Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Менавіта за яе кандыдатуру прагаласавалі сябры Аховы птушак Бацькаўшчыны. Яна змяніла леляка — птушку 2021 года, паведамляе сайт ptushki.org.

Да гэтага сініца перамагла ў «птушыных праймерыз» — анлайн-галасаванні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек. Так яна стала адной з трох кандыдатак на званне птушкі года, астатнімі былі скапа і звычайная туркаўка.

У лютым падчас штогадовага з’езду АПБ прадстаўнікі груп падтрымкі кожнай птушкі-кандыдата правялі агітацыйныя выступы, паказалі прэзентацыі пра сваіх абранніц і прывялі аргументацыю, каб пераканаць сябраў АПБ прагаласаваць менавіта за «сваю» птушку.

Пасля з’езду ўсім сябрам арганізацыі былі разасланыя бюлетэні з пячаткай, якія яны запаўнялі і адсылалі назад. Фармат «паштовага» галасавання быў выкарыстаны ўпершыню. «Яўка» выбаршчыкаў парадавала — прагаласавалі 643 чалавекі. Белая сініца перамагла з вялікім адрывам. 

Што ж гэта за птушка? 10 фактаў пра яе.

  1. Белая сініца мае яшчэ адну назву — князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
  2. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
  3. Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
  4. Гняздуецца ў Беларусі і Украіне толькі на Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
  5. Для гнездавання птушцы патрэбныя дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць, і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.
  6. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал — корміць самачку.
  7. У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.
  8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі — штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
  9. Узімку яе можна ўбачыць у густых зарасніках трыснягу ў поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак. Узімку можа есці і насенне.
  10. Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0