што сёння рызыкі могуць прыйсці незразумела адкуль і за што.

Я скажу так: людзей, гатовых займацца палітыкай, паменела за гэты год — гэта звязана і са страхам, і з тым, што многія з’язджаюць. Але калі мы будзем параўноўваць палітызаванасць грамадства сённяшнюю і 2019 года — цяпер яна ўсё роўна ў значнай ступені большая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0