Што здарылася?

Кітайскія ўлады заўсёды глядзелі на крыптавалюты з падазрэннем, але раней яны ніколі не лічыліся незаконнымі. 24 верасня Кітай канчаткова закруціў гайкі лічбавым актывам, забараніўшы ўсе транзакцыі з крыптавалютамі і іхні майнінг. Робіцца гэта, нібыта, з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, для «падтрымання эканамічнага, фінансавага і сацыяльнага парадку» і для бяспекі актываў грамадзян.

Забароненыя абмен, купля і выпуск віртуальных валют, а таксама праца з адпаведнымі дэрыватывамі і ф'ючэрсамі. Замежным кампаніям таксама забаронена прадастаўляць гэтыя паслугі жыхарам Кітая. Забаронена прадастаўленне інфармацыі (уключаючы паслугі па цэнаўтварэнні і тэхнічную падтрымку) для віртуальнай валюты. Фінансавым установам забаронена прадастаўляць паслугі для крыптавалют, уключаючы адкрыццё рахункаў, пераводы сродкаў і іншыя дзеянні, якія палягчаюць выкарыстанне крыптавалют. Інтэрнэт-кампаніям і вэб-сайтам таксама забаронена прымаць плацяжы ў крыптавалютах. Таксама забароненая рэклама крыптавалют з адпаведнымі ключавымі словамі.

Кітайскі цэнтральны банк заявіў, што віртуальныя валюты не з'яўляюцца законнымі, не павінны і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці плацежнага сродку. Яны не маюць такога ж прававога статусу, як фіатныя валюты (такія як юань, іена, долар, еўра і іншыя), дадаў цэнтральны банк, паколькі яны выпускаюцца дэцэнтралізавана з выкарыстаннем тэхналогіі шыфравання.

Для грамадзян Кітая забаранілі нават транзакцыі праз афшорныя біржы. Улады заявілі, што кітайскія супрацоўнікі афшорных крыптабірж або любых кампаній, якія прадстаўляюць ім паслугі, будуць прыцягвацца да адказнасці.

Парушальнікі, папярэдзіў цэнтральны банк, будуць «прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з законам».

Нацыянальная камісія па развіцці і рэформах і 10 іншых органаў улады выпусцілі цыркуляр для кітайскіх мясцовых органаў улады аб тым, як згарнуць дзейнасць па здабычы крыптавалют у сваіх раёнах. Дзяржаўныя агенцтвы абвясцілі аб новых сістэмах для маніторынгу крыптапагроз і заявілі, што яны паступова пачнуць закрываць усе аб'екты крыптаздабычы ў краіне.

Такім чынам Кітай далучыўся да спісу краін, у якіх крыптавалюты забароненыя, альбо іхняя дзейнасць абмежаваная (Егіпет, Інданезія, Непал і іншыя).

Фота Goodfreephotos.

Фота Goodfreephotos.

Што было да гэтага?

Кітай спрабуе абмежаваць выкарыстанне крыптавалют ужо больш за восем гадоў. Да гэтага захады па барацьбе з імі з боку кітайскага ўрада былі паэтапным і сімвалічнымі. За ўсе апошнія гады пастаянныя выказванні кітайскіх рэгулятараў пра забарону біткойна сталі нават інтэрнэт-мемам, бо на практыцы біткойн працягваў актыўна выкарыстоўвацца кітайцамі. Але вераснёўскія рашэнні рэгулятараў гавораць пра тое, што жарты скончыліся, Кітай узяўся за справу сур’ёзна.

У Кітай першае абмежаванне біткойна з’явілася ў 2013 года, калі банкам забаранілі апрацоўваць транзакцыі з выкарыстаннем крыптавалюты. У 2017 годзе ўлады закрылі мясцовыя крыптавалютныя біржы, вымусіўшы кітайцаў перайсці на афшорныя.

Да ліпеня 2018 года 88 платформаў для гандлю віртуальнай валютай і 85 платформаў ICO былі выведзеныя з рынку.

Гандаль крыптавалютамі быў афіцыйна забаронены з 2019 года, але працягваўся таксама праз замежныя афшоры.

Сёлета, яшчэ да вераснёўскай забароны, Пекін забараніў фінансавым установам прапаноўваць крыптапаслугі, а таксама майнінг біткойнаў. У маі кітайскія дзяржаўныя органы папярэдзілі пакупнікоў, што ў іх не будзе абароны падчас гандлю біткойнамі і іншымі крыптавалютамі, паколькі чыноўнікі паабяцалі ўзмацніць ціск на галіну. У чэрвені яны загадалі плацежным платформам спыніць транзакцыі з крыптавалютамі.

Фота publicdomainpictures.net

Фота publicdomainpictures.net

Абмежаванні, прынятыя кітайскім урадам 24 верасня, з’яўляюцца лагічным працягам ранейшых. Калі раней абмежаванні тычыліся ў першую чаргу прадпрыемстваў, то цяпер яны закранаюць дзейнасць фізічных асоб. Кітай закрывае апошнія шчыліны і знішчае гандаль крыптавалютамі ва ўсіх яго формах.

Чаму Кітай на гэта пайшоў?

Такія дзеянні кітайскіх уладаў зусім не азначаюць, што яны выступаюць агулам супраць любых крыптавалют ці тэхналогіі блокчэйна. Наадварот, Народны банк Кітая збіраецца выпусціць сваю уласную валюту, так званы «лічбавы юань». У адрозненне ад біткойна, «лічбавы юань» не будзе мець ніякай ананімнасці ці дэцэнтралізацыі, і яго кошт будзе стабільным, адпавядаць звычайнаму фізічнаму юаню. Кітай стане першай краінай, якая выпусціць такую электронную валюту.

Кантраляваная дзяржавай лічбавая валюта дазволіць аўтарытарнаму Кітаю збіраць даныя і сачыць за паўсядзённымі транзакцыямі сваіх грамадзян. Таксама гэта палегчыць ураду кантроль над сродкамі фізічных асоб.

Біткойн і тэхналогія блокчэйн ствараліся, каб людзі ва ўсім свеце, у тым ліку ў недэмакратычных краінах, маглі атрымаць незалежны ад урадаў, банкаў і спецслужб сродак аплаты. Але аўтарытарны Кітай умудрыўся выкарыстаць гэтую тэхналогію з дыяметральна супрацьлеглай мэтай: устанавіць дзяржаўную манаполію на плацяжы, яшчэ больш узмацніць кантроль над сваім грамадствам і кантраляваць усе грашовыя патокі. З пункту гледжання Пекіна, дапускаць суіснаванне лічбавага кітайскага юаня з любым іншым віртуальным актывам не мае сэнсу.

Кітай хоча кантраляваць усё, не толькі пераводы на рахункі палітычных дысідэнтаў ці грамадскіх актывістаў, але і эканамічную актыўнасць звычайных грамадзян. Біктойн яму ў гэтым моцна перашкаджаў, Кітаю не падабаецца сама ідэя аб тым, што патокі ўплыву і грошай выходзяць за рамкі кампетэнцыі кітайскіх рэгулятараў. А вось «лічбавы юань» створыць новыя магчымасці для кітайскага аўтарытарызму.

Каля 60 цэнтральных банкаў распрацоўваюць або разглядаюць магчымасць выпуску лічбавых валют, але ніводны з іх не прасунуў свае планы так далёка, як Кітай. Кітай апярэджвае канкурэнтаў сама меней на некалькі гадоў.

Фота Flickr

Фота Flickr

Таксама кітайскі ўрад разглядае біткойн як нестабільную інвестыцыю, якая яшчэ выкарыстоўваецца і для адмывання грошай. На думку рэгулятараў, спекулятыўны гандаль біткойнамі «пагражае бяспецы ўласнасці людзей і парушае нармальны эканамічны і фінансавы парадак». Гандаль віртуальнай валютай спрыяе росту азартных гульняў, махлярства, дзейнасці фінансавых пірамід. Такім чынам, забарона крыптавалюты неабходная для падтрымання сацыяльнай стабільнасці і нацыянальнай бяспекі.

Усе апошнія гады кітайскія ўлады імкнуцца ачысціць фінансавы рынак ад рызык, пра што сведчыць не толькі забарона біткойна, але і абмежаванне дзейнасці кітайскіх фінтэх-гігантаў, такіх як Ant Group, а таксама спроба астудзіць спекулятыўную бурбалку на рынку нерухомасці. Чыноўнікі баяцца, што з дапамогай біткойна можна забяспечыць просты спосаб вываду грошай з Кітая, патэнцыйна павялічваючы адток капіталу.

Чытайце таксама:
Кітайскі забудоўшчык Evergrande можа справакаваць новы сусветны эканамічны крызіс. Расказваем, якім чынам

Крыптавалюты выкарыстоўваюцца для абыходу абмежаванняў на трансгранічныя фінансавыя патокі. У 2015-16 гадах, калі Кітай спрабаваў спыніць масавы адток капіталу і рэзкае абясцэньванне валюты, попыт на біткойн унутры Кітая рэзка ўзрос, паколькі людзі выкарыстоўвалі яго, каб вывесці грошы з краіны.

Нацыянальныя ўрады і цэнтральныя банкі вялікіх краін усё больш асцерагаюцца таго, што крыптавалюты дэстабілізуюць іх фінансавыя сістэмы. Перспектыва таго, што хатнія гаспадаркі накіруюць свае зберажэнні ў крыптаактывы, выклікаўшы спекулятыўную бурбалку, выклікае ў іх непакой. 

Таксама кітайскім уладам не падабаецца, што майнінг — вельмі энергазатратная дзейнасць, якая вядзе на вялікіх выкідаў CO2. У той час як уклад галіны ў нацыянальную эканоміку маленькі, а ўплыў на прамысловае развіццё і навукова-тэхнічны прагрэс абмежаваны. 

Дзякуючы нізкім выдаткам на электраэнергію і таннаму камп’ютарнаму абсталяванню, Кітай доўгі час быў адным з галоўных цэнтраў здабычы лічбавых грошай. Кітайскія майнеры штогод спажывалі электраэнергіі больш, чым ва ўсіх Нідэрландах. Крыптаздабыча выклікала ўсплёск незаконнай здабычы вугалю. Гэта ідзе ў разрэз з планамі Кітая зменшыць выкіды CO2 у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі з экалагічных і кліматычных меркаванняў і стаць сусветным лідарам у галіне зялёнай энергетыкі. Краіна плануе да 2060 года скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу да нуля.

Таксама Кітай перажывае апошнія месяцы моцны энергетычны крызіс, што робіць выкарыстанне электраэнергіі для майнінгу марнаваннем карыснага рэсурсу. 

Што адбываецца далей?

Кітай па-ранейшаму робіць усё магчымае для актыўнага прасоўвання тэхналогій блокчэйна. 24 верасня, у дзень татальнай забароны біткойна, лідар Кітая Сі Цзіньпін выступіў з прамовай, у якой зрабіў акцэнт на навукова-тэхнічных інавацыях. Ён хоча, каб Кітай быў лідарам у галіне інтэрнэту рэчаў, штучнага інтэлекту, блокчэйна. Кітайскі ўрад вельмі засяроджаны на рэальных тэхналагічных інавацыях, а не на гандлёва-фінансавых аспектах блокчэйна і крыптаграфіі.

У адрозненне ад мінулых забарон, цяперашняя з’яўляецца татальнай і ўсеабдымнай. Але да канца не ясна, які ўплыў яна будзе мець на крыптаіндустрыю. Рэч у тым, што Кітай гістарычна быў домам для вялікіх крыптабірж (Binance, Huobi і іншыя). Яны маюць штаб-кватэры ў розных краінах, а гэта азначае, што новыя кітайскія законы наўрад ці цалкам перашкодзяць ім функцыянаваць.

Не да канца зразумела, ці зможа Кітай знайсці і караць платформы і людзей, якія будуць працягваць працаваць незаконна. Імаверна, кітайскія біржы будуць сыходзіць у афшоры, наймаць праграмістаў на тэрыторыях, непадкантрольных кітайскаму ўраду. Напрыклад, Сінгапур, азіяцкі фінансавы цэнтр, можа стаць ціхай гаванню для кітайскіх трэйдараў. Альбо еўрапейскія Амстэрдам і Франкфурт.

Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць абмежаванняў, сярод экспертаў сустракаюцца і скептыкі. Кітай ужо ўводзіў з 2013 года шмат абмежаванняў, але яны так і не знішчылі крыптаіндустрыю краіны да канца.

Для звычайнага чалавека, які жыве за межамі Кітая і мае ўласныя біткойны, наўрад ці нешта зменіцца. Малаімаверна, што Кітай зможа кантраляваць крыптавалюту. Біткойн і многія іншыя крыптавалюты арганізаваныя такім чынам, што ніякая дзяржава не зможа блакаваць транзакцыі. 

Некаторыя эксперты мяркуюць, што забарона крыптавалют у Кітаі прывядзе да іхняга больш актыўнага развіцця ў ЗША і Еўропе. Аднак у гэтых краінах таксама існуюць строгія правілы. Заходнія краіны таксама настроеныя на ўвядзенне нарматыўных актаў, якія могуць увесці новыя падаткі і прымусіць паведамляць аб буйных транзакцыях. Таксама яны хочуць зменшыць магчымасць выкарыстання ананімных крыпта-кашалькоў. Але ўсё роўна рэгуляцыя заходніх краін не будзе такой жорсткай, як у Кітаі. Забарона крыптавалют у Кітаі з’яўляецца магчымасцю для заходніх больш свабодных рынкавых эканомік ўзяць на сябе вядучую ролю ў гэтай галіне, і перацягнуць да сябе кітайскіх праграмістаў і тэхналагічных інаватараў.

ЗША ўжо абагналі Кітай і сталі галоўным майнінгавым цэнтрам свету. Доля Кітая ў магутнасці камп'ютараў, падлучаных да глабальнай сеткі біткойна (так званая «хуткасць хэшавання») звалілася да нуля з 44% у маі і да 75% у 2019 годзе. На Злучаныя Штаты цяпер прыпадае найбольшая доля майнінга, каля 35,4% на канец жніўня (рост больш чым у 7 разоў). За ЗША ідуць Казахстан і Расія.

Гэтыя краіны цікавыя майнерам праз нізкія выдаткі на электраэнергію і халаднаваты клімат. Губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў адзначыў імклівы рост тарыфаў на электраэнергію, абвінаваціўшы ў гэтым кітайскіх майнераў, што перавезлі сваё абсталяванне ў Расію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0