Словы падзякі ад Максіма перадала яго жонка і адвакат:

— За кожным тыранам у гісторыі стаялі адвакаты, пракуроры і суддзі, якія апраўдвалі яго кіраванне і каралі яго праціўнікаў за іх неіснуючыя злачынствы, — цытавала мужа Надзея Знак. — Забываючы пра дух закона, юрысты адчыняюць скрыню Пандоры, якая з часам іх і паглыне. Махлярства з законам заўсёды мае свае наступствы. Я заклікаю ўсіх нас, юрыстаў, прыняць вядомае залатое правіла і заўсёды разглядаць закон і справядлівасць як нашу першачарговую мэту, а не як інструмент. Для мяне вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду, і я зраблю ўсё магчымае, каб ёй адпавядаць.

Лаўрэатка прэміі Людміла Казак падчас сваёй прамовы адзначыла важнасць міжнароднага прызнання:

— Ва ўмовах рэпрэсій і адсутнасці легальных механізмаў абараніць сваіх калег нам вельмі важная падтрымка сусветнай юрыдычнай супольнасці. Я падзяляю гэтую ўзнагароду з усімі маімі калегамі, якія, нягледзячы ні на што, абаранялі, працягваюць і, я ўпэўненая, працягнуць абараняць беларусаў і адстойваць прынцыпы прафесіі адваката.

Міжнародная асацыяцыя юрыстаў (IBA) была заснавана ў 1947 годзе і з'яўляецца самай прэстыжнай асацыяцыяй адвакатаў, міжнародных юрыстаў-практыкаў, асацыяцый адвакатаў і юрыдычных таварыстваў. На гэты момант у IBA ўваходзіць больш за 80 000 індывідуальных юрыстаў і 190 асацыяцый адвакатаў і юрыдычных таварыстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0