Камісія прыняла рашэнне выключыць з адвакатуры Яўгена Пыльчанку — за сістэматычныя парушэнні заканадаўства аб адвакатуры.

Раней, 19 кастрычніка, паводле загаду міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, і яго адхілілі ад працы.

У чацвер на пасяджэнне з'явіліся 7 чальцоў камісіі, старшыняваў Аляксандар Пятровіч. Доўжылася сустрэча паўтары гадзіны. Якія прэтэнзіі да працы абаронцы Віктара Бабарыкі выказала дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі адвакатаў? «Радыё Свабода» расказаў сам Яўген. 

«Камісія вынесла даволі вялікую пастанову на 7 альбо 8 аркушах — яны не пранумараваныя. Асноўных прэтэнзій дзве.

Першая — нібыта я ў рэпліках падчас судовых спрэчак па справе Віктара Бабарыкі даў ацэнку выступленням іншых адвакатаў. То-бок за тое самае, за што выключылі Дзмітрыя Лаеўскага.

А другое — за тое, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Святлану Купрэеву, сяброўку ягонай сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў: КДБ даслаў ліст, што ёсць канфлікт інтарэсаў — без абгрунтаванняў і прадастаўлення дакументаў. Насамрэч, ніякага канфлікту інтарэсаў там няма. Ні следства, ні суд цягам 1,5 года ніякіх мне прэтэнзій не выказвалі. І няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што канфлікт інтарэсаў ёсць. Дысцыплінарная камісія паверыла КДБ, а не мне. І вырашыла, што я парушыў прафесійную этыку», — распавёў Яўген Пыльчанка.

Адвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 года, з 2018 — у адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнёры».

Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку сям’і Бабарыкаў Святлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.

Цяпер у Віктара Бабарыкі няма ніводнага з шасцярых адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ілля Салей з'ехаў з Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзмітрыя Лаеўскага — у ліпені 2021 года, Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0