«Я не пісаў нічога рэзкага. Сэнс майго каментара быў такі: ламаць і ламіцца не вельмі добра, так ніхто не просіцца да суседзяў, — расказвае «Нашай Ніве» адзін з каментатараў. — Прайшло менш за суткі, на наступны дзень мяне забралі з працы. Мяне выклікалі, я думаў, у аддзел кадраў. А тут: «Вітаем, праедземся!» Адвезлі ў аддзяленне міліцыі. 

Спачатку казалі, што нібыта нейкія праблемы на маёй мінулай працы. Але ў аддзяленні паказалі раздрукоўку, яны ведалі мой акаўнт «УКантакце». 

Кажуць: «Вы ж разумееце, як вашы словы могуць трактавацца з юрыдычнага пункту гледжання? Мы разумеем, што вы мелі на ўвазе, але з юрыдычнага боку…» Карацей, у такім духу, што давайце запішам відэа і забудземся пра ўсё гэта.

А ў мяне на тэлефоне была парачка падпісак, скажам так, на не вельмі папулярныя ў іх рэсурсы. Ну і я запісаў тыя выбачэнні. 

Але пры дэтальным вывучэнні майго тэлефона заўважылі, што я рэпоснуў у прыватнай размове паведамленне мясцовага тэлеграм-канала, які ў спісе экстрэмісцкіх. 

Ну і ўсё. Тую ноч я правёў пад вартай, на наступны дзень быў суд. Мне далі штраф у 10 базавых велічынь. Адносна цярпіма, іншым даюць і горш.

Выбачэнні на відэа я запісаць быў вымушаны, бо маё меркаванне там ні на што ўжо не ўплывала. Каб больш не пакідалі каментары, гэтая іх методыка можа і падзейнічае, але каб пераканаць кагосьці — не ведаю.

Ці зменіцца маё меркаванне цяпер? Магчыма, што вельмі зменіцца. Бо працую на дзяржаўным прадпрыемстве, і калі са мною не працягнуць кантракт, то, канечне, зменіцца. Было кепскім — стане яшчэ горшым». 

Бацька іншага каментатара распавёў «Нашай Ніве»:

«Каментар быў цэнзурны — ён проста выказаўся пра мігрантаў недзе «УКантакце». Адразу па яго прыйшлі. 

Спачатку прыйшлі да мяне, але ён тут не жыве, тады прыйшлі да яго на працу. І пасля выклікалі ў міліцыю. Там трымалі 3,5 гадзіны. Сказалі: не запішаш, пасадзім на трое сутак. Калі запішаш — адпусцім. Так і адбылося, ён запісаў і адпусцілі. Суда не было, крыміналкі ці штрафаў ніякіх таксама. 

Чаму сын запісаў тое відэа з выбачэннямі? А чаму яму сядзець трое сутак? За што — што праўду сказаў?»

Прыкладна тое ж самае адбывалася ў маі: пасля падзення самалёта ў Баранавічах, дзе загінулі два пілоты.

Тады за «не тыя» каментары затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя пасля расказвалі, што іх таксама прымушалі выбачацца на камеру, затым адпускалі праз трое сутак.

Чытайце таксама:

«Захоўванне з мэтай распаўсюджвання». За падпіску на экстрэмісцкія каналы пачалі судзіць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0