На сайтах школ Беларусі ўжо з’явіліся планы мерапрыемстваў на канікулы. Экскурсіі, гульні, віктарыны, школьныя лагеры і г.д.Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Мінадукацыі Аляксандр Мацюшонак адзначыў, што школьнікі на восеньскіх канікулах будуць актыўна занятыя:

«Класныя кіраўнікі традыцыйна будуць вадзіць дзяцей на экскурсіі. Па-ранейшаму будзе аказвацца педагагічная падтрымка ў рэалізацыі сумесных інтэрнэт-праектаў з навучэнцамі. Акрамя таго, мяркуецца арганізоўваць мерапрыемствы па прававой асвеце удзельнікаў адукацыйнага працэсу».

«Днямі была працоўная нарада з нагоды восеньскіх канікул. Тое, што мы на ей пачулі, асабіста мяне шакавала, — расказвае настаўніца адной са школ у сталічнай Малінаўцы. — Завуч так і сказала: «Загад зверху — кавіда не баяцца. Тых школьнікаў, якія прыходзяць на канікулах у школьны лагер, водзім у кіно, на экскурсіі, у музеі». Але ж такімі тэмпамі мы даб’ем тых, каго яшчэ не дабілі.

Абмяркоўвалі гэтую тэму з калегамі. Многія абураліся. Настаўнікаў ў школе і без таго не хапае — шмат хто хварэе на кавід. Бывае, падчас заняткаў дзеці сядзяць адны ў кабінеце — няма настаўніка.

Гэта забаронена, таму часцей за ўсё адзін педагог разрываецца на два класы. Спачатку на хаду тлумачыць новую тэму адным, дае ім заданне і бяжыць у суседні кабінет, каб паспрабаваць зрабіць тое ж самае з другім класам. Паверце, педагогі вельмі выматаныя і працуюць у сапраўды цяжкіх умовах. Дома ў нас таксама дзеці і бацькі. Многія задумваюцца пра тое, каб сысці з працы.

Фота ілюстрацыйнае

Але ёсць і такія, хто сказаў: «Мне карміць сям’ю. Страчу працу — ніхто не дапаможа». Таму так, некаторыя будуць вадзіць. Але я асабіста, як і мае некаторыя калегі, буду прыходзіць да дзяцей, займацца з імі, але ўсе гэтыя паходы ў грамадскія месцы адмяняць па самых розных прычынах».

Цікава, што і сярод бацькоў разыходзяцца меркаванні, наконт таго, што рабіць з дзецьмі падчас канікул.

«Цяжэй за ўсё — бацькам дзяцей малодшых класаў. Гэтых дзяцей пакуль не пакінеш адных дома. Але прачытаўшы днямі бацькоўскі чат, я, шчыра кажучы, вельмі здзівілася, — расказвае маці чацверакласніцы з Мінска Вольга. — Перад кожнымі канікуламі настаўнікі заўсёды просяць падаць звесткі пра тое, па якім адрасе, у якім горадзе і з кім падчас канікул будуць знаходзіцца дзеці.

І вось я адкрываю бацькоўскі чат, і бачу, што амаль праз аднаго бацькі на канікулах збіраюцца адправіць сваіх дзяцей да бабуль.

Атрымліваецца, адны на канікулах будуць хадзіць з настаўнікамі па музеях і экскурсіях, другія раз’едуцца па ўсёй краіне да бабуль, а потым мы ўсе разам будзем вінаваціць медыкаў у тым, што скончыліся бальнічныя койкі, а ўсіх хворых не могуць выратаваць.

Згодная, нельга быць катэгарычнай, трэба ўлічваць абставіны кожнай сям’і. Але няўжо дзеля бяспекі самых блізкіх бацькі не здольныя ўзяць тыдзень адпачынку за свой кошт ці неяк згрупавацца між сабой. Не хачу казаць лозунгамі, але мы, бацькі, у гэтай сітуацыі, выглядаем не нашмат лепей за некаторых чыноўнікаў, здольных разбіць сабе ілбы дзеля выслугі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру