Фота з Pixabay.com

Слова «Адвент» паходзіць з лацінскага adventus — прыход, з’яўленне.

Для хрысціян — гэта пачатак духоўнага года, і яго святкуюць за чатыры тыдні да Раства, узгадваючы адначасова пра зямное нараджэнне Ісуса і пра чаканне яго другога прыходу.

Сёлета Адвент пачаўся ў нядзелю, 28 лістапада. Кожная з чатырох нядзель прысвячаецца асобнай духоўнай тэме, і хрысціяне звычайна кожную нядзелю да Раства запальваюць па адной з чатырох свечак на святочным вянку.

Як і ўсё ў гэтым свеце, традыцыі Адвента розняцца ад краіны да краіны.

Кітай

Гэта, відаць, зусім не першая краіна, якая прыходзіць на розум, калі згадваеш хрысціянскі свет. Але 5% жыхароў Кітая — хрысціяне, а гэта прыкладна 44 мільёны чалавек. Як пяць Беларусяў. І ў іх ёсць свае традыцыі.

Падчас Адвента людзі ў Кітаі аздабляюць свае дамы ліхтарыкамі з каляровай паперы, а на вокны вешаюць выразаныя з чырвонай паперы пагады.

Таксама перад Раством там прынята раздаваць яблыкі, загорнутыя ў каляровую паперу.

Фота з Pixabay.com

Харватыя

У гэтай балканскай краіне каля 86% людзей — католікі, і Адвент у краіне — вялікая падзея. Для харватаў падрыхтоўка да Раства пачынаецца яшчэ да Адвента, у дзень Святой Кацярыны, што святкуецца 25 лістапада.

У першую нядзелю Адвента заграбчане звычайна ідуць на гарадскі кірмаш, дзе ў драўляных шапіках прадаюцца самаробныя сувеніры, смажаныя каштаны і віно са спецыямі.

А ўжо на Куццю харваты гатуюць бакалар (тып сушанай траскі) — традыцыя сушкі і засолкі гэтай паўночнай рыбы вельмі даўняя, дзякуючы ёй харваты маглі прывозіць дадому гэтую дзіўную рыбу з паўночнай Атлантыкі.

Фота з Pixabay.con

Мексіка

Адна з самых вядомых цырымоній Адвента ў Мексіцы — Las Posadas, ці «шынкі». Гэта 9-дзённае святкаванне, з 16 да 24 снежня, падчас якога згадваецца падарожжа Марыі і Язэпа.

Штовечар па гарадах і вёсках Мексікі ходзіць працэсія дзяцей, на чале якой ідзе дзіця ў вобразе анёла. Дзеці стукаюцца ў дамы, гаспадары іх частуюць, але сімвалічна не запускаюць усярэдзіну.

Брытанія

У брытанцаў ёсць шмат добрых старых традыцый для часу перад перад Раством, але адна не такая ўжо і старая традыцыя (у Англіі яна з’явілася ў 1960-ыя) набірае цяпер папулярнасць за мяжой. Гэта крысцінгл — служба, падчас якой запальваюць свечкі ў апельсінах, аздобленых чырвонай паперай і цукеркамі. Самі свечкі ў апельсінах таксама называюць крысцінгламі, а службы з такімі свечкамі служаць увесь Адвент і на іх часта збіраюцца грошы на дабрачынныя дзіцячыя праекты.

Нямеччына

Сем’і ў Нямеччыне збіраюцца штонядзелі ля вянка з чатырма свечкамі і, запальваючы чарговую свечку, спяваюць калядкі.

Знакаміты штолен, фруктовы пірог — гэта адзін з самых старых калядных пачастункаў немцаў. Гаспадары таксама выкладваюць адмысловыя пячэнькі на калядны вянок ды частуюць імі гасцей.

Фота з Pixabay.com

Вугоршчына

Калядны вянок са вечкамі, адвент-каляндар з шакаладкамі і ранішнія малітвы — вось як рыхтуюцца вугорцы да Раства.

Ранішнія малітвы яшчэ называюць Імшой анёлаў ці Залатой імшой.

Класічны пачастунак у вугорцаў на час Адвенту — бэйглі, рулет з начынкай з маку ці гарэшкаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?