У лісце на волю Таццяна піша спачатку з гумарам: «Была ў штрафным ізалятары, трапілася гарачая пуцёўка. Спачатку на 10 дзён, потым вырашылі падоўжыць кантракт:). Прычына — пры сустрэчы. У прынцыпе, мне і рабіць нічога не трэба было — усё самі:)».

Цяпер яна праходзіць лячэнне, бо «застудзіла суставы, ды і пазваночнік даецца ў знакі». «Прышчэпкі я пакуль не рабіла, бо ў мяне няма сіл змагацца нават са звычайнай прастудай: слабы імунітэт, я моцна схуднела і слабасць маю», — піша Таццяна.

У ШІЗА ёй паведамілі, што яна мае статус «злосніка» (злоснага парушальніка), гэта мае негатыўныя наступствы: Таццяну абмежавалі ў грашах на «атаварку», і «плюшкі, якія будуць раздаваць, мяне не будуць тычыцца», піша яна. Дадаткова жанчыну пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.

«Праца мне не падабаецца, але адмова — гэта адразу ШІЗА. Таму не хачу нікому даваць нагоды — хаджу на працу, шыю. Калектыў у нас жаночы, дружны, шмат розных людзей, ёсць, вядома, і нармальныя», — зазначае асуджаная.

Інфармацыю яна атрымлівае з беларускага тэлебачання. «Але я ўмею бачыць і чуць праўду. І яна страшная», — напісала Таццяна.

Таццяна Канеўская — адна з лідарак кампаніі «Маці 328», якая змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных артыкулаў. У 2020 годзе была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. 8 жніўня 2020 года, напярэдадні выбараў, яе затрымала міліцыя. З тае пары жанчына ў вязніцы.

Увесну 2021 года суд пакараў Таццяну шасцю гадамі пазбаўлення волі за «масавыя беспарадкі».

Таццяна мае чатырох сыноў. Малодшаму Георгію — 14 гадоў. Увесну 2021 года сям’ю напаткала яшчэ адна бяда — Дзмітрыя Канеўскага, сына палітзняволенай, пасадзілі на тры гады за негатыўны допіс пра міліцыю ў Telegram.

Цяпер другі сын Канеўскай, Аляксей, адбывае 30-дзённы арышт. Яго затрымалі за маску з надпісам «честные люди», абвінавацілі ў «правядзенні несанкцыянаванага пікета» і далі 15 сутак. Але пасля адбытага тэрміну Аляксей не выйшаў на волю. Родныя даведаліся, што ён атрымаў яшчэ 15 сутак з невядомай прычыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0