Далей — яшчэ цікавей. 65% беларусаў мараць, каб сённяшнія ўлады пачалі перамовы з апазіцыяй.

Большая частка апытаных таксама выступае за пераход да парламенцкай рэспублікі і пры гэтым — супраць аб’яднання Беларусі і Расіі ў адзіную дзяржаву.

76% суайчыннікаў хацелася б бачыць рашучыя рэформы ў галіне эканомікі, а 66% — з'яўленне новых палітычных партый. 

Рэспандэнты выказалі адназначнае «не» блакіроўцы незалежных медыя і арыштам журналістаў, а таксама асуджэнню Віктара Бабарыкі на 14 год калоніі. 

Лепш за ўсё, згодна з апытаннем сімпатый да дзяржаў і арганізацый, беларусы ставяцца да Украіны. Расія ў рэйтынгу прыязнасці падзяляе другое месца з Польшчай. Амаль адразу пасля іх ідуць ЕС, Літва і толькі потым Кітай.

Што тычыцца замежных палітыкаў, то найбольшая сімпатыя ў апытаных — да Ангелы Меркель, а горшы рэйтынг — у прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Першапачаткова да даных зліваў некаторыя паставіліся як да фэйкавых, але ВЦІОМ не абвергнуў іх наяўнасць. Гэта афіцыйна кажа, што, хутчэй за ўсё, апытанне сапраўды мела месца. Хоць цэнтр і не мае ліцэнзіі на правядзенне палітычных апытанняў у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота.

У каментары «Новай газеце» дырэктар ВЦІОМ Валерый Фёдараў адзначыў, што праводзіць апытанні ў Беларусі без акрэдытацыі небяспечна, але на пытанне СМІ пра рэальнасць злітых даных напрамую так і не адказаў.

На прамую просьбу «Нашай Нівы» пракаментаваць гэты зліў у цэнтры адрэагавалі коратка: «Мы не даём каментароў па дадзеным пытанні».

«Апытанне абразлівае для Лукашэнкі. Ён успрыняў яго як атаку з боку Крамля»

Палітычныя аналітыкі сыходзяцца ў тым, што падстаў не давяраць рэальнасці праведзенага апытання няма.

«Не сумняваюся, што ВЦІОМ праводзіў гэта апытанне. Бо і брытанскі Chatham House правёў апытанне, і амерыканскі IRI. Усе апытанні — гэта заўсёды закрытая інфармацыя, яны не публікуюцца ў адкрытым доступе. Але ўсе яны з’яўляюцца на стале ў Лукашэнкі. І мне падаецца, уцечку даклада ВЦІОМ (няважна, хто гэта зрабіў насамрэч), Лукашэнка і яго апарат прыпісваюць намерам Крамля», — лічыць палітолаг, эксперт iSANS Аляксандр Марозаў.

Менавіта з гэтым злівам палітолаг звязвае нападзенне на Пуціна з экранаў беларускага тэлебачання.

«На мой пагляд, словы Яўгена Пуставога звязаныя не з палемікай вакол затрымання журналіста «Камсамольскай праўды» Генадзя Мажэйкі, а з публікацыяй зліву. Гэта апытанне абразлівае для Лукашэнкі. Ён успрыняў яго як атаку з боку Крамля, як канкрэтны пасыл.

А пасыл у тым, што Лукашэнка карыстаецца меншай падтрымкай, чым Калеснікава, Бабарыка, Ціханоўская (і нават чым замежныя лідары). У адказ на гэта прапаганда і запусціла сустрэчную стралу, на мой погляд. Хоць потым Пуставы і яго калегі зрабілі «нявінныя твары»: маўляў, гэта не пра Крэмль мы, а пра Байдэна», — каментуе Марозаў.

Пры гэтым эксперт адзначае: не першы раз Мінск і Крэмль абменьваюцца такімі «калючасцямі» напярэдадні чарговых перамоў Пуціна і Лукашэнкі. І абодва бакі прызвычаіліся, што «інфармацыйныя наезды» — частка палітычнага гандлю.

Ілюстрацыйнае фота.

«Апытанне аслабляе пазіцыі беларускага рэжыму, агаляе ўразлівыя месцы»

Палітолаг, дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі звяртае ўвагу: вельмі важна, што даныя сыходзяць ад расійскага цэнтра. На даследаванні заходніх інстытуцый кшталту Chatham House ці апытанні ў Telegram прапаганда магла рэагаваць адмаўленнем кшталту: «За апытаннямі стаяць варожыя заходнія цэнтры, якія вядуць інфармацыйную вайну з Беларуссю і яе законнымі ўладамі». Што тычыцца меранняў рэйтынгаў унутры краіны, то тут гадамі выдаваліся патрэбныя рэжыму лічбы: і ЦВК з Ярмошынай, і EcooM.

«ВЦІОМ — гэта зусім іншая гісторыя. Гэта не заходні цэнтр, а расійскі. І нават не прыватны, а дзяржаўны. Больш за тое, ён карыстаецца немалым аўтарытэтам як унутры Расіі, так і на міжнароднай арэне. І менавіта пад брэндам гэтага цэнтра, хай сабе ў якасці «ўцечкі ў СМІ», фігуруюць злавесныя лічбы: Лукашэнку не падтрымлівае 55%», — каментуе Рудкоўскі.

Палітолаг адзначае, што для адносінаў беларускіх уладаў і Крамля гэты казус з уцечкай — кропля ў моры. Але і ў яе ёсць сэнс:

«Яна аслабляе пазіцыі беларускага рэжыму, агаляе ўразлівыя месцы. Калі ўявіць, што гэта быў санкцыянаваны зверху зліў, то, відаць, гэта быў напамін пра непазбежнасць транзіту пасля канстытуцыйнай рэформы. З такім высокім негатыўным рэйтынгам няма сэнсу марыць пра захаванне вярхоўнай палітычнай улады».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?