Дэпартамент дзяржбяспекі краіны інфармаваў, што такімі дзеяннямі спрабуюць збіраць інфармацыю аб Святлане Ціханоўскай і яе асяроддзі.
Паводле звестак літоўскай разведкі, 17 кастрычніка Лукашэнка склікаў кіраўніцтва КДБ і высокапастаўленых афіцэраў для «павышэння эфектыўнасці замежнай разведкі» — для ўзмацнення яе моцы, павышэння патэнцыялу агенцкай разведкі і «іншых метадаў і формаў».
Паколькі ўсё больш і больш беларусаў звяртаюцца па гуманітарныя візы ці палітычны прытулак, літоўская разведка папярэдзіла, што беларускі КДБ можа паспрабаваць завербаваць некаторых уцекачоў або ўкараняць сваіх агентаў у іх атачэнне. Такім чынам імкнуцца сабраць інфармацыю пра лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую і яе атачэнне, пра беларускія грамадскія арганізацыі і іх сябраў, якая дапамагла б выявіць іх патэнцыйную ўразлівасць, а таксама паспрабаваць дыскрэдытаваць, паўплываць на іх дзеянні, рашэнні і выступленні.
Літоўская разведка заклікае беларускіх уцекачоў, якія могуць быць завербаваныя мінскім рэжымам, устрымацца ад удзелу ў злачыннай дзейнасці ў Літве.