«Хацеў прышчапіцца кітайскай вакцынай VeroCell, але ў маёй мінскай 25-й паліклініцы некалькі тыдняў таму яе не аказалася. Тады мне казалі, што вакцына засталася толькі для тых, каму патрэбна другая доза. Прыйшлося прышчапіцца расійскім «Спутнікам», — расказаў Павел з Мінска. — У сваякоў з Оршы падобная гісторыя.

Там яны прышчапіліся кітайскай вакцынай, а калі прыйшлі праз некалькі тыдняў па другую дозу, ім адказалі, што вакцыны няма, трэба чакаць месяц, пакуль прыйдзе новая партыя».

Фота: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

Фота: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

Аналагічную гісторыю расказаў і чытач з Мінска. Па яго словах, кітайская вакцына засталася толькі ў адным мінскім шпіталі.

«Прапануюць прышчэплівацца «Спутнікам», — канстатаваў ён.

З аналагічнай сітуацыяй сутыкаюцца многія беларусы. Так, журналісты Onliner сёння праехаліся па пунктах вакцынацыі ў Мінску і не знайшлі ні ў адным кітайскай вакцыны. У некаторых пунктах на дзвярах вісяць аб’явы «Кітайскай вакцыны няма».

Да гэтага пра адсутнасць кітайскай вакцыны пісаў і партал dev.by. Праграміст з расійскім грамадзянствам спрабаваў атрымаць прышчэпку ад каранавіруса. Па яго словах, застаўся толькі «Спутнік» за 140 рублёў, а кітайскай VeroCell за 250 рублёў няма.

Колькі доз кітайскай вакцыны патрапіла ў Беларусь?

Прышчапляць беларусаў кітайскай вакцынай VeroCell пачалі з сакавіка бягучага года. Як паведамляла Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 15 сакавіка ў краіну паступіла 100 тысяч доз вакцыны. Ёй спачатку прышчаплялі медыкаў.

18 мая Беларусь атрымала яшчэ 300 тысяч доз вакцыны бясплатна ў межах гуманітарнай дапамогі. А ўжо 9 верасня — 1,5 мільёна доз, з якіх 500 тысяч былі бясплатнымі.

Афіцыйна: «Праблем з кітайскай вакцынай няма, яна накіравана цяжарным»

Сёння міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч заявіў, што цяпер у абароце ў Беларусі знаходзіцца 800 тысяч доз розных вакцын. Праўда, колькі з іх кітайскіх, невядома.

«На гэтым тыдні чакаецца паступленне яшчэ адной партыі (верагодна, гаворка пра вакцыну «Спутнік V» — заўв. «НН»), а на наступнай — вялікай партыі кітайскай вакцыны, — адзначыў міністр. — Што тычыцца кітайскай вакцыны, то яна ў большай ступені накіраваная на вакцынацыю цяжарных і кормячых маці. Яна ёсць і накіраваная ў рэгіёны. Праблем з кітайскай вакцынай няма».

Колькі доз вакцыны прыляціць у наступнай партыі, міністр не ўдакладніў.

Першая цяжарная жанчына, якая прышчапілася. Фота: zviazda.by

Першая цяжарная жанчына, якая прышчапілася. Фота: zviazda.by

Між тым, сапраўды, у інструкцыі да расійскай вакцыны напісана, што цяжарных жанчын ёй вакцынаваць нельга. Для імунізацыі будучых мам рэкамендавана VeroCell.

Галоўны доктар 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Заводскага раёна Наталля Мысліўчык расказала агенцтву «Мінск-Навіны», што ў Мінску VeroCell будуць ужываць выключна для вакцынацыі цяжарных.

«У сталіцы гэты прэпарат паступіць ва ўстановы аховы здароўя выключна для вакцынацыі цяжарных, бо іншыя антыкаранавірусныя вакцыны, дазволеныя да ўжывання ў Беларусі, ім не падыходзяць», — адзначыла яна.

Колькі ў Беларусі цяжарных? Па звестках на 23 кастрычніка, у краіне было прышчэплена 400 цяжарных. Гэта склала 2,5% ад патрэбнай колькасці, адзначаў галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка. То-бок, усяго плануюць прышчапіць 16 тысяч цяжарных. Дык што з астатнімі дозамі?

Пакідаюць прышчэпку для расіян?

Між тым актыўна распаўсюджваюцца чуткі, што частку кітайскай вакцыны прыхавалі для расіян. Чаму? Рэч у тым, што ў Расіі выкарыстоўваецца толькі два тыпы вакцын — «Спутнік V» і EpiVacCorona.

Але для паездак у Кітай патрэбна менавіта кітайская вакцына VeroCell. Пры чым няважна, дзе яна зробленая. Прадстаўнікі пасольства КНР у Маскве пацвердзілі «Нашай Ніве» гэтую інфармацыю.

«Візавы сэрвісны цэнтр краін Азіі паведамляе: Кітай сапраўды прызнаў вакцынацыю кітайскім прэпаратам у любой краіне. Аднак бакі абавязаны прадставіць афіцыйны сертыфікат аб вакцынацыі кітайскай вакцынай. Калі зацікаўленая асоба прышчэплена ў Рэспубліцы Беларусь кітайскай вакцынай, то яна павінна звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі па афіцыйнае пасведчанне аб вакцынацыі кітайскай вакцынай.

Таксама неабходна натарыяльна заверыць пераклад на кітайскую мову ў пасольстве Кітая ў Беларусі для выкарыстання яго ў якасці афіцыйнага пасведчання для аказання дапамогі ў падачы заявы на візу», — ідзе гаворка ў адказе ад пасольства.

Відавочна, што адным з простых выхадаў для расіян, што збіраюцца ў Кітай, — прышчапіцца ў Беларусі і атрымаць патрэбны сертыфікат. Тым больш, як мы пісалі вышэй, кошт прышчэпкі для замежнікаў — 250 рублёў. Афіцыйна інфармацыі пра масавыя туры вакцынацыі ў Беларусь пакуль няма.

Між тым нават за мінулы пандэмійны год расіяне наведалі Кітай 306 тысяч разоў. У 2019-м колькасць паездак дасягала 2,6 мільёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0