Пра перабоі з дровамі і брыкетам у Беларусі загаварылі яшчэ летам. Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці проста казаў, што напрыканцы жніўня ў Бярэзінскім і Пухавіцкім філіялах запасаў наогул не было, а ў Мінскай вобласці іх не хапала, каб забяспечыць усе заяўкі насельніцтва.

Напрыклад, на канец жніўня ў 17 філіялах «Мінаблпаліва» дроў і брыкету было толькі на 132 заяўкі з 1160 атрыманых. Торфабрыкету не было ў Бярэзінскім і Пухавіцкім філіялах.

Тады ж КДК запатрабаваў «прыняцця дзейсных мер па забеспячэнні насельніцтва палівам на ацяпляльны сезон».

Мінлясгас адрэагаваў і заявіў: праблем з дровамі сёлета не будзе. Але ўжо менш чым праз два тыдні паведаміў, што ў асобных рэгіёнах напружанасць у сувязі з недахопам дроў усё ж ёсць, але толькі ў некаторых раёнах.

Тады ж Міністэрства патлумачыла гэта тым, што людзі сталі менш займацца самазагатоўкай дроў, часцей заказваць гатовую прадукцыю, а «тыя, хто дацягнуў да восені, сутыкнуўся з чэргамі ў асобных рэгіёнах».

«Дзесьці чарга на некалькі месяцаў, дзесьці няма дастаўкі, дзесьці проста не сякуць»

Прайшло некалькі месяцаў. Што з дровамі і брыкетам сёння?

«Жыву ў Верхнядзвінску. Не магу заказаць дровы і брыкеты з торфу. Гартоп (як правіла філіял аблпаліва, што займаецца продажам дроў, брыкету і гэтак далей — заўв. «НН») разводзіць рукамі: «Няма паступленняў». Па сяброўстве прывезлі машыну абрэзкаў ад дошак, але на зіму гэтага не хопіць. Цяпер праблема: няма чым ацяпляць дом. Адказ на пытанне, куды дзеліся дровы, атрымаць не магу нідзе», — абураецца наш чытач з Віцебскай вобласці.

Аналагічная сітуацыя і ў Мікалая, які жыве пад Мінскам. Ён спрабаваў заказаць дровы ў ліпені і цяпер. Цяжкасці як былі летам, так і засталіся.

«Тэлефанаваў у Мінскае лясніцтва, Ждановіцкае, Ратамскае, Заслаўскае і ў лясніцтва Радашковічаў. Усюды былі свае праблемы, — расказвае наш чытач. — Дзесьці чарга на некалькі месяцаў, дзесьці няма дастаўкі, дзесьці проста не сякуць.

У выніку дровы атрымалася купіць у іпэшніка. Цана з-за транспарціроўкі, на жаль, адрознівалася ледзь не ўдвая ад цаны на сайце.

Зараз, дарэчы, таксама ёсць праблема. Шукаю дровы, а знайсці не магу. Чаму набыць дровы па дзяржкоштах сёння амаль немагчыма, я магу толькі здагадвацца. Ніякіх афіцыйных каментароў мне ніхто на гэты конт не даваў».

У выніку чатыры насыпныя «кубы» дроў наш чытач купіў за 300 рублёў.

«Жыву ў Полацку, — кажа Віталь. — У мяне таксама была праблема, але з брыкетам. На горад усяго некалькі машын, якія развозяць паліва. У адной кіроўца захварэў, замяніць няма кім. Іншая зламаная. Вось адна машына і ваюе цэлымі днямі. Мае сябры з лета чакалі машыну з дровамі, так тры месяцы і прайшло.

Я вырашыў не чакаць. Паскардзіўся на праблему ў папулярным мясцовым тэлеграм-чаце. Дык адразу ж прывезлі!

Па льготнай цане за машыну брыкету заплаціў 150 рублёў. Калі браць больш за норму, то машына брыкету будзе каштаваць каля 300 рублёў».

«Летась 7 кубоў абрэзкаў купіла за 150 рублёў, а цяпер за 360»

Пад выглядам прыватных асоб мы дазваніліся ў некалькі раённых філіялаў «Мінаблпаліва». Да прыкладу, у Пухавіцкім філіяле нам патлумачылі, што ў жніўні гэтага года выйшаў нарматыўны дакумент, па якім іпэшнікам гандляваць дровамі больш нельга.

«У выніку тыя, хто раней купляў дровы ў прыватнікаў, цяпер звяртаюцца наўпрост да нас. Вынік — чэргі на некалькі месяцаў», — патлумачылі супрацоўнікі.

Так, аказваецца, 20 жніўня 2021 года ў сілу ўступіла пастанова Мінлясгаса аб парадку ўнясення звестак у адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ўліку драўніны і здзелак з ёй.

Гэтым дакументам ведамства ўстанавіла абмежаванне для юрыдычных асоб і ІП на продаж дроў насельніцтву: цяпер не больш за 20 «кубоў» у адны рукі.

І вось вам простая арыфметыка. Каб зімой абагрэць вясковую хату плошчай каля 80 «квадратаў», трэба заказаць прыкладна 5-6 «кубоў» дроў. Гэта значыць, што разгуляцца прыватнікам цяпер рэальна амаль немагчыма. Бо атрымліваецца, што ў адны рукі яны могуць атрымаць драўніну прыкладна для 4-5 заказаў.

У Мінлясгасе тлумачаць, што на гэты крок яны пайшлі, каб прыціснуць спекулянтаў. Маўляў, некаторыя куплялі драўніну, перапрацоўвалі ў дранку і экспартавалі. Каб гэта спыніць, вырашылі скараціць аб’ём драўніны на адну дамову.

У выніку беларусы стаяць у чарзе па дровы месяцамі, а гандляры дровамі падымаюць кошты.

З гэтым сутыкнулася наша чытачка Кацярына з Пухавіцкага раёна. Летась 7 кубоў абрэзкаў купіла за 150 рублёў. Кажа, што сёлета цана ўзляцела.

«Патэлефанавала таму ж прыватніку некалькі месяцаў таму, а ён за такі ж аб’ём абрэзкаў папрасіў ужо 200 рублёў. Ды сказаў, што чакаць прыйдзецца некалькі месяцаў. Але часу ў мяне няма, трэба цяпло ў доме, — расказвае Кацярына. — Стала тэлефанаваць іншым прыватнікам. А ў іх няма дроў!

Пайшла па суседзях. Тыя мне расказалі, што прымудрыліся купіць 4 «кубы» выдатных бярозавых дроў. Праўда, за 480 рублёў!

Кінулася да свайго першага прыватніка, а ў яго ўжо не 200, а 220 рублёў, і па-ранейшаму няма ў наяўнасці. Сядзела на тэлефоне некалькі дзён. У выніку даведалася, што дровы можна прывезці з Магілёўскай вобласці, але за 360 рублёў. Прыкладна такую ж цану прапанавалі і ў Маладзечанскім раёне».

Па словах дзяўчыны, за час сваіх пошукаў яна знайшла толькі адзін прывабны цэннік — 140 рублёў за абрэзкі з базы Салігорскага раёна. Але там таксама прапанавалі пачакаць некалькі месяцаў.

Між тым для тых, хто абагравае жыллё дровамі або торфам, дзяржаўныя цэны (без уліку дастаўкі) таксама не нашмат таннейшыя за прыватныя: тона торфабрыкету каштуе 28,57 рубля за 1 тону, а «куб» дроў па 30,71 і 31,61 рубля ў залежнасці ад таўшчыні.

За тых самых 7 кубоў дроў, якія шукае наша чытачка, трэба будзе аддаць 210 рублёў і аплаціць дастаўку. І пры гэтым доўга пастаяць у чарзе.

Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа прапанаваў людзям выйсце: пайсці ў лес і насячы дроў самастойна.

«Калі ты маеш бензапілу, маеш сілу, то кошт дроў у раёне 15-20 капеек за кубаметр — ідзі нарыхтуй сам. Мы гэтую альтэрнатыву людзям даём. Другі шлях — «гартоп». Гэта будзе каштаваць не даражэй за 30 рублёў за 1 метр кубічны», — сказаў Віталь Дрожжа.

«Не хапае сыравіны. Як у такіх умовах забяспечыць вяскоўцаў дровамі?»

Мы пачыталі і форумы. Разважаючы пра недахоп дроў, многія беларусы мяркуюць, што дэфіцыт звязаны яшчэ і з тым, што драўніну «гоняць на экспарт». Аднак Міністэрства лясной гаспадаркі гэтую версію катэгарычна абвяргае.

У сваім інтэрв’ю тэлеканалу СТБ міністр лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа запэўніў, што экспарт круглай драўніны ў Беларусі забаронены. Экспартуюць толькі шчэпкі, пелетныя нарыхтоўкі і піламатэрыялы. А экспарт дошкі, па афіцыйных звестках, увогуле знізіўся на 5%.

У тым жа інтэрв’ю міністр агучыў і сваю версію наконт прычын ажыятажу на дровы. Ён расказаў, што ў параўнанні з мінулым годам спажыванне дроў у Беларусі вырасла на 25-30%. Міністр патлумачыў гэта тым, што мінулая зіма была халодная, таму людзі і вырашылі перастрахавацца.

«Мы актуалізавалі ўсе дамовы з палівазабеспячальнымі арганізацыямі, пайшлі на павелічэнне. Плюс аператыўна арганізавалі працу тэхнікі, таму што ў аснове стаяла праблема не саміх дроў, а іх дастаўкі», — дадаў Дрожжа.

Але ў той жа час у Мазырскім «гартопе» спецыялісты расказвалі, што ў чарзе па дровы і торфабрыкеты ў іх стаяць 700 чалавек.

А дырэктар Мазырскага філіяла «Гомельаблпаліва» Аляксандр Лосеў у гутарцы з журналістам «СБ» адзначаў, што такога ажыятажу ён не памятае за 11 гадоў сваёй працы. Прычыну дэфіцыту ён бачыць ні ў халоднай восені і ні ў праблемах з транспартам.

«Не хапае сыравіны, — сказаў тады Лосеў. — Лес нам пастаўляюць з Ляскавічаў і Мазыра. Я аб’ездзіў усю вобласць, каб дамовіцца па пастаўках драўніны. Усе адмовілі, акрамя дырэктара Васілевіцкага лясгаса Дзмітрыя Давыдзенкі. Як, скажыце, у такіх умовах забяспечыць вяскоўцаў дровамі на зіму?»

То-бок усё ж не хапае драўніны? Паводле звестак на 23 лістапада, лясная галіна краіны дае рэкордны прыбытак — больш за 2 мільярды рублёў.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года сума выручкі флагманаў лесанарыхтоўкі павялічылася на 82,4%. Калі не змяншаць тэмпаў вытворчасці, то па выніках 2021 года атрымаецца 2,5 мільярда рублёў (каля 1 мільярда даляраў у эквіваленце). У 2021 годзе беларускі лес дае топавую рэнтабельнасць у эканоміцы. Вышэй толькі фінансы і страхаванне.

Атрымліваецца, лес ёсць, але для прамысловасці, а не для простых беларусаў. Заказаць у дзяржавы можна, але чакаць прыйдзецца некалькі месяцаў. Тым, хто чакаць не можа (трэба ж абагравацца, на дварэ халады), застаецца звяртацца да прыватнікаў. Але ў прыватнікаў абмежаванне. У іх дроў таксама няма. Замкнёнае кола.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру