Былы спікер верхняй палаты парламента і старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што санцыі ствараюць умовы для пад’ёма нацыянальнай эканомікі.

Міхаіл Мясніковіч

Міхаіл Мясніковіч

«У нейкай ступені санкцыі ствараюць умовы для ўздыму нацыянальных эканомік. Мы працуем у межах саюза і канстатуем, што ўзрастаюць аб'ёмы ўзаемнага гандлю, з'яўляецца ўсё больш сумесных кампаній.

Цяпер у межах Еўразійскага эканамічнага саюза дзейнічае 21 тысяча сумесных прадпрыемстваў (па стане на чэрвень 2021 года, — заўв. НН)— беларуска-расійскіх, казахстанска-беларускіх, казахстанска-расійскіх і іншых.

Гэта вялікая сіла, вялікая ўдзельная вага. Мы паглядзелі, што, у прынцыпе, валавы ўнутраны прадукт кожнай краіны ў дастаткова адчувальных прапорцыях фарміруецца за кошт інтэграцыйнага ўкладу».

Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой заявіў, што развіццё эканомікі Беларусі нават ва ўмовах пандэміі і санкцый паказвае найлепшыя вынікі за апошнія 12 гадоў. 

Дзмітрый Крутой

Дзмітрый Крутой

«ВУП вырас, па бягучых даных, на 2,4%. Натуральна, асноўным драйверам, як і на працягу ўсяго года, заставалася прамысловасць. Прыкладна 70% гэтага прыросту забяспечваў менавіта прамысловы комплекс. На другім месцы па ўкладзе IT-сектар. Астатнія галіны размеркаваліся больш раўнамерна».

Зусім іншая рыторыка ў беларускіх дэпутатаў. Вось што заяўляў Алег Гайдукевіч летам, калі ЕС прыняў сектаральныя санкцыі пасля пасадкі самалёта Rynair у Мінску.

«Сучасны свет — гэта гібрыдныя войны. Адзін з элементаў гібрыднай вайны — гэта санкцыі. У дачыненні да нашай краіны яны ўведзеныя незаконна, насуперак любым міжнародным нормам».

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч

Прынялі пяты пакет санкцый — і Гайдукевіч ужо бачыць плюсы:

«Беларусь больш ніколі не будзе абмяркоўваць унутрыпалітычную павестку ў краіне з кімсьці, і гэта добра. Мы нарэшце прыбралі з краіны НКА і арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і працавалі на іншыя краіны, а не на нашу. Мы ўзмацнілі інтэграцыю з Расіяй ва ўсіх сферах, гэта ўзмоцніць нашу дзяржаўнасць. Мы сталі вельмі актыўна абараняць нашы каштоўнасці і гісторыю». 

Пры гэтым Алег Гайдукевіч гучней за ўсіх крычыць у парламенце і на дзяржТБ пра тое, што за заклікі да санкцый трэба прыцягваць да адказнасці. Падтрымлівае яго былы вайсковы функцынер, дэпутат Алег Белаконеў, які таксама лічыць санкцыі элементам гібрыднай вайны:

Алег Белаконеў. Фота belvpo.com

Алег Белаконеў. Фота belvpo.com

«Сёння супраць Беларусі развязаная шырокамаштабная гібрыдная вайна па ўсіх напрамках. Мы павінны быць гатовыя да таго, што спробы дэстабілізацыі сітуацыі, прымяненне ўсяго арсенала гібрыдных войн у краіне будуць працягвацца. Паколькі такія дзеянні накіраваныя на падрыў палітычнай стабільнасці, перашкаджаюць эканамічнаму развіццю нашай краіны, праектам закона мяркуецца ўзмацніць крымінальную адказнасць за дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны».

Сяргей Сівец. Скрыншот з відэа ctv.by

Сяргей Сівец. Скрыншот з відэа ctv.by

«Гэта не новы артыкул Крымінальнага кодэкса, ён дзейнічаў і да гэтага, — удакладняе дэпутат верхняй палаты парламента Сяргей Сівец. — Аднак санкцыйныя меры, прынятыя ў дачыненні да нашай дзяржавы, выклікалі неабходнасць перагляду яго частак, каб сфакусаваць увагу на супрацьпраўнасці дзеянняў у дачыненні да нашай дзяржавы асобных юрыдычных і фізічных асоб, звязаных менавіта з публічнымі заклікамі да прымянення санкцыйнай палітыкі. У першую чаргу гаворка ідзе аб эканамічных санкцыях, якія павінны паралізаваць дзеянне нашай эканомікі, паставіць у жорсткія ўмовы функцыянаванне айчынных суб'ектаў гаспадаркі. Мы выдатна разумеем наступствы падобных дзеянняў. Па вялікім рахунку,

гэта паралізацыя работы вядучых суб'ектаў нашай краіны і, адпаведна, немагчымасць дзяржавы выконваць свае сацыяльныя абавязальніцтвы перад нашымі грамадзянамі: працоўныя месцы, заработная плата, дапамога, льготы

— усё тое, што замацавана ў Асноўным законе».

Тым часам словы Лукашэнкі пярэчаць заклапочанасці дэпутатаў Гайдукевіча, Сіўца і Белаконева. Ён заявіў, што ўрон ад санкцый для эканомікі Беларусі — мізэрны. Больш за тое, па яго словах, гэты ўрон нават ніхто не падлічваў. 

«Я не магу сказаць нейкія лічбы гэтай шкоды, — адзначыў ён у размове з расійскай прапагандай. — Мы спрабуем мінімізаваць (уплыў санкцый, — заўв. НН). Натуральна, мы нешта губляем. Але ў параўнанні з тым, як мы адпрацавалі гэты год, гэта мізэр.

Гэта мізэр, я і не даручаю лічыць, таму што даражэй будзе палічыць».

Мізэр, які ніхто не хоча падлічваць. І ўзмацненне крымінальнай адказнасці за заклікі да санкцый. А яшчэ праект бюджэту на 2022 год фармуецца дэфіцытным.

Выглядае, што ва ўладзе левая рука не ведае, што робіць правая. Але па тоне праўладных тэлеграм-каналаў складваецца ўражанне, што новы пакет санкцый прыхільнікі Лукашэнкі будуць сустракаць новым лозунгам: «А нам усё адно». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0