Нагадаем, зараз у крамах ёсць спецыяльныя асартыментныя пералікі тавараў, што абавязкова павінны быць на паліцах. Але абавязкаў па долях продажу айчынных тавараў няма. Іншымі словамі, крамы хочуць абавязаць прадаваць пэўны аб’ём таго ці іншага беларускага тавару.

Для чаго робіцца такі захад? У абгрунтаванні да праекта ўказа аўтары спасылаюцца на Дактрыну нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. Яна прадугледжвае зніжэнне долі імпартных харчовых тавараў на ўнутраным рынку да 14% якраз да 2030 года.

У 2020-м аб’ём імпарту ў беларускім гандлі склаў 22,9%, адзначаюць чыноўнікі, а ўдзельная вага айчынных прадуктаў у рознічным тавараабароце знізілася да 59,8%.

«Высокай застаецца доля асобных замежных харчовых тавараў у агульным аб’ёме рознічнага продажу асобных тавараў: садавіны — 92,8%, алею — 87,5%, рыбы — 82,5%, грэчкі — 66,3%, цукровых кандытарскіх вырабаў — 51,9%, фруктовых і гароднінных сокаў — 39%, макаронных вырабаў — 37,4%, дзіцячага харчавання — 29,1%», — адзначаюць аўтары законапраекта.

МАРГ дадае: магутнасці беларускіх харчовых вытворцаў дазволяць рознічнаму гандлю спакойна забяспечыць мінімальныя долі продажу айчынных прадуктаў.

Пералік тавараў і іх долі будзе вызначаць Савет міністраў. Але распрацоўшчыкі ўжо прапанавалі ўстанавіць наступныя мінімальныя долі продажу на наступны год: бульба і мясныя кансервы — 97%, морква — 96%, цукар — 95%, буракі — 94%, капуста — 85%, цыбуля і агуркі — 84%, мучныя і кандытарскія вырабы — 76%, дзіцячае харчаванне — 72%, макароны — 67%, сокі — 45%, яблыкі — 20%, алей — 15% і гэтак далей.

«Падчас разлікаў паказчыкаў продажу гэтых тавараў узялі найбольшыя значэнні паказчыкаў продажу такіх тавараў за апошнія 7 год (з 2014 па 2020 гады)», — адзначаюць стваральнікі праекта ўказа.

Не выканаў — штраф на 500 базавых

Выконваць гэтыя новаўвядзенні будуць абавязаныя ўсе юрыдычныя асобы, што працуюць у рознічным гандлі. Выключэнні — мікраарганізацыі і фермерскія ці сялянскія гаспадаркі.

Тыя рытэйлеры, у якіх агульная доля продажу айчынных тавараў займае менш за 85% павінны будуць дадаткова яшчэ і нарошчваць аб’ёмы продажу беларускага. На наступны год прапануецца ўсталяваць штоквартальны прырост на адзін працэнтны пункт.

«Мяркуецца, што гэтая мера да 2030 года дазволіць дабіцца зніжэння аб’ёму продажу харчовых тавараў замежнай вытворчасці ў аб’ёме продажу арганізацый гандлю на ўнутраным рынку да 14%», — адзначаюць распрацоўшчыкі.

За невыкананне доляў продажу арганізацыі рытэйла прапануюць штрафаваць. Сума — да 500 базавых велічынь ці 14,5 тысяч рублёў на сёння.

Якія мінусы? МАРГ чакае рост цэн і незадаволенасці беларусаў

У абгрунтаванні праекта ўказа распрацоўшчыкі спасылаюцца на практыку Расіі і Казахстана, дзе таксама існуюць мінімальныя долі продажу айчынных тавараў. Аднак такую меру дзяржавы — ўдзельніцы ЕАЭС могуць трактаваць як абмежавальную меру, што супярэчыць заканадаўству аб ЕАЭС.

Таксама распрацоўшчыкі адзначаюць, што прапанова супярэчыць шэрагу двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцяў аб свабодным гандлі і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама праву Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

«Прыняцце названых мер можа прывесці да больш жорсткай пазіцыі асноўных партнёраў па перамовах (ЗША, ЕС, Канада і інш.) у межах працэсу па далучэнні Беларусі да СГА. Пералічаныя дзяржавы запатрабуюць ад Беларусі адмены гэтай меры і непрыняцця падобных мер у будучым», — адзначаецца ў абгрунтаванні.

Што ж тычыцца спажыўцоў, то МАРГ апасаецца сацыяльнай напружанасці. Па словах распрацоўшчыкаў закона, часта айчынныя тавары даражэйшыя за імпартныя. Такія, як свежая гародніна ранняй вясной, кандытарскія вырабы і гэтак далей. Што можа прывесці да павелічэння выдаткаў пакупнікоў і «як вынік, рост незадаволенасці грамадзян і сацыяльнай напружанасці».

Якія яшчэ прапановы ёсць ў дакуменце?

Акрамя таго чыноўнікі прапануюць абмежаваць да 5% памеры бонусаў, якія вытворцы плацяць за тое, каб трапіць на паліцы гандлёвых сетак ці выкарыстоўваць уласныя гандлёвыя маркі, карыстацца паслугамі прасоўвання тавараў у сетках і гэтак далей.

У якасці абгрунтавання распрацоўшчыкі расказваюць, што «ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паступалі звароты канцэрна «Белдзяржхарчпрам», Мінсельгасхарча, а таксама айчынных вытворцаў з інфармацыяй пра тое, што яны вымушаныя плаціць бонусы і прэміі буйным гандлёвым сеткам, якія валодаюць значнай рынкавай уладай».

Памеры бонусаў вагаюцца ад 2% да 20%. Распрацоўшчыкі адзначаюць, што часта выплата такіх высокіх бонусаў эканамічна немэтазгодная і нават шкодная для вытворцаў.

Пры гэтым, у крамах спажыўкааперацыі чыноўнікі прапаноўваюць пакінуць ранейшыя памеры бонусаў.

«Фактычна кожны трэці гандлёвы аб’ект спажывецкай кааперацыі стратны і з’яўляецца камерцыйна неэфектыўным сацыяльным праектам, але працягвае працаваць у мэтах забеспячэння камфортнага спажывецкага асяроддзя для сельскіх жыхароў», — удакладняецца ў абгрунтаванні да праекта указа.

Распрацоўшчыкі дадаюць, што бонусы ў арганізацый сельскай мясцовасці — гэта крыніца, якая «часткова кампенсуе выдаткі гандлёвых арганізацый, звязаныя з рэалізацыяй прадукцыі, у першую чаргу, на тэрыторыі сельскай мясцовасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0