Як і праз які час турма змяняе чалавека?

У Грузіі ўжо больш за 20 год функцыянуе Цэнтр псіхасацыяльнай і медычнай рэабілітацыі ахвяр катаванняў. Доктарка медыцынскіх навук, псіхіятр Ніно Махашвілі, ганаровы член Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі (WPA) працуе там шмат год. Яна дапамагла дзясяткам людзей вярнуцца да нармальнага жыцця пасля траўм (у тым ліку палітвязням).

Ніно расказвае, што чалавека, які выходзіць з турмы чакае трайная рызыка. Па-першае, амаль усіх напаткае стрэс адаптацыі. Трэба будзе выходзіць з рэжыма выжывання, змагацца з замяшаннем, расканцэнтраванасцю:

«Больш няма строгага рэжыму. І пакуль не з'явіцца новай структуры дня, якая лімітавала б хаос, чалавек можа адчуваць сябе разгубленым».

Калі вязень перанёс катаванні, з ім жорстка абыходзіліся, ён выходзіць турмы з пачуццём сораму, гневу. Падобныя траўмы вельмі часта змяняюць ідэнтычнасць, каштоўнасці і светапогляд. Наступствамі могуць стаць такія псіхічныя расстройствы як трывожнасць, посттраўматычнае стрэсавае расстройства, дэпрэсія, саматафорныя праблемы. 

Вельмі часта пры гэтым псіхалагічныя праблемы «вылазяць» на целе. У сваёй практыцы спецыялісты сутыкаліся з наступнымі хваробамі: гастраэнтаралагічныя праблемы, галаўны боль, боль ў суставах і паясніцы, расстройства сну.

Чалавек пры гэтым можа пачаць шукаць выратаванне ў алкаголі, наркотыках, гульнях. Новыя дрэнныя звычкі — досыць частая з’ява для траўмаваных людзей.

Ілюстрацыйнае фота.

Таксама, калі гаворка ідзе пра палітычна актыўнага чалавека, то нават на свабодзе ён не пачне адразу ж адчуваць сябе ў бяспецы: захаванне атмасферы пагрозы і дома — досыць частая з’ява. Калі рэальнасць не абараняе, гэтым пачынае займацца псіхіка. Адсюль і назойлівыя думкі, параноя.

«Ужо з практыкі мы ведаем, што для экс-вязняў характэрны эмацыйны дысбаланс. Гэта выражаецца ці ў раздражнёнасці, ці выбухах гневу, ці ў эмацыйнай аддаленасці, дыстанцыянаванні ад самых блізкіх людзей, працяглым маўчанні. Адзін кліент расказваў нам: «У мяне толькі адна дачка, і я ведаю, што люблю яе, але не адчуваю гэтага». Варта таксама чакаць сэксуальнай дысфункцыі (як у дзяўчын, так і ў мужчын). Лібіда пасля турмы ўжо не тое, але гэта ўсё аднаўляемыя моманты», — удакладняе Ніно.

Што тычыцца часу, розум чалавека і цела мяняюцца пастаянна — як у турме, так і за яе межамі. І нават пяці секунд траўматычнага досведу, кажуць спецыялісты, дастаткова, каб нанесці шкоду, якая зменіць жыццё чалавека.

«Але пашкоджанне — гэта не пажыццёвы прыгавор. Як толькі чалавек пачне лячэнне і працэс інтэграцыі, ён будзе адначасна вылечваецца і развівацца далей», — кажа доктарка Імке Хансен намесніца старшыні арганізацыі Libereco, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне (Імке адказвае за праграмы гуманітарнай і псіхасацыяльнай дапамогі). У рэзюме Libereco — шматгадовая праца ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне, у тым ліку з ахвярамі турмаў і гвалту. 

А можа быць, каб чалавек выйшаў з турмы без наступстваў?

Агулам, кажуць спецыялісты, магчымыя тры сцэнары.

Першы, негатыўны, акурат апісаны вышэй. Гэта калі і псіхіка, і фізіка чалавека не вытрымліваюць, даюць трэшчыну.

Пры другім сцэнары чалавек выходзіць з турмы і сапраўды амаль не мяняецца.

Пры трэцім жа для яго характэрныя з большага пазітыўныя змены. Такое можа мець месца, калі ў цяжкіх умовах асуджаны змог знайсці сэнс і настроіў сябе: гэта мяне загартуе і зробіць мацней, усё нездарма. З падобнымі наладамі, кажуць спецыялісты, магчыма стаць нават лепшай версіяй сябе (і прыводзяць у прыклад Сервантэса, які ў зняволенні напісаў свайго геніяльнага «Дон-Кіхота»).

Гісторыі беларускіх экс-палітвязняў: з якімі выклікамі яны сутыкнуліся пасля вызвалення?

Якраз добра сябе адчуваць двое экс-палітвязняў, з якімі «Нашай Ніве» удалося пагутарыць. Футбольны аналітык Арцём Хвашчэўскіасуджаны на год калоніі агульнага рэжыму па 342-м артыкуле КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) кажа, што выйшаў без фізічных захворванняў (за кратамі пакутаваў толькі на прастуду ў міжсезонне). Да псіхолага ён таксама не звяртаўся. Амаль адразу пасля вызвалення з’ехаў з Беларусі ў Польшчу.

Арцём Хвашчэўскі. Фота з асабістага архіва героя.

«Мабыць, дзякуючы таму, што мой тэрмін быў не самы вялікі, я адаптаваўся без праблем. Плюс на мяне не было моцнага ціску з боку супрацоўнікаў (цяпер гайкі закручваюцца мацней, наколькі я ведаю). Дапамагла таксама падтрымка як знаёмых, так і незнаёмых мне людзей.

На мае стасункі з жонкай калонія таксама не паўплывала (хаця яна вельмі перажывала, што я магу вярнуцца «не такім»). І дарэчы, дзякуючы жонцы, я змог без праблем вярнуцца на працу: пакуль мяне не было, яна ўзяла на сябе частку маіх абавязкаў, і гэтым вельмі дапамагла».

Падобная сітуацыя ў экс-палітзняволенай Наталлі Барынавай (адбыла тэрмін па 2-й частцы артыкуле КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў).

Наталля Барынава. Фота з сацсетак.

«Пасля майго выхаду мы з мужам пераехалі ў Расію, і я акунулася ў чарговы стрэс, але прыемны: новая абстаноўка, экскурсіі. Маё мінулае такім чынам нібыта было выцесненае.

Акрамя таго, амаль адразу я пачала інтэнсіўна працаваць: я майстра па перманенце, і цяпер удасканальваю свае навыкі. За год у маёй любімай справе шмат чаго змянілася, і я актыўна наганяю прапушчанае. Бізнэс-варушняк накрыў мяне другой хваляй, карацей. Плюс у мяне маленькае дзіця, я кожны дзень стараюся бегаць — карацей, заўсёды чымсьці занятая, таму думаць пра дрэннае часу няма.

Усе знаёмыя ў прыемным шоку ад таго, на якім я пазітыве. А я не бачу сэнсу плакаць: вакол столькі ўсяго класнага! Я сваё выплакала там, а цяпер хачу жыць нармальна. Вось фізічнае здароўе, канечне, пагоршылася: вылезлі праблемы па гінекалогіі, з’явілася анемія, упаў зрок».

Доктарка Ніно Махашвілі адзначае, што ў выпадку з экс-зняволенымі не столькі мае значэнне час, які яны правялі за кратамі, а вага, інтэнсіўнасць траўматычных падзей. 

«Важна, што канкрэтна адбывалася з чалавекам. Важна, якім чынам ён быў траўмаваны: мабыць, супрацоўнікамі ізалятара, умовамі ці сукамернікамі.

Ілюстрацыйнае фота.

А што з аднаўленнем на працы?

У адрозненні ад асуджанага, напрыклад, па «чыстым» крымінальным артыкуле, былы палітычны зняволены звычайна лічыцца героем ці, прынамсі, высока шануецца ў дысідэнцкай супольнасці. Але гэта не ратуе ад цяжкасцяў з аднаўленнем на працы ці пошукамі новай пасля вызвалення.

З такімі сутыкнулася былая палітзняволеная з Віцебска.

«Я хацела вярнуцца ў сваю сферу, але гэта дзяржсектар, і ўсюды ветлівыя адмовы. У нашым рэгіёне з працай, канечне, вялікія праблемы. Спачатку пра выезд за мяжу думак не было, але нас ставяць у такія ўмовы, пры якіх чалавеку не выжыць, не пакідаюць выбару. Так што я пачала пра гэта задумвацца, але пакуль запісалася на курсы», — расказвае жанчына, якая пажадала застацца ананімнай.

Бясплатнае навучанне IT-прафесіям былых зняволеных — цяпер не ў Беларусі

У Беларусі магла функцыянаваць ініцыятыва, накіраваная на сацыялізацыю і бясплатнае навучанне IT-прафесіям былых зняволеных і людзей з інваліднасцю. Яе збіраўся рэалізоўваць былы следчы Ілля Рокач. У перыяд службы ён сам назіраў, што некаторыя «крымінальнікі» былі асуджаныя неаднаразова. Падчас асабістых гутарак з імі высвятлялася, што іх ніхто не бярэ на працу якраз праз гэтую «пляму» ў біяграфіі. І на самастойнае навучанне новым прафесіям грошай у такіх людзей папросту няма.

«Мая НКА выйграла грант ад ПРААН. Была падабраная каманда выкладчыкаў: UX/UI дызайн, вэб-распрацоўка, моўшн-дызайн. У сярэдзіне верасня ў нас планаваўся запуск школы: быў гатовы сайт, арэндаванае памяшканне з Барысаве (з-за блізасці ВК №14 у Навасадах), закупленая тэхніка, напісаныя праграмы навучання.

Аднак 25 жніўня Мінгарвыканкам вырашыў ліквідаваць арганізацыю. Адзначу, што яшчэ да запуску ініцыятывы мне ўжо рабілі запыты на навучанне ў IT-школе», — расказвае Ілля. Ëн не губляе надзеі ажыццявіць сваю ідэю ўжо ў іншай краіне, і адтуль спрабаваць дапамагаць беларусам. 

Як (не) паводзіць сябе блізкім?

Спецыялісты Libereco адзначаюць, што часта члены сям’і чакаюць «старога тату/маму/брата/сястру/мужа/жонку», ці нават больш — супергероя.

«Яны адчуваюць, што маюць права на гэтага супергероя, таму што моцна пакутавалі без яго/яе. Гэта, можна сказаць, чаканне кампенсацыі за пераадоленне цяжкасцяў падчас адсутнасці блізкага.

Але калі экс-зняволены вяртаецца дахаты, ён часта траўмаваны, знямелы, празмерна адчувальны, хворы — і ён/яна не можа апраўдаць усіх чаканняў. Апроч таго, вельмі часта атачэнне само вырашае, калі і як хутка чалавек павінен аднавіцца. Яны чакаюць, што чалавек ужо прыйдзе ў сябе ў той момант, калі да гэтага далёка. Гэта можа прыгнятаць».

Зміцер Фурманаў пасля вызвалення. Фота «Радыё Свабоды».

Псіхолагі рэкамендуюць быць у кантакце, нічога пры гэтым не патрабуючы. Прыслухоўвацца да жаданняў блізкага, распытваць, чаго ён хоча, быць чуллівым. Важна проста прыняць чалавека такім, якім ён ёсць.

«Галоўнае, пра што мы ведаем: амаль усе экс-зняволеныя першапачаткова не маюць пачуцця кантролю. Калі ты ясі не тады, калі хочаш, мыешся не тады, калі трэба, пачуццё кантролю, натуральна, сыходзіць. Важна, каб сям’я дала гэтае пачуццё. Хай чалавек прымае ўдзел у прыняцці пэўных рашэнняў. Напрыклад, вырашае сам, што купіць у краме, куды паставіць свой ложак — нават такія рэчы пакрысе дапамагаюць вярнуцца ў строй», — раіць Ніно.

На першым этапе важна прытрымлівацца нейкага графіку дня: у турме ўсё рабілася па раскладзе, і каб адразу не захлынуцца ў хаосе, лепш усталяваць пэўныя правілы. Напрыклад, прымаць ежу у адзін час, гуляць роўна ў 19.00 штодзень. Псіхолагі кажуць, што нават гадзіннік, які будзе вісець дома на бачным месцы, мае сэнс.

Хай чалавек будзе фізічна актыўным. Ужо даказана, што самы першы механізм дапамогі — заняць сябе простымі практыкаваннямі, рабіць тое, што падабаецца — будзь тое шпацыры ў парку ці катанне на конях.

Сваякам вязня таксама можа спатрэбіцца дапамога

Траўмаваным з вялікай доляй імавернасці будзе не толькі былы асуджаны, але і тыя, хто яго чакаў — самае блізкае кола. Ім таксама можа спатрэбіцца псіхалагічная дапамога. І калі блізкія адчуваюць, што ўласны рэсурс вычарпаны, лепш звярнуцца да спецыялістаў яшчэ да вызвалення сваяка.

«Добра загадзя пачытаць, што такое траўма і як паводзіць сябе з траўмаванымі членамі сям’і. А яшчэ дапамагае проста размаўляць з іншымі людзьмі. Сваякамі. Сябрамі. Людзьмі з падобным досведам. Сацыяльныя кантакты — гэта ўсё, калі мы хочам змагацца з наступствамі выпрабаванняў», — раіць Імке Хансен.

Колькі часу спатрэбіцца, каб прыйсці ў норму? 

Гэта вельмі індывідуальна. Ніно Махашвілі кажа, што ў практыцы цэнтра былі кейсы, калі пасля траўматычнага досведу ўжо праз месяц у кліентаў назіралася стабілізацыя.

«Але месяц — гэта мінімум, патрэбны для адаптацыі. Агулам, калі чалавек не звяртаўся да спецыялістаў першапачаткова, і праз месяц з вызвалення ў яго назіраюцца такія сімптомы як бяссонніца, апатыя, бег ад рэальнасці і іншыя рэчы, якія выклікаюць дыскамфорт, — варта звярнуцца да спецыялістаў. Пры моцных расстройствах будуць падключаныя медыкаменты», — тлумачыць Ніно.

Валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Лявон Халатран з лістамі, якія дасылалі яму ў СІЗА.

Куды звяртацца па дапамогу? Некалькі карысных спасылак

Адной з самых дзейсных арганізацый, якая дапамагала экс-зняволеным на тэрыторыі Беларусі, з’яўлялася «ТаймАкт». Цяпер яна знаходзіцца ў стане ліквідацыі і ў межах краіны працаваць не будзе. Такі лёс апошнім часам напаткаў вельмі многія недзяржаўныя праекты.

  • Заснавальнік «ТаймАкта» Васіль Завадскі цяпер у Літве, дзе працягвае працу пад новым брэндам — «Дактары за праўду і справядлівасць». Праект аказвае медыка-сацыяльную дапамогу пацярпелым беларусам.

Дагэтуль у крытычнай сітуацыі па прадукты, адзенне, прадметы асабістай гігіены ці новую працу былыя асуджаныя звяртаюцца ў дзяржаўныя цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, якія працуюць у звязцы з Чырвоным Крыжом.

Праўда, як адзначаюць эксперты, з той жа працай можна на нешта разлічваць толькі ў Мінску і раёне, у маленькіх гарадах з гэтым пытаннем цяжка для ўсіх слаёў насельніцтва. Частку абавязкаў адаптацыі экс-зняволеных на сябе бяруць манастыры і прарэлігійныя арганізацыі (напрыклад, Свята-Елісавецінскі).

  • Праект «Самадапамога». Рускамоўны сайт, распрацаваны чэшскім інстытутам псіхічнага здароўя, дзе можна знайсці інфармацыю па першым крокам самадапамогі сабе ў выпадку псіхалагічнага разладу, а таксама кантакты прафесіяналаў у пытаннях псіхалагічнага здароўя. Што важна — у праекта вялікая каманда рускамоўных псіхолагаў.
  • Libereco. Незалежная нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай праў чалавека ў Беларусі і Украіне, працуе з тымі, каго пераследуюць праз іх палітычную і грамадзянскую пазіцыю. На іх сайце можна знайсці шмат карысных курсаў: напрыклад, як абыходзіцца з траўмаванымі членамі сям’і ці сябрамі (запіс на іх тут). Ëсць нават спецыялізаваны тэматычны комікс, які расказвае, як зменшыць стрэс, зразумець траўму і асвоіць негвалтоўнае камунікацыю. На сайце можна звязацца са спецыялістамі, якія прапануюць сацыяльна-псіхалагічную дапамогу.
  • Сервіс еЗдароўе. Зручныя анлайн-кансультацыі з дактарамі, арганізаваныя ў партнёрстве з Фондам медыцынскай салідарнасці. Плаціць ці не, і калі так, то колькі, чалавек абірае сам. 
  • Probono. Збор карысных ініцыятыў для пацярпелых у адным месцы, а таксама магчымасць запісацца на бясплатную псіхалагічную кансультацыю.
  • Вясна. Праваабарончы цэнтр, які дапаможа з юрыдычнымі кансультацыямі і, пры неабходнасці, накіруе ў добрыя рукі для рэабілітацыі.

Як турма змяняе людзей і што чакае палітвязняў? Вялікі гайд ад псіхолага

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру