Усевалад Сцебурака. Час, у якім мы гарым

Хто адшукае, хто пазнаходзіць
сённяшні час, што імкліва сыходзіць…
Ці захавае час таямніцу,
тую, што ў ночы бяссонныя сніцца?..

Сніцца цяпер нам
з-за межаў, з-за кратаў,
цьмяным набыткам
і горкаю стратай.

Час, у якім
мы жывём і гарым,
час, што знікае
як водар, як дым.

Дзе яго месца
ў архіве стагоддзяў?
Ці пажылі-патрывалі,
і годзе?

Ці перакрочылі,
ці на мяжы?
Ты адчуваеш? —
Ты мне скажы.

Антон Рудак. Кулінарныя тэхнікі

яе клікалі валькірыя валерыя
а яго ўсе звалі дыназаўр дзяніс
яны выраслі на ўскраіне імперыі
і абое не заспелі камунізм

ён хацеў яе вадзіць у кафетэрыі
як рамантык а не сраны праграміст
ды навокал іх былі адно аўстэрыі
з сушы-барамі ды рэстаран кухмістр

яе клікалі вампіркаю вікторыяй
ён вядомы быў як ваўкалак алег
нават блыталі іх часам некаторыя
з першай параю згаданых тут калег

ён хацеў каб прыпынілася гісторыя
запаволіў час свой хуткаплынны бег
ды навокал абступалі якіторыі
з прафітролямі ды беспрасветны свэг

Ніна Лістота. Скрозь Беларусь

Я раскажу,
як мы ехалі
скрозь Беларусь.
Як вабіў
халодны і дзікі
бляск магістралі.
Як бачылі тых,
каго зусім не чакалі.
І не пачулі
тых, каго варта
пачуць.

Спыніліся непадалёку
ад самай мяжы.
Бяздоннае возера
злева. А справа:
агні і залева.
Гаворыш ты:
«Не дрыжы.
Хадзем на запраўку».
Дзве кавы ў пластыкоўках
і два чызкейкі —
сядаем на лаўку,
і дыхаць ужо вальней.

— А вунь чарада
паляцела
дзяцей беспрытульных
у вырай.
— Што, дзеці ўмеюць лятаць?
— Відаць.

Вось весткі
з палону,
з тваёй кішэні
адзін за адным
пасыпаліся лісты.
— Як добра,
што там не ты.
— І што там не ты…
Мы проста патрэбны
адно аднаму
да нематы,

да хрыпаты…

Наперадзе вырай.
А ззаду бяздонне
любімай, сіняй вады.
— Ці гатовы ты?..
— Ці хопіць сіл у цябе?..
Застываем тут,
пад ліхтарамі неба.
— Вяртацца? Куды?
— Хіба што к самім сабе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?