Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

КДБ Беларусі сцвярджае, што Аўтуховіч планаваў «застрашванне насельніцтва і аказанне псіхалагічнага ціску на супрацоўнікаў МУС», арганізоўваючы выбухі і падпалы, а ахвяр выбіраючы «пры дапамозе дэструктыўнага Telegram-канала».

Пры ператрусе ў Аўтуховіча, як паведаміла прэс-служба КДБ, сілавікі знайшлі стралковую зброю, патроны, гранаты, бронекамізэлькі і амуніцыю.

Спачатку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам»). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яе на ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму»), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Цяпер пісаць вязню можна на адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1.