Гэта здарэнне адбылося 11 ліпеня. Пенсіянеры Рачкоўскія збіраліся ляцець у Турцыю. Вясной у іх памёр сын, інвалід 1 групы, якога яны глядзелі некалькі год. Яны прадалі дом з участкам за 75 тысяч даляраў і вырашылі прыгледзець сабе нерухомасць у Турцыі. Грошы ўзялі з сабой, расказаў Аляксандр для Onliner.
Згодна з правіламі, Аляксандр Рачкоўскі, у якога былі з сабой грошы, павінен быў ісці праз чырвоны калідор.
«Мне было вядома пра зялёны калідор: я чуў і чытаў пра неабходнасць дэклараваць сумы звыш 10 тысяч даляраў перад вылетам. І збіраўся гэта рабіць», — кажа Аляксандр Мікалаевіч.
З сабой у яго былі патрэбныя паперы: дакумент куплі-продажу для доказу законнага паходжання сумы і праект дамовы з турэцкай кампаніяй.
Калі падышлі да мытнага пункта, жонка пайшла наперад — ёй нічога дэклараваць не трэба было. На руках — пашпарт і квіток. Астатняе было ў яго.
У аэрапорце Аляксандр прыглядаў за жонкай. «Хваляваўся за яе — думаў, што буду назіраць і дапамагу ў выпадку чаго. Ды і стрэсавы стан», — кажа ён.
Па-другое, яму трэба было звярнуцца да інспектара. А ў чырвоным калідоры нікога не было. Адзіны чалавек, у якога ён мог нешта спытаць пра дэклараванне грошай, — супрацоўніца за «зялёнай» стойкай. У судзе гэта пацвердзілася.
«Калі мяне спыталі, ці трэба мне нешта дэклараваць, я адразу сказаў так. Бо я стаяў, не прабягаў. І сказаў, што мне трэба ў чырвоны калідор. Але мне адказалі, што я ўжо ў зялёным і назад дарогі няма».
Хаця Аляксандр прайшоў углыб зялёнага калідора мо 30 см, што таксама пацвердзілася на судзе.
«Я добраахвотна прад'явіў усе грошы. Зусім не было ніякага жадання і падставы іх хаваць. У мяне былі дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне», — расказвае Аляксандр.
Але суд пастанавіў прыцягнуць Аляксандра Рачкоўскага да адміністрацыйнай адказнасці паводле часткі 2 арт 15.5 КаАП — штрафу 10 базавых велічынь з канфіскацыяй у даход дзяржавы грошай, не задэклараваных ва ўстаноўленым парадку (60 800 даляраў і 400 рублёў). 10 тысяч даляраў вярнулі.
Рашэнне суда можа быць абскарджана.





