Большасць гэтых людзей не збіраецца прасіць прытулак у Польшчы, пераважна яны хочуць трапіць у Германію, бо там значна прасцей інтэгравацца, краіна больш адкрытая для замежнікаў, з лепшай сацыяльнай абаронай і магчымасцямі для працаўладкавання.

Праблема ў тым, што паводле Дублінскага рэгламенту любы патэнцыйны бежанец, які нелегальна трапляе ў ЕС, можа прасіць прытулак толькі ў краіне першага ўезду.

Гэта азначае, што эканамічныя мігранты з іракскага Курдыстана не проста не змогуць атрымаць прытулак у Нямеччыне, Нямеччына ўвогуле нават не будзе разглядаць іхнія прашэнні.

Даць альбо не даць прытулак гэтым людзям можа толькі Польшча, калі яны ў адпаведнасці з усімі правіламі і працэдурамі змогуць падаць адпаведнае прашэнне.

Часам можна пачуць у апраўданне дзеянняў мігрантаў на беларуска-польскай мяжы тое, што яны, як і беларусы, пакутуюць ад палітычнага прыгнёту, але ім, у адрозненне ад беларусаў, нібыта не так і проста атрымаць візы і прытулак у Еўропе. Таму, маўляў, яны і вымушаныя штурмаваць мяжу і спрабаваць трапіць у Еўропу нелегальна.

Але ці праўда гэта, што беларусам так проста атрымаць прытулак у Еўропе, у той самай Нямеччыне, куды так хочуць трапіць большасць эканамічных мігрантаў з беларуска-польскай мяжы?

У пачатку лютага стала вядома, што ўлады Германіі прымуць не больш за 50 беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў беларускага рэжыму, плюс іх сем’і. Пра гэта паведамляла газета Süddeutsche Zeitung са спасылкай на афіцыйны адказ МУС Нямеччыны дэпутату Бундэстага ад «зялёных» Мануэлю Сарацыну.

Паранены падчас пратэстаў беларус, жнівень 2020 года. Фота Надзеі Бужан.

На пачатак верасня нямецкае тэлебачанне паведамляла, што нямецкія ўлады выдалі ўсяго толькі 38 гуманітарных віз па «22 параграфе» ахвярам палітычных рэпрэсій з Беларусі. Разам з членамі сямей колькасць выдадзеных віз склала ўсяго 69. Уладальнікі такіх віз могуць атрымаць дазвол на жыхарства на 3 гады ў Германіі і жыллё.

Таксама беларусам выдаваліся звычайныя гуманітарныя візы на 3 месяцы.

Таксама ў Германіі ёсць яшчэ адна форма абароны замежнікаў — бежанства. Статус бежанца пакуль што з пачатку года беларусы не атрымлівалі.

Паводле Еўрастата, нямецкія чыноўнікі за першыя тры кварталы 2021 года разгледзелі 45 заявак у першай інстанцыі на атрыманне прытулку ад грамадзян Беларусі. Станоўчае рашэнне атрымалі 0 (нуль) чалавек. Гэта азначае 0% станоўчых рашэнняў. І гэта калі не ўлічваць, колькі беларусаў у рамках Дублінскай працэдуры выслалі з Нямеччыны ў Літву і Польшчу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру