«Еўрасаюз калі і прызнаў Лукашэнку некім, то, хутчэй, чалавекам, які здольны сам ствараць праблемы ў рэгіёне»
Аналітык, заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў не бачыць падставы для панічных настрояў пасля тэлефоннай размовы Меркель і Лукашэнкі. На яго думку, Еўрасаюз такім крокам проста пацвердзіў, што каштоўнасць чалавечага жыцця для яго ў прыярытэце, і зрабіў гэта вуснамі паважанага лідара, які сыходзіць, Меркель цяпер часова выкончвае абавязкі канцлера ФРГ.
«Пры ўсім пры гэтым склалася сітуацыя, у якой Мінску трэба рабіць зваротны крок — мяч на яго боку. Калі Еўропа цяпер знаходзіцца ў сітуацыі «Мы пераступілі праз сябе, зрабілі першы крок, што мы яшчэ можам зрабіць?», то Мінск у становішчы, калі
проста працяг існуючай лініі будзе выглядаць як банальны шантаж жыццямі і здароўем жывых людзей.
Калі не пачаць рабіць хоць нешта канструктыўнае, новыя абмежаванні і меры ціску практычна непазбежныя», —піша Кузняцоў.
Не раздзяляе дэпрэсіўных настрояў у сувязі з тым, што званок пацвердзіў легітымнасць Лукашэнкі, і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
«Казаць пра прызнанне Лукашэнкі тут, мякка кажучы, ранавата. Тое, што ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі і лёсы людзей, якія апынуліся на яе тэрыторыі, не аспрэчвае нават штаб Ціханоўскай. Захад выглядаў бы недарэчна, ігнаруючы гэтую рэальнасць.
Як і ў выпадку з Афганістанам, дзеля вывазу людзей з Кабула давялося весці дыялог з талібамі.
Еўрасаюз калі і прызнаў Лукашэнку некім, то, хутчэй, чалавекам, які здольны сам ствараць праблемы ў рэгіёне і потым сам вырашаць гэтыя праблемы», — піша Арцём Шрайбман.
«Тэлефанаванне Меркель не было запрашэннем ад ЕС да дыялогу»
Экс-кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў тут лаканічны: «І гэта прарыў? Ну тады прабачце»
Святлана Ціханоўская выказалася наступным чынам: «Тэлефанаванне Меркель не было запрашэннем ад ЕС да дыялогу. Бо ўрад Германіі працягвае падтрымліваць пяты і распрацоўваць шосты пакет санкцый супраць рэжыму».
Пісьменніца Ганна Севярынец як заўжды па-філасофску падыходзіць да падзей: «Капітуляцыя будзе не тады, калі нехта некаму патэлефануе. Капітуляцыя здарыцца тады, калі апошні чалавек перастане верыць».
Журналіст Ігар Ільяш упэўнены: званок — гэта толькі шанец для рэжыму выйсці з памежнага канфлікту, не згубіўшы твару.
«Міграцыйны крызіс ладзіўся з адной мэтай — прымусіць Еўропу пайсці на саступкі ў пытанні санкцый.
А пакуль няма ніякіх сведчанняў, што ў гэтым пытанні ёсць хоць маленькае прасоўванне. Санкцыі ніхто не скасаваў — наадварот, міністры замежных спраў Еўрасаюза падтрымалі прыняцце пятага пакета.
І вось на гэтым фоне в. а. канцлера Германіі тэлефануе спадару Лукашэнку (звернем увагу, што ў паведамленні прэс-службы Меркель яго называюць проста «Herr Lukaschenko») і кажа пра гуманітарную сітуацыю на мяжы», — каментуе Ігар Іляш.
«Не магу гаварыць, но будзем шчытаць, што начался дзіалог»
Беларусы нават на дрэнныя падзеі могуць паглядзець з гумарам. Выключэннем не стала і гэтая сітуацыя. Паглядзелі, што яны пішуць у сацсетках.





