Форма гандбалістак у адпаведнасці з ранейшымі правіламі. Скрын відэа

Міжнародная федэрацыя гандбола змяніла свае правілы па ўніформе, абавязковай для каманд у жаночым пляжным гандболе. Цяпер замест трусоў бікіні і кароткіх топаў гандбалісткі могуць выходзіць на пляцоўку ў кароткіх шортах і майках са шлейкамі. Федэрацыя дазволіла спартоўкам больш закрытую форму ў адказ на абвінавачванні ў сэксізме, якія яна атрымлівала апошні час.

У ліпені Еўрапейская федэрацыя гандбола прысудзіла нарвежскай камандзе па пляжным гандболе штраф у 1500 еўра за «неадпаведнае адзенне». Падчас чэмпіянату Еўропы спартоўкі выйшлі на пляцоўку не ў трусах бікіні, а ў шортах накшталт тых, што насілі мужчыны-гандбалісты, тлумачыць Guardian.

Пакаранне нарвежак выклікала абурэнне сярод грамадскіх актывістаў. Тое, што гандбалісткі павінны выступаць у больш адкрытай форме, чым гандбалісты, палічылі праявай сэксізму.

Амерыканская поп-зорка Pink у сваім твітары выразіла гонар учынкам нарвежак і прапанавала заплаціць за іх штраф. Нарвежскі міністр спорту і культуры Абід Раджа назваў правілы ўніформы ў пляжным гандболе «абсалютна неразумнымі», а жаночыя спартовыя асацыяцыі з усяго кантынента заклікалі да звальнення кіраўніцтваў міжнароднай і еўрапейскай гандбольных федэрацый.

Нарвежска-аўстралійская актывістка Таліта Стоўн стварыла петыцыю з заклікам змяніць правілы жаночай уніформы ў пляжным гандболе. Ёй удалося сабраць 61 тысячу подпісаў. 

У мінулым месяцы міністры спорту Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі і Фінляндыі напісалі ў Міжнародную федэрацыю гандбола сумесны ліст з просьбай абнавіць састарэлыя правілы ўніформы.

Цяпер гандбалісткі могуць гуляць у кароткіх шчыльных шортах, што будуць цесна прылягаць да цела.

Актывістка Таліта Стоўн падтрымала цяперашняе рашэнне федэрацыі і выразіла спадзяванне, што яно стане пачаткам канца сэксізму і аб’ектывацыі жанчын і дзяўчат у спорце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?