Anadolu

У мінулую суботу Эрдаган абвясціў, што загадаў Міністэрству замежных спраў абвясціць персонамі нон грата паслоў Канады, Францыі, Фінляндыі, Даніі, Германіі, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Нарвегіі, Швецыі і ЗША, якія раней выступілі з заклікам да Турцыі вызваліць праваабаронцу і філантропа Асмана Кавалу, піша Бі-бі-сі.

У панядзелак амбасады ЗША і іншых краін заявілі, што трымаюцца артыкула 41 Венскай канвенцыі аб неўмяшанні ва ўнутраныя справы іншых краін. Пасля гэтага турэцкі прэзідэнт заявіў, што паслы «надалей будуць больш уважлівыя і асцярожныя ў сваіх заявах аб Турцыі».

«Заявы групы паслоў былі накіраваныя непасрэдна супраць нашай краіны і нашага суверэнітэту. Ніхто не зможа заставацца ў Турцыі, калі ён не будзе паважаць нашу краіну», — заявіў Эрдаган.

64-гадовы Асман Кавала — турэцкі бізнэсмен, філантроп і праваабаронца. Улады абвінавачваюць яго ў датычнасці да спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе.

У лютым 2020 года Кавала быў апраўданы судом па справе аб пратэстах 2013 года, але на волю так і не выйшаў.