Скрыншот з відэа Kansascity.com
Усе крымінальныя абвінавачванні са Стрыкланда знятыя. Атрымліваецца, ён адбыў самае доўгае памылковае заключэнне ў турме ў гісторыі штата Місуры. Яго несправядлівае зняволенне таксама трапіла ў спіс самых доўгіх у гісторыі ЗША.
«Усё яшчэ не магу паверыць, — кажа Стрыкланд. — Я ўжо не думаў, што гэты дзень прыйдзе».
Ён даведаўся пра сваё вызваленне з навін, што перапынілі серыял, які ён глядзеў.
За што яго пасадзілі?
У красавіку 1978 года ў Канзасе былі расстраляныя чатыры чалавекі, трое з іх памерлі. Сінція Дуглас, адзіная, хто выжыў, апазнала Стрыкланда як аднаго з забойцаў.
Сінція апазнала дваіх забойцаў у той жа дзень. Стрыкланда, а яго яна ведала асабіста, яна апазнала толькі на наступны дзень, калі ў паліцыі ёй падказалі, што валасы Стрыкланда падобныя да валасоў трэцяга забойцы, згодна з яе апісаннем. Дуглас патлумачыла, што адразу не змагла апазнаць яго, бо ўжывала ў той дзень каньяк і марыхуану.
Але цягам наступных 30 год Дуглас казала, што памылілася і памылкова ідэнтыфікавала Стрыкланда як забойцу. Яна нават спрабавала вызваліць яго праз арганізацыю Midwest Innocence Project. Дуглас памерла ў 2015 годзе, але перад гэтым шмат разоў казала сябрам пра сваю памылку ў сведчаннях 1978-га года.
Двое забойцаў, якіх Дуглас апазнала адразу, прызналі сваю віну і ў выніку атрымалі па 10 год зняволення кожны.
Як апраўдалі Стрыкланда праз 43 гады?
Пракурор акругі Джэксан Пітэрс Бэйкер напісаў у жніўні гэтага года: «Мы ўсе чулі вядомы выраз пра тое, што праяўленне несправядлівасці ў адным месцы — гэта пагроза справядлівасці паўсюль».
Гэтая цытата з Марціна Лютэра Кінга, напісаў пракурор, ілюструе і выпадак з нявінна асуджаным Стрыкландам.
Пракурор Бэйкер прыклаў шмат намаганняў, каб несправядлівыя абвінавачванні былі знятыя з Кевіна Стрыкланда. Гэта ён расшукаў доказы таго, што Дуглас прызнавалася публічна ў памылковасці сваіх сведчанняў 1978 года, і ўрэшце змог давесці справу да вызвалення Кевіна.
На пачатку гэтага месяца Стрыкланд даваў паказанні падчас 3-дзённага слухання. Юрысты з каманды па яго вызваленні прадставілі неабходныя сведчанні і аргументы на карысць апраўдання Кевіна.
Стрыкланд пасля вызвалення, седзячы ў інвалідным вазку, падзякаваў суддзі за перагляд «сведчання, якога не было» супраць яго і сказаў, што цэніць час, які суддзя выдаткаваў, каб выслухаць яго і зразумець, што сапраўды адбылося ў 1978 годзе.
Таксама Стрыкланд заявіў, што будзе спрабаваць паўплываць на змены ў заканадаўстве. У яго ёсць ідэі, як не дапусціць, каб нешта падобнае здарылася з іншымі.
Ці будзе кампенсацыя?
На платформе GoFundMe пачаўся збор грошай для Кевіна Стрыкланда, каб дапамагчы яму пачаць жыццё наноў. Фандрэйзінг ініцыявала тая ж арганізацыя, што дабівалася вызвалення Стрыкланда, Midwest Innocence Project. У арганізацыі сцвярджаюць, што штат Місуры не прадставіць ніякай кампенсацыі Стрыкланду за 43 гады турмы па несправядлівым абвінавачванні.
Як часта пераглядаюць абвінавачванні і апраўдваюць нявінных людзей?
У 2020 годзе ва ўсім ЗША апраўдалі 129 чалавек. Людзі, чые справы былі перагледжаныя і каго апраўдалі ў мінулым годзе, правялі ў сукупнасці 1737 гадоў у турме.
У 30% выпадкаў несправядлівыя прыгаворы былі звязаныя з памылкамі сведак.
Герою фільма «Гатэль «Руанда» далі 25 гадоў турмы за сувязі з тэрарыстамі
Канец легендзе крымінальнага свету. Расследавальнікі ЗША сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі серыйнага забойцу Задыяка





