«Наша Ніва» даведалася падрабязней пра тры такія выпадкі. У двух з іх людзі былі падпісаныя на «няправільныя» каналы, але асудзілі іх не за гэта. А вось трэці стварае небяспечны прэцэдэнт судовага сафізму.

Тыдзень таму па Баранавічах прайшла хваля затрыманняў. Паведамлялася, што некаторых пасля асудзілі за няправільныя падпіскі — далі штраф або суткі.

Як расказалі нам сваякі аднаго з арыштаваных, да яго прыходзілі, бо пабачылі фота ў велачаце ў падтрымку навіннага партала, прызнанага экстрэмісцкім. Фота было зробленае на фоне лагатыпа партала.

Мужчына таксама актыўна пісаў у мясцовым раённым чаце. 

У выніку за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў яму далі 15 сутак з канфіскацыяй тэлефона.

У канцы кастрычніка масавыя затрыманні былі ў Гомелі.

Дзяўчына, якая адседзела 15 сутак «за падпіску», расказвае, што пасля затрымання ў яе асабістай перапісцы знайшлі перасланае паведамленне з канала Сцяпана Пуцілы. У адкрытыя чаты яна рэпостаў не рабіла.

Сілавікі чакалі яе каля ўваходу на працу.

«Чаму мяне затрымалі, я не ведаю. Сказалі, што я павінна даць паказанні як сведка па нейкай крымінальнай справе, але відавочна ж, што сведак так не затрымліваюць. «Толькі спачатку мы хочам паглядзець ваш тэлефон», — так мне сказалі», — апісвае дзяўчына.

Дагэтуль у яе судзімасцяў не было — ні па народным 24.23 (за несанкцыянаваныя акцыі), ні па іншых артыкулах. Магчыма, інтарэс з боку сілавікоў быў выкліканы тым, што дзяўчына з сям’і актывістаў.

Трэці выпадак адбыўся з жыхаром Гомельскай вобласці. Хлопца асудзілі за падпіску на Інстаграм тэлеканала, прызнанага экстрэмісцкім. Яго асабісты профіль быў адкрыты. Вось як аргументаваў гэта раённы суд:

«Грамадзянін з неўстаноўленага часу, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, з выкарыстаннем тэлефона з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі захоўваў у дадатку Instagram ва ўкладцы падпіскі з вольным доступам для грамадзян дэструктыўнага характару спасылку ў групу канала, якая па рашэнні суда прызнаная экстрэмісцкай.

Пры гэтым акаунт у дадатку не з'яўляецца схаваным, у сувязі з чым любы грамадзянін мае доступ да паказанай спасылкі».

Хлопцу далі пяць сутак. Абвінавацілі ў «захоўванні з мэтай распаўсюджвання».

Яго ўжо затрымлівалі за палітыку, таму міліцыянты маніторылі яго сацсеткі. Выклікалі ў ДАІ і там «прынялі». «Не было больш да чаго прычапіцца, вось і прыдумалі гэта», — мяркуе хлопец. 

Раней і юрысты, і сам ГУБАЗІК у афіцыйным каментарыі казалі, што пакаранне за падпіску на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, законам не прадугледжанае.

Чытайце па тэме:

ГУБАЗіК: Падпіска на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы пакуль не караецца

«Белсат» — экстрэмісцкае фарміраванне. Што гэта значыць для іх аўдыторыі?

«Супрацоўнік дастаў з кішэні стос бчб-налепак — ляпіў на мяне і весяліўся». Як складваецца лёс беларусаў-падпісантаў экстрэмісцкіх каналаў з пакаяльных відэа?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру