Карбалевіч: «Гэта не ёсць змена стаўлення Масквы да беларускай апазіцыі»

Як мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч, гэта адзін з элементаў канфлікту паміж Мінскам і Масквой, які разгарэўся апошнім часам. 

Валер Карбалевіч. Фота: dw.com

Валер Карбалевіч. Фота: dw.com

«Гэты канфлікт выйшаў у публічную прастору. Тут і гісторыя з «Камсамольскай праўдай», і непрыезд Пуціна на саміты Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД у Мінск, і адсутнасць сустрэчы Лукашэнкі з Лаўровым, калі той быў у Мінску, і зліў сацыялагічнага апытання, праведзенага ВЦІОМ у Беларусі, апытання, вельмі непрыемнага Аляксандру Лукашэнку, і асабісты выпад беларускага тэлебачання супраць Пуціна.

Інтэрв’ю Ціханоўскай проста ўдар у адказ. Гэта не ёсць змена стаўлення Масквы да беларускай апазіцыі — гэта проста каб нашкодзіць Лукашэнку, зачапіць яго», — лічыць эксперт. 

Самастойнасць «Эха Москвы» як медыя ён называе адноснай, таму з’яўленне там у эфіры Ціханоўскай не можа быць выпадковым.

«Бо вядома, хто з’яўляецца гаспадаром гэтага рэсурсу — «Газпрам». Гэта дазволеная апазіцыйнасць. Праз гэты рэсурс Крэмль злівае заявы, якія не хацеў бы рабіць наўпрост.

Той жа Венедыктаў агучвае нейкія рэчы, пра якія думаюць у Крамлі, але не гатовы гэта публічна сказаць. Таму тое, што інтэрв’ю з’явілася менавіта ў гэты момант абвастрэння адносін, не проста так, гэта было ўзгоднена з Крамлём», — разважае Валер Карбалевіч.

Казакевіч: «Гэта можа быць вельмі трывожным знакам для Лукашэнкі»

У інтэрв'ю «Салідарнасці» дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч кажа, што адзін з важных пасылаў у размове быў адрасаваны Крамлю.

Андрэй Казакевіч. Фота euroradio.fm

Андрэй Казакевіч. Фота euroradio.fm

«Адзін з адказаў Ціханоўскай, які ўсе абмяркоўваюць, аб тым, што Пуцін можа быць пасярэднікам у перамовах паміж рэжымам Лукашэнкі і дэмакратычным грамадствам Беларусі.

Пры гэтым яна адзначыла, што Расія можа выступіць пасярэднікам і гарантам вырашэння крызісу, як і іншыя краіны, — гаворыць эксперт. —

Але сама гатоўнасць прызнаць Пуціна ў якасці пасярэдніка — гэта быў правільны меседж, улічваючы тое, што цяпер у адносінах Крамля і афіцыйнага Мінска ўзнікла некаторая напружанасць. Я думаю, ён будзе заўважаны».

Рэакцыя на гэты меседж, на яго думку, можа стаць дадатковым рычагом у руках Крамля ў адносінах да Лукашэнкі.

«Гэта можа быць вельмі трывожным знакам для Лукашэнкі. Масква можа гэтым сказаць, што, калі ў далейшым у іх будуць праблемы ў дасягненні якіх-небудзь дамоўленасцей, у іх ёсць такі рэсурс — магчымасць камунікацыі з апазіцыйнымі сіламі, чаго, вядома, беларускім уладам хацелася б пазбегнуць, — лічыць эксперт. — Пазіцыя Лукашэнкі і беларускіх уладаў палягае ў тым, каб цалкам ігнараваць наяўнасць нейкіх унутраных палітычных сіл.

І Лукашэнка ўсё робіць для таго, каб усе пытанні вырашаліся толькі праз яго. Гэта тычыцца не толькі Масквы. Мы бачым, як Лукашэнка дэманструе сваю пазіцыю ў міграцыйным крызісе. Маўляў, размаўляць трэба са мной, на роўных, і ніякіх кантактаў з ягонымі апанентамі.

Кантакт Крамля з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — гэта, сапраўды, тое, чаго Лукашэнка вельмі баіцца. Думаю, каб гэтага пазбегнуць, ён сапраўды гатовы будзе нават пайсці на нейкія саступкі Крамлю.

Канешне, усе карты 4 лістапада ён не падпіша, але па асобных пытаннях, магчыма, дамовіцца стане прасцей. Можна сказаць, што ў расійскага боку з'явіўся пэўны рычаг ціску на Лукашэнку. Як яны стануць яго выкарыстоўваць, у якую гульню далей будзе гуляць Крэмль, убачым».

Чытайце таксама:

«Пакуль асцерагаюся ехаць у Расію» — Ціханоўская дала інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы»

Якія наступствы будзе мець апытанне, якое паказала, што рэйтынг Лукашэнкі меншы, чым у Ціханоўскай, Бабарыкі і Калеснікавай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0