Архіўнае фота

Архіўнае фота

Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «аказала непадпарадкаванне Александровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне», паведамляюць праваабаронцы.

Віну на судзе Аксана не прызнала. Яна распавяла, што на выходных патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада на Плошчы Свабоды, 4.

Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то не ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне і аказалася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію.

«Спачатку нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсці. І я зразумела куды мы пойдзем, бо побач Рэвалюцыйная, 3 [там знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа]».

Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесці пароль на тэлефоне, каб яго разблакаваць. З-за хвалявання яна не магла ўспомніць. Праз тое, што некалькі разоў прыкладвалі палец, пароль збіўся. Потым усё ж такі ўскрылі тэлефон, але нічога патрэбнага там не выявілі. Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу прапанавалі запісаць пакаяльнае відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у чым трэба каяцца». 

Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. Пасля гэтага яны яшчэ раз заехалі ў ГУБАЗіК і павезлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС.

«Там прыпаркаваліся каля тратуара. Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС».

На судзе ў якасці сведкі быў дапытаны міліцыянт Александровіч, які заявіў, што Манкевіч была затрыманая ў «падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На судзе ён блытаўся ў паказаннях (напрыклад, казаў, што Аксана была ў сінім касцюме, а насамрэч — у шэрым паліто) і паведаміў, што здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася. На судзе гэты супрацоўнік быў прадстаўлены як той, што затрымліваў Манкевіч, хаця яна абвергла гэта.

У выніку, суддзя Шабуня арыштавала Аксану на 15 сутак.

Раней Аксану ўжо затрымлівалі: 1 лютага Аксану асудзілі да 15 сутак пасля таго, як затрымалі на праспекце Незалежнасці цэлую экскурсію і абвінавацілі іх у пікетаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0