Анастасія была затрыманая на 9—12 жніўня 2021 года за каментар у бок Аліны Касьянчык у адным з тэлеграм-каналаў. Згодна з паказаннямі абвінавачанай падчас папярэдняга следства, каментар утрымліваў выраз «Як зямля носіць такую гніду?». Лінгвістычная экспертыза, каб пацвердзіць абразлівы характар каментара, не праводзілася.

Пацярпелая на пасяджэнне не з’явілася.

Жанчына часткова прызнала віну. Яна распавяла, што зайшла ў тэлерам-канал падчас абедзеннага адпачынку, дзе ўбачыла інфармацыю пра тое, што адна грамадзянка падала на іншую грамадзянку ў суд з нагоды непрацягнення дамовы арэнды жылля. Прозвішчы жанчын яна не памятае. Пакінула каментар «без задняй думкі» і не хацела пакрыўдзіць чалавека: дзяўчына на здымку была маладзенькая, а яе форма нагадвала чыгуначную. Калі б яна ведала, што дзяўчына — супрацоўнік пракуратуры, яна б не пакідала каментар, але тады ў яе быў «паэтычны парыў». Часткова прызнае віну, таму што пісала яго грамадзянцы, а не прадстаўніку ўлады і нават не адкрывала сам тэкст матэрыялу.

Згодна з паказаннямі падчас следства, Баранава распавядала, што ёй стала шкада жанчыну, на якую Касьянчык падала ў суд.

Падчас спрэчак абвінаваўца палічыў, што віна Анастасіі цалкам даказаная і папрасіў пакараць яе абмежаваннем волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на 1,5 гады — «хіміі».

Абаронца падкрэсліла, што ў дзеяннях Баранавай адсутнічае склад злачынства, таму што абраза прадстаўніка ўлады не была нанесеная пры выкананні ім службовых абавязкаў. У загалоўку артыкула ўтрымліваліся звесткі аб тым, што жыллёвыя адносіны склаліся паміж двума грамадзянкамі, то-бок Касьянчык выступала ў якасці грамадзянкі. Лінгвістычная экспертыза таксама не праводзілася, таму адвакатка папрасіла апраўдаць Баранаву.

Суд вынес пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».

Памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў многіх «палітычных» справах, удзельнічала ў працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцам у справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з Плошчы Перамен асудзілі на два гады калоніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачванне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Гэта не першы прысуд, вынесены за каментары ў адрас дзяржабвінаваўцы Касьянчык. На два гады хіміі была асуджана гаспадыня кватэры, якая па згодзе бакоў скасавала дамову арэнды кватэры з пракуроркай. У пачатку лістапада З гады «хіміі» атрымаў палітвязень Вадзім Гіль за каментары ў дачыненні да 11 службовых асоб, сярод адрасатаў была таксама Аліна Касьянчык. Яшчэ да двух гадоў хатняй хіміі прысудзілі 43-гадовую Юлію Куксу за каментар у адносінах да Касьянчык у тэлеграм-чаце пад паведамленнем пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!» на «Пушкінскай». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0