Фота з Belta.by

Фота з Belta.by

Маладыя іракскія курды больш не абмяркоўваюць футбол ці навучанне, усе размовы цяпер — пра ад’езд у Еўропу. 8 лістапада больш 50 маладзёнаў з’ехалі з Хаджыявы, гораду з насельніцтвам менш за 15 000 чалавек. Такая масавая іміграцыя ўражвае ў сённяшнім Іраку, бо час цяпер адносна мірны.

Калі 17-гадовага хлапца з Халабджы, гораду, у якім была ўжытая хімічная зброя ў 1988 годзе, папярэдзілі перад ад’ездам, што яго чакае вельмі небяспечны шлях наперадзе, ён адказаў: «Нават ведаючы, што мяне чакае смерць наперадзе, я не хачу паміраць тут».

Масавы ад’езд моладзі сёння нагадвае пра часы, калі трыццаць год таму горад быў зруйнаваны. Халабджа — адзін з гарадоў, якія выміраюць, бо жыхары выязджаюць у эміграцыю.

Свет пачуў пра мігрантаў-курдаў, калі тысячы бежанцаў пачалі пераходзіць беларускую мяжу з Польшчай, распачынаючы новы крызіс на ўсходняй мяжы Еўрапейскага Саюза.

ЗША і ЕС абвінавачваюць Беларусь у выкарыстанні гэтых мігрантаў у якасці зброі. З чэрвеня 2021 году Беларусь актыўна дапамагала грамадзянам Іраку атрымліваць візы, спрашчаючы раней заблытаны працэс для тысяч мігрантаў, якія ў выніку прыляцелі ў краіну і жывуць на лясістых мясцовасцях, без ежы і даху над галавою. Стварыўшы такі штучны міграцыйны крызіс, Мінск адначасова адцягнуў увагу свету ад сваіх унутраных спраў і адпомсціў Брусэлю за санкцыі. І, па вялікім рахунку, курды сталі пешкамі ў геапалітычнай гульні Расіі і ЗША.

 Эміграцыя курдаў цяпер як падчас вайны

Мігранты бягуць з Іраку не таму, што іх жыццям нешта пагражае, а праз кепскія эканамічныя ўмовы.

З 2014 году у Курдыстане — высокія паказнікі беспрацоўя і нізкія заробкі. Урад не змог працаўладкаваць 98% выпускнікоў універсітэтаў. Тыя, хто можа знайсці працу, звычайна доўга на ёй не затрымліваюцца.

Курдыстан з цяжкасцю дае рады свайму фінансаваму сектару, паколькі Багдад пакрывае толькі частку яго фінансавых патрэб у сувязі з даўнім канфліктам паміж Багдадам і курдскім Эрбілем. Доля Курдыстану ў бюджэце залежыць ад прапорцыі яго насельніцтва ў адносінах да ўсяго насельніцтва Іраку, а гэта значыць, што новая хваля міграцыі нанясе дадатковы ўдар па тых, хто застанецца.

Да таго ж, прыкладна 95% мігрантаў у Еўропу — гэта мужчыны, паколькі кансерватыўныя парадкі ў курдскім грамадстве не дазваляюць жанчынам падарожнічаць без суправаджэння мужчыны. Калі сотні тысяч курдаў з’едуць, рэгіён сутыкнецца з новай дэмаграфічнай праблемай у будучыні, якая яшчэ больш знізіць бюджэт рэгіёна, яго прывілеі і правы.

Іракскія курды пакідаюць свае дамы ў такіх вялікіх колькасцях, што нагадваюць сірыйскі сыход часоў грамадзянскай вайны. Абдульстар Маджыд, курдскі дэпутат у Парламенце іракскага Курдыстану, расказаў, што

37 000 чалавек выехалі з Курдыстану ў Еўропу толькі сёлета. Многія едуць праз Турцыю ў Еўропу, іншыя ляцяць у Беларусь, каб патрапіць у ЕС.

Па данных Галоўнага фонду па справах бежанцаў і пераселеных асобаў (SFRDA), з 2015 году з краіны выехала 633 273 іракца, 185 прапалі без вестак, 261 загінулі.

Больш 150 000 з іх — з Курдыстану, у якім усяго жыве 6 мільёнаў чалавек. Ары Джаляль, дырэктар фонду SFRDA заявіў, што гэта папярэднія данныя і ў іх не ўключаныя звесткі пра непаўнагадовых.

Па папярэдняй інфармацыі, амаль у кожнай сям’і, дзе ёсць моладзь, ёсць і хаця б адзін эмігрант.

Даследаванне, якое праводзілі ў некаторых рэгіёнах Суламаніі, выявіла, што 46% апытаных плануюць пакінуць краіну, а 16% не могуць з’ехаць па фінансавых прычынах. 

Большасць з тых, хто пакідае Ірак цяпер, гадаваліся ў паў-дэмакратычнай палітычнай сістэме і маюць моцную веру ў еўрапейскую дэмакратыю. Больш за тое, у іх вялікія планы, яны карыстаюцца інтэрнэтам і ім падабаецца еўрапейскі лад жыцця.

Сацыяльныя сеткі дапамаглі кантрабандыстам зманіпуляваць грамадскім меркаваннем і пераканаць людзей, што варта рызыкнуць і прайсці па небяспечным шляху, нават рызыкуючы жыццём, абы трапіць у Еўропу.

На сённяшні момант, больш маладых людзей загінула па дарозе ў Еўропу, чым ад каранавірусу.

Варта павялічваць інвестыцыі ў эканоміку, а не ў вайсковы патэнцыял

Адзін кантрабандыст з Курдыстану расказаў, што чалавеку трэба ад 10 да 12 тысячаў даляраў, каб прабрацца ў Еўропу. Гэта сур’ёзная сума, улічваючы, што гадавы даход на душу насельніцтва ў іракскім Курдыстане складае 4 тысячы даляраў. Многія сем’і прадаюць маёмасць, дамы, толькі каб дабрацца да сваякоў, якія ўжо атрымалі прытулак у Еўропе.

Іміграцыя курдаў у Еўропу — з’ява не новая. На сённяшні дзень, у розных еўрапейскіх краінах пражывае больш 1 мільёну іракскіх курдаў. Большасць імігравалі ў 1990-ыя, калі рэгіён накрыла бязлітасная грамадзянская вайна. І вось праз трыццаць год самакіравання у рэгіёне амаль такі ж узровень міграцыі.

У мінулым мігранты з’язджалі з Курдыстану па адным ці па два-тры чалавекі, але цяпер людзі едуць групамі па 50-70 чалавек.

Напрыклад, з аднаго раёну у Саідсадзіку вечарам 20 кастрычніка выехалі разам 74 маладыя чалавекі. Гэтак жа, 19 верасня 420 чалавек разам пакінулі Суламанію, горад, у якім жыве 1 мільён 200 тысяч чалавек, адзін з самых бяспечных гарадоў Іраку. Такое ж робіцца па ўсім Іраку і Курдыстане.

Хаця людзі заўжды ўцякалі з Блізкага Ўсходу ад небяспекі, апошнія падзеі прымушаюць людзей эміграваць найперш па эканамічных прычынах.

Захаду на Блізкім Усходзе варта сур’ёзна павялічыць інвестыцыі ў эканамічную і сацыяльную інфраструктуру, а не толькі ўкладацца ў нарошчванне вайсковага патэнцыялу, які хутчэй дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне, чым наадварот. Кепскі эканамічны стан варта ўспрымаць як пагрозу бяспекі, а не толькі як пабочны эфект нестабільнасці.

«Некаторыя чакаюць у гатэлях, пакуль мяжу адкрыюць». Пагаварылі з курдам, які адсядзеў за арганізацыю незаконнай міграцыі

Сірыйскага 19-гадовага хлопца пахавалі проста ля польска-беларускай мяжы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0