«У цэлым усё было як звычайна. Але нейкія імпульсы ў мяне былі»

«У пятніцу 29 кастрычніка мне патэлефаванаваў малады чалавек, сказаў, што прыедзе з Вілейкі разам з дзяўчынай і ім патрэбная экскурсія па Мінску. Звычайная аглядная пешаходная экскурсія.

У мяне наступны тыдзень быў амаль увесь распланаваны, я спытала, калі яму патрэбная экскурсія. Ён адказаў: панядзелак ці аўторак, у час, калі вам будзе зручна. 

Я тады падумала: дзіўна трохі, што ён так падстройваецца пад мяне. Прапанавала ў 11 гадзін, ён пагадзіўся. Я даслала на «Вайбер», куды прыйсці, дзе сустрэнемся, пажадала добрага дня, — расказвае Аксана. — У цэлым усё было як звычайна. Але нейкія імпульсы ў мяне былі.

Бо гэты хлопец задаваў трохі дзіўныя пытанні, кшталту: «Я буду з дзяўчынай, ці ёсць у вас такі вопыт?». Ну, ёсць, кажу, што тут за вопыт патрэбны. Але ж усе людзі розныя, таму я не вельмі здзівілася. Сэрца трохі ёкнула, але спачатку я не звярнула на гэта ўвагу.

А пасля мне прысніўся вельмі дзіўны сон — у тую ж ноч з пятніцы на суботу, акурат пасля гэтага званка. Мне прыснілася, што чорны бліскучы пацук, такі як хатні ці дэкаратыўны, вельмі моцна ўчапіўся зубамі мне ў руку. Трымаецца і не адпускае. Я спрабую пазбавіцца ад яго — і не магу. І сяброўка кажа: «Давай стукну яго, заб’ю!». А я адказваю: «Не забівай, ён жа хатні!». Але ніяк не магу ад таго пацука пазбавіцца сама.

І калі я прачнулася раніцай, то з’явілася адчуванне: нешта не так, нешта здарыцца. Я не вельмі веру ў забабоны, але той сон так мяне перапалохаў, што мяне аж трэсла.

Я паехала ў суботу на два дні ў Гродна і не магла супакоіцца. Пачала нават гугліць соннікі, чытаць, што можа значыць той пацук — а там пішуць, што гэта і ціск ад высокапастаўленых асоб, і страта працы, і нервовыя сітуацыі…

Пасля затрымання я адразу ўзгадала той сон, і, выходзіць, нешта нам падказвае часам. Але таксама — хоць я і адчувала, што з экскурсіяй у аўторак нешта не так, канкрэтна з гэтым «хлопцам з Вілейкі» я свае кепскія прадчуванні не звязвала.

«Я не Аляксей, ды і гэта не экскурсія»

Раніцай у аўторак 2 лістапада той малады чалавек пазваніў мне, спытаў, ці ўсё ок, ці сустракаемся мы. Я кажу: «Так, зараз буду». 

Прыйшла. Выходзіць адносна малады мужчына, пасміхаецца. Я разумею, што навокал нікога больш няма, дзяўчыны яго таксама няма. Трохі здзівілася, але, думаю, можа, дзяўчына пайшла па каву? 

Але тут ён падыходзіць да мяне і адразу кажа: «Вітаю, вось маё пасведчанне! Я не Аляксей, ды і гэта не экскурсія. Не рабіце глупстваў, усё будзе добра». Ну так, думаю, я ўжо гэта і так зразумела.

Ён запрасіў мяне прайсці ў легкавік, які стаяў недалёка. Але я чалавек, які не панікуе асабліва, таму сама прапанавала: «Навошта нам машына? Нам жа праз дарогу, на Рэвалюцыйную, дык, можа, прагуляемся па вуліцы? Усё ж свежае паветра!».

Тады ён пагадзіўся, адпусціў машыну. Ну і я зразумела, што мяне сапраўды павядуць у будынак ГУБАЗіК. 

Гэты супрацоўнік нават на беларускай спрабаваў са мною гаварыць. Кажа: «Вы ж на беларускай робіцце экскурсіі?». І пасля часам пераходзіў на беларускую.

Даволі неблагая ў яго мова, дарэчы».

«Сказалі, каб відэа запісалі нават калі буду маўчаць»

У ГУБАЗіКу мяне дапытвалі, праглядзелі тэлефон. 

Прапанавалі запісаць на відэа пакаянне. Не ціснулі, не пагражалі. Але я пачула краем вуха, як хтосьці з супрацоўнікаў сказаў, каб відэа запісвалі ў любым выпадку, нават калі я буду маўчаць. Таму я сказала, што нічога не буду казаць.

Быў яшчэ ператрус у пакоі, які я здымаю. Мяне таксама туды павезлі. Забралі два маіх тэлефоны, ноутбук, пафатаграфавалі мой пакой, нейкія сувеніры, якія там стаялі на стале».

Пасля Аксану павезлі ў РАУС, адтуль бліжэй да ночы перавялі на Акрэсціна. Затым суд. 

«Я ўжо разумела, што будуць суткі, пра гэта мне казалі яшчэ на допыце. Але яшчэ пасля мінулай адсідкі ў мяне праблемы з ныркамі, ёсць нават медыцынскія дакументы (Аксану затрымалі ў студзені падчас экскурсіі, абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемствае і далі 15 сутак, — заўв. «НН»).

Чытайце таксама: «У бусе экскурсавод працягвала расказваць пра горад». Як групу з гідам адправілі на Акрэсціна

Таму невялікая надзея заставалася, што дадуць усё ж штраф. Але ж ніякія медыцынскія дакументы ні на што не паўплывалі», — кажа Манкевіч.

У выніку Аксане прысудзілі 15 сутак за непадпарадкаванне. 

«На скаргі, што няма чым дыхаць, адказвалі: дыхаць будзеце дома!»

На Акрэсціна яна сядзела ў сумна вядомай камеры нумар 15. Жанчыны, якія выходзілі адтуль, распавядалі пра нялюдскія ўмовы ўтрымання. Вязні нават абвяшчалі галадоўку.

«Гэта называлася «кантрольная камера». Не ведаю, чаму так — можа, таму, што ў той камеры ўсе «пад асаблівым кантролем». Але гучала жудасна, калі пра мяне сказалі: «Гэтую — ў кантрольную», нібыта адпраўляюць у камеру смертнікаў», — згадвае Аксана.

— Усе дзяўчаты ў «кантрольнай» палітычныя, 10 ці 12 чалавек у камеры на два месцы. Нават каб легчы на падлогу — цяжка, занятая ўся прастора цалкам. 

Ніякіх перадач, ніякіх лістоў. Нават часам не давалі паперу для прыбіральні. 

Там была такая дзяжурная: спакойная, не павышае голас. Але здзекуецца. Ты кажаш: «Ці можна папрасіць у вас паперу?». Яна кажа: «Можна, прасіце». Ты кажаш: «Дык дайце паперу!». Яна кажа: «Не дам, у мяне няма». І сыходзіць.

У выніку карысталіся нейкімі кавалачкамі сурвэтак ці проста цярпелі да апошняга. 

Была і хлёрка, і на вуліцу без вопраткі нас выводзілі, і ператрусы ўдзень, і ўначы падымалі, і кармушку закрывалі на працяглы час. Калі мы скардзіліся, што дыхаць няма чым, нам адказвалі: дыхаць будзеце дома!

Але, дзякуй богу, хаця б не білі. Астатняе ўсё было».

«Мы пачалі абмяркоўваць, хто гатовы галадаць, хто не»

«Галадоўку абвяшчалі якраз у першы мой дзень там. Я трапіла туды, двое сутак амаль не еўшы. І тут дзяўчаты расказалі, што ў іх зусім капец: меліся нейкія рэчы, кшталту паперы ці мыла, усё забралі, кінулі ў вядро, з якога мыюць падлогу, і вынеслі. 

Дзяўчаты сказалі, што хочуць абвясціць галадоўку. Я паабяцала, што падтрымаю. 

На наступны дзень мы не бралі ежу. Хоць працягнулася галадоўка нядоўга, але стала зразумела: галадоўка асабліва ні на што не ўплывае, але ж супрацоўнікі Акрэсціна вельмі нярвуюцца. Яны былі вельмі дзёрганыя, пастаянна прыходзілі і пыталіся, ці будзем мы есці. Фармулявалі па-свойму, канечне, казалі: «Калі вы жраць пачняце?».

І ў абед нас вывелі на вуліцу, у прагулачны дворык, каля гадзіны па адчуваннях былі там. Затым прыйшоў нехта з начальства, пачаў казаць: рэкамендую есці, каб не пагаршаць сваё задроўе, альбо будзеце тут нагульваць апетыт. 

І праз нейкі час нас вярнулі ў камеру — а там ужо суп, другое і кампот на сталах. І нам прыгразілі: «Не будзеце есці, пойдзеце да ночы апетыт нагульваць». 

Мы пачалі абмяркоўваць, хто гатовы галадаць, хто не, але фактычна на тым галадоўка і скончылася.

Праз тыдзень нам закінулі другую бамжыху. Спачатку была адна, Ала Ільінічна, яна была ўжо больш-менш адмытая, але ўсё роўна, у дзяўчат пачалі з’яўляцца вошы. А затым нам закінулі яшчэ адну — і там проста капец.

Яна прызналася, што ніхто яе не апрацоўваў. І калі яна зняла шапку — там быў проста гамон. Нібыта мурашнік на галаве. 

Сродкі, каб травіць вошай, у нас ужо былі забраныя, толькі на другі дзень нам далі балончык. Мы папшыкалі жанчыну — і вошы пачалі разбягацца ад яе па ўсёй камеры. 

Мы пачалі прасіць, каб жанчыну забралі «на апрацоўку», само сабою, нам адказвалі: «Потым». І нічога не рабілася.

І калі нам прынеслі хлеб, мы не сталі яго браць, проста не хацелі, не казалі ні пра якую галадоўку. Тут жа прылятае дзяжурны, крычыць, зноў нас выводзяць на вуліцу. У дворыку адна гераічная дзяўчына пачала проста здымаць вошаў з той бамжыхі — каб проста менш гэтых насякомых прынесці назад у камеру. Пасля дзяўчына была на мяжы зрыву — проста сядзела рыдала ў камеры.

І вошы пачалі з’яўляцца на галовах, у рэчах. Але праз два дні абедзвюх гэтых бамжых забралі і больш не вярнулі да нас».

Адной з сукамерніц Аксаны была Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якую разам з мужам бясконца судзілі за тое, што яны перасылалі адно аднаму спасылкі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

Чытайце: Анастасію і Сяргея Крупенічаў, якія адсядзелі больш за 110 сутак, адпусцілі на волю. Яны пакінулі Беларусь

Я была разам з ёю толькі суткі. Яна трымалася добра, але было заўважна, што яна «на мяжы». І калі яе забралі ад нас, мы спадзяваліся, што яе нарэшце выпускаюць. Але пасля выхадных да нас трапілі новыя дзяўчаты, якія расказалі, што сустрэлі Анастасію ў ІЧУ. Значыць, што яе зноў судзілі. Тут у нас наступіў проста траур». 

«З'язджаць я не хачу»

Што адбываецца і чаму па яе прыйшлі, Аксана не вельмі разумее.

«Такое ўражанне, што сілавікі проста «перабіраюць» тых, хто засвяціўся раней, і цяпер проста дайшла і да мяне чарга. Дакладна прынцып, да каго прыходзяць, я не разумею. Але маю некаторых знаёмых, да якіх гэтак жа прыходзілі па другім коле.

 Цяпер амаль кожны мне кажа: Аксана, уцякай адсюль! Але я не хачу. Па-першае, спадзяюся, што ўсё скончыцца добра. Па-другое, гэта не вельмі ратуе сітуацыю, а мне важна жыць тут. Я яшчэ на допытах адказвала: можаце не хвалявацца, з’язджаць я нікуды не збіраюся!» — кажа Манкевіч.

Чытайце таксама:

Гід з музея Вялікай Айчыннай: Я правёў экскурсію для курсантаў з брыгады спецназа, а потым яны мяне затрымалі за значок з Пагоняй

У Навагрудку асудзілі на 10 сутак мясцовую жыхарку за ўдзел у экскурсіі пра Халакост

У Навагрудку людзі прыйшлі на экскурсію, а трапілі ў РАУС

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0