Арганізатары тура ўзялі за аснову схільнасць пасажыраў драмаць у грамадскім транспарце. «Калі мы абмяркоўвалі ідэі новых тураў, я ўбачыў у сацыяльнай сетцы пост сябра, які скардзіўся на тое, што настолькі нерваваўся на працы, што не мог нармальна спаць па начах у ложку, але выдатна засынаў у аўтобусе», — кажа Кэнэт Конг, менеджар арганізацыі ulu travel, якая распрацавала маршрут.

Цана паездкі ў двухпавярховым аўтобусе вар'іруецца ад $13 да $51 у залежнасці ад набытага месцы. Усім пасажырам выдаюць маскі для сну і берушы, каб нішто не адцягвала ад адпачынку. Упершыню Sleeping Bus Tour пратэставалі 16 кастрычніка — усе квіткі на рэйс былі распрададзеныя. Некаторыя пасажыры прынеслі з сабой уласную коўдру, тэпцікі і дарожную падушку.

«Людзям у Ганконгу не хапае часу на сон, і даводзіцца знаходзіць для гэтага іншыя магчымасці, напрыклад падчас штодзённай паездкі на працу ў грамадскім транспарце. У выніку ў некаторых пасажыраў ён пачынае асацыявацца са сном. Вось чаму ім лягчэй расслабіцца ў аўтобусе», — кажа доктар Шырлі Лі.

Нягледзячы на тое, што асноўная мэта тура — адпачынак у салоне, аўтобус таксама спыняецца ў маляўнічых месцах, дзе ўдзельнікі тура могуць зрабіць фота.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?