З нечаканага ў ініцыятыве Цапкалы — прапанова ўвайсці ў склад Савета ўсім былым кандыдатам у прэзідэнты, пачынаючы з 1994 года — ад Шушкевіча да Чэрачня, лідарам партый.

Асобным радком агучваецца прапанова далучыцца да шэрагаў кіраўнікам незалежных аб’яднанняў рабочых, дзяржчыноўнікам, якія падалі ў адстаўку пасля пошніх выбараў, лідарам меркаванняў, прадстаўнікам розных рухаў кшталту хакераў і аб’яднання экс-сілавікоў, а таксама жанчынам, якія нядаўна «праявілі мужнасць і здзейснілі геройскі ўчынак».

Сярод іх у тым ліку беларускі, якія цяпер знаходзяцца ў турме (Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Вольга Залатар, Наталля Хершэ).

Валерый Цапкала.

«Наша Ніва»: Навошта беларусам яшчэ адна арганізацыя? У чым адрозненне Савета народнага даверу ад таго, што мы ўжо маем?

ВЦ: У новую структуру ўсе ўвойдуць па прынцыпе раўнапраўя. Не трэба мерацца, у каго больш заслуг, у каго менш, хто начальнік, а хто падначалены. У той жа Каардынацыйнай Рады была надстройка ў выглядзе прэзідыўма, што нагадвае мне КПСС-аўскія часы.

Але мне падаецца, пакуль не пабудаваная сістэма ўлады, трэба ўсё рабіць на аснове раўнапраўя. Што тычыцца НАУ, то яго прадстаўнікі робяць вельмі карысныя рэчы. І ім мы таксама прапаноўваем далучыцца да нашай ініцыятывы. Наш Савет — куды больш шырокая кааліцыя, і ў ёй не трэба будзе падбудоўвацца пад аднаго кіраўніка. У гэтым галоўнае адрозненне.

Гэта нібыта стварэнне міні-парламента, дзе могуць быць свае кааліцыі, партыі. Туды павінны ўвайсці ўсе, незалежна ад таго, падабаюцца яны адзін аднаму ці не. Яны і будуць ствараць сістэму супрацьвагі адзін для аднаго, каб не адбылося, як з Кастрычніцкай рэвалюцыяй у 1917 годзе, калі ўладу захапіла адна групіроўка.

«НН»: Чаму нельга аб’яднацца з кім-небудзь з дзейсных каманд, з той жа Святланай Ціханоўскай, каб працаваць на агульную для ўсіх задачу — дыялог, трансфер улады, вызваленне палітвязняў і новыя выбары?

ВЦ: Увесь шэраг прапанаваных людзей для Савета ўяўляе сабой куды больш шырокую дэмакратычную кааліцыю. Мы лічым, што ў Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў. Яны не адбыліся, бо вялікая колькасць людзей не магла ў іх паўдзельнічаць — гэта і Мікалай Статкевіч, і Павел Севярынец, і Сяргей Ціханоўскі, і Віктар Бабарыка.

Таму і прапаноўваем прасоўваць структуру з людзей, а не вылучаць асобнага чалавека, які выйграў ці не выйграў выбары. Мы, натуральна, загадзя ўключылі ў Савет Святлану Ціханоўскую, а таксама Сяргея Чалага, і Антона Матольку — гэта блізкія да штаба Ціханоўскай людзі, але яны самі па сабе з’яўляюцца самастойнымі суб’ектамі. На мой погляд, з такім падыходам мы створым структуру, з якой будуць весці перамовы і якую будуць прызнаваць у Расіі, і ў Беларусі (у тым ліку ў шэрагу сілавікоў).

Спіс тых, хто падтрымаў ініцыятыву, Валерый Цапкала абяцаў апублікаваць асобна пазней — пасля таго, як будзе усталяваны кантакт з усімі, хто трапіў у першапачатковы пералік кандыдатаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?