Беларусь значна павялічыла колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу ў Мінск, паведаміў у нядзелю, 7 лістапада, нямецкі штотыднёвік Welt am Sonntag са спасылкай на актуальныя даныя аб прыбыцці самалётаў у аэрапорт беларускай сталіцы. Паводле гэтых звестак, да сакавіка з аэрапортаў Стамбула, Дамаска і Дубая ў Мінск запланаваны штотыдзень каля 40 рэйсаў. Паветраныя гавані гэтых гарадоў цяпер часцей за ўсё выкарыстоўваюць мігранты для прамых пералётаў у Беларусь, каб адправіцца далей у краіны ЕС.

Такім чынам, колькасць рэйсаў з рэгіёну ў Мінск вырасла больш чым удвая ў параўнанні з зімой 2019-2020 гадоў, адзначае газета. Тады ў Мінску ў тыдзень прызямляліся каля 17 самалётаў з гэтых і іншых аэрапортаў на Блізкім Усходзе. Колькасць палётаў, як паведамляецца, яшчэ скарацілася пасля пачатку пандэміі каранавіруса.

Цяпер у Беларусь штодня прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў, сведчаць даныя нямецкіх спецслужбаў, якія прыводзіць Welt am Sonntag. У сувязі з гэтым, па інфармацыі выдання, неўзабаве могуць быць задзейнічаны для абслугоўвання рэйсаў з краін Блізкага Усходу яшчэ пяць беларускіх аэрапортаў. Яны ператворацца з нацыянальных у міжнародныя.

Германія і іншыя краіны Еўрапейскага Саюза абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён наўмысна правакуе міграцыйны крызіс, арганізаваўшы перапраўку тысяч нелегальных мігрантаў да межаў ЕС у адплату за санкцыі, якія Еўропа ўвяла супраць яго рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0