У 27-гадовага Іллі Дзярагіна 23 кастрычніка скончыўся трохмесячны арышт, які ён адбываў у бабруйскім СІЗА-5. Дзярагіна абвінавацілі ў тым, што ў стане алкагольнага ап’янення 16 красавіка 2021 года ў тралейбусе неаднаразова выказаў рэзкую і негатыўную ацэнку асобы Аляксандра Лукашэнкі, якая нанесла шкоду ягонаму гонару і годнасці і была накіраваная на падрыў ягонага аўтарытэту (арт. 368 КК). 23 ліпеня Іллю асудзілі да трох месяцаў арышту і ўзялі пад варту ў зале суда.

23-гадовы жыхар Дрыбіна Дзмітрый Краўцоў на волю выйшаў 24 кастрычніка. Хлопца асудзілі на тры месяца арышту за абразу дзяржаўнага сімвала (арт. 370 КК). Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала тое, што ён разам з іншай фігуранткай справы на сваім Youtube-канале «з мэтай надання свайму каналу папулярнасці і дэманстрацыі свайго блюзнерскага стаўлення» перайначылі графічную выяву дзяржаўнага герба. Атрыманы графічны малюнак абвінавачаныя выкарыстоўвалі пасля ў якасці лагатыпа Tеlеgгаm- і Youtube-каналаў, а таксама ў відэароліках, якія яны загрузілі на свой канал. Сваё пакаранне Краўцоў адбываў у ваўкавыскай калоніі №11.