У асноўным украінскія выданні шырока цытуюць словы Дзмітрыя Кулебы, кіраўніка МЗС Украіны:

«Я думаю, што няма сэнсу ацэньваць кожнае праяўленне патоку свядомасці, якое рэгулярна ажыццяўляе на розных медыйных платформах Аляксандр Лукашэнка. Мы будзем ацэньваць яго дзеянні.

Калі Беларусь сапраўды прызнае незаконную акупацыю Крыма Расіяй, гэта нанясе непапраўны ўдар па ўкраінска-беларускіх адносінах. Мы будзем дзейнічаць па поўнай праграме, Крым не з'яўляецца пытаннем, у якім мы дазваляем сабе стрымлівацца».

Партал delo.ua проста прыводзіць словы Лукашэнкі пра Крым, але называе яго «нелегітымным прэзідэнтам»:

«Нелегітымны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нібыта «паўвостраў Крым — тэрыторыя Расіі», і цяпер ён чакае ад расійскага боку запрашэння ў Крым з канкрэтыкай па тэрмінах. Непрызнаны прэзідэнт заявіў, што ягоная паездка ў Крым будзе азначаць прызнанне паўвострава часткай Расіі».

Дарэчы, гэтаксама абазначаюць Лукашэнку і шмат якія іншыя ўкраінскія СМІ, называючы яго «самаабвешчаным прэзідэнтам» ці нават «дыктатарам».

«Гаворка ідзе аб прызнанні часова акупаванага Крыма «расійскім» прыватнай асобай»

Аглядальнік партала Obozrevatel Лілія Карнілава піша, што «Лукашэнка падмануў Пуціна».

«Улады шэрагу краін адмовіліся прызнаць Аляксандра Рыгоравіча легітымным прэзідэнтам Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў без выбару ў 2020 годзе. Пра гэта заявілі Вялікабрытанія, Германія, Данія, Канада, Латвія, Літва, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Славакія, ЗША, Украіна, Францыя, Чэхія, Эстонія і іншыя.

Так што ў гэтым выпадку гаворка ідзе аб прызнанні часова акупаванага Крыма «расійскім» прыватнай асобай, а не афіцыйным прадстаўніком рэспублікі.

Ні вусныя, ні пісьмовыя заявы Аляксандра Рыгоравіча, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, не абавязваюць у юрыдычным сэнсе беларусаў і дзяржаву.

Нават расійскія СМІ акцэнтуюць увагу на тым, што часова акупаваны Крым «расійскім» прызнаў менавіта Лукашэнка, а не Рэспубліка Беларусь, ды і тое з агаворкай — пасля візіту на паўвостраў», — адзначае Карнілава.

«З 1994 года Лукашэнка прадае Крамлю байку аб хуткай інтэграцыі Расіі і Беларусі»

Журналіст Віталь Портнікаў, аглядальнік nv.ua, мяркуе:

«Лукашэнку называюць «гандляром савецкім паветрам». З 1994 года ён прадае Крамлю байку аб хуткай інтэграцыі Расіі і Беларусі. Яго інтэграцыйнымі паслугамі карысталіся і Барыс Ельцын, і Уладзімір Пуцін, і Дзмітрый Мядзведзеў, а ў адказ вылучалі рэсурсы, якія дазваляюць падтрымліваць на плаву беларускую эканоміку, якая засталася шмат у чым у мінулым.

Аднак пасля 2020 года, калі Лукашэнка ў чарговы раз сфальсіфікаваў вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі і задушыў масавыя пратэсты сваіх суайчыннікаў, яму ўсё цяжэй адбіцца ад Пуціна аднымі размовамі. А адмаўляцца ад поўнаўладнага кіравання ў Беларусі Лукашэнку, як бачым, вельмі не хочацца.

Самае цікавае, што ў самой Расіі з паездкай Лукашэнкі на паўвостраў не спяшаюцца — хоць у Маскве і зацікаўленыя ў тым, каб кіраўнік хоць якой-небудзь іншай дзяржавы наведаў акупаваны ў 2014 годзе паўвостраў.

Але, думаю, Пуцін выдатна разумее, што за гэтую паездку яму давядзецца дорага заплаціць — і палітычнымі ўступкамі, і рэальнымі грашыма. І хоча, каб Лукашэнка даўжэй напрошваўся ў Крым — таму што чым даўжэй ён будзе прасіць, тым менш Крамлю давядзецца яму заплаціць за гэтае «падарожжа».

«Масква правакуе канчатковы разрыў эканамічных адносін паміж Украінай і Беларуссю»

Аляксандр Каваленка, блогер і ваенна-палітычны аглядальнік, піша на 24tv.ua:

«Сказаць-та сказаў, а далей зайсці слабо? Прызнанне на афіцыйным узроўні, у выглядзе ўказа, напрыклад? А то славаблудзіць могуць усе і ў МЗС РБ, і сам Лукашэнка, але патрэбна афіцыйная паперка.

А афіцыйная паперка — гэта ўжо і адказнасць, усе наступствы, асабліва — на міжнародным узроўні.

І вось цяпер самае цікавае. Аляксандр Лукашэнка сказаў «а», але не спяшаецца казаць «бэ». У першую чаргу, юрыдычнае «бэ».

Ці асмеліцца ён зайсці далей за банальнае славаблуддзе альбо інстынкт самаабароны, банальны «жым-жым», возьме верх? Думаю, што можна прымаць стаўкі».

На тым жа партале журналіст і блогер Дзяніс Казанскі мяркуе, што Лукашэнку даціснула Масква:

«Масква правакуе канчатковы разрыў эканамічных адносін паміж Украінай і Беларуссю. Дзякуючы энергетычнаму крызісу, Украіна вымушана закупляе электраэнергію ў Беларусі, і пасля такіх заяў пытанне гэтых закупак зайграе новымі фарбамі».

 Чытайце таксама:

«Пытанне Крыма было казырнай картай. Лукашэнка выклаў яе, каб заплаціць Пуціну за важную паслугу». Палітолаг пра схаваныя сэнсы гучнай заявы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру