Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі асцерагаецца эскалацыі канфлікту з Беларуссю. «У цяперашні час сітуацыя стабільная, але яна становіцца ўсё больш пагрозлівай. Мігранты выкарыстоўваюцца Беларуссю ў якасці зброі. І іх мэтамі з'яўляюцца Германія, Францыя, Нідэрланды», — заявіў кіраўнік польскага ўрада ў інтэрв'ю газеце Bild.

Маравецкі асцерагаецца перарастання сітуацыі ў адкрыты ваенны канфлікт. На адпаведнае пытанне газеты ён адказаў «Мы не можам гэтага выключыць».

Паводле яго пераканання, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, «відавочна, ідуць стратэгіі, накіраванай на тое, каб усяліць няўпэўненасць, дэстабілізаваць Захад. Мы не ведаем, што яшчэ яны плануюць. Магчыма таксама, што крызіс на мяжы прызначаны толькі для таго, каб адцягнуць увагу ад новых вайсковых нападаў, якія Пуцін рыхтуе ва Украіне», — перакананы Маравецкі.

Палітык заявіў, што палякі поўныя рашучасці любымі сродкамі абараніць «сваю мяжу, усходнюю мяжу Еўропы і НАТА». «Калі мы не зможам утрымаць тысячы мігрантаў сёння, то хутка іх будуць сотні тысяч, мільёны, якія накіроўваюцца ў Еўропу», - упэўнены Маравецкі.

У сувязі з гэтым кіраўнік польскага ўрада падвергнуў рэзкай крытыцы міграцыйную палітыку, якая праводзілася ў апошнія гады ўрадам канцлера Ангелы Меркель. «Яна паставіла пад пагрозу суверэнітэт многіх еўрапейскіх дзяржаў і спарадзіла штучны мультыкультуралізм. Гэта была небяспечная палітыка для Еўропы і для ўсяго свету», — лічыць Маравецкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна