Эканамістка Кацярына Барнукова так каментуе гэтую заяву:

«Тут складана пакуль зразумець, пра якія праекты ідзе размова. Хутчэй за ўсё, яны вельмі розныя. Верагодна рабілася так: на прадпрыемствы спусцілі задачы і пытанні, якія імпартазамяшчальныя вытворчасці вы б маглі арганізаваць на сваёй базе? І хто што мог прыдумвалі, складалі планы праектаў, з якіх выбралі 47 самых больш-менш прыстойных. 

Што тычыцца грошай. Знешнія інвестыцыі ў нас заўсёды гралі даволі сціплую ролю, таму цяпер, напэўна, таксама разлічваюць на ўнутраныя сродкі. А гаворка ідзе пра 8 мільярдаў рублёў — гэта, магчыма, надзея на ўласныя сродкі прадпрыемстваў, бо шмат якія назапасілі прыбытак сёлета. Але ж, на маю думку, гэтага ўсё роўна не хопіць, адпаведна будуць патрэбныя крэдыты. 

Мы пастаянна цяпер чуем ад урада, што трэба запусціць інвестыцыйны цыкл, але інвестыцыі другі год запар падаюць. Таму відавочна, што ў нашай эканомікі без адміністратыўнага ўмяшальніцтва няма ані сродкаў, ані добрых ідэй для вытворчасці інвестыцый.

Праз гэта ўрад можа мець вялікую спакусу неяк адміністратыўна падштурхнуць працэс, магчыма, нават вярнуцца да дырэктыўнага крэдытавання — але ж для гэтага трэба будзе пераадолець супраціў Нацбанка». 

Дырэктыўнае крэдытаванне — гэта крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў па зніжаных стаўках ці пры ўмове, што частка грошай пакрываецца дзяржавай. Але ж гэта будзе фактычна тым самым запускам станка па друку грошай, супраць чаго выступае Нацбанк і што можа прывесці да чарговага крызісу. Ці не?

«Гэта раней нярэдка прыводзіла да нашай эканамічнай нестабільнасці, інфляцыі і гэтак далей. Цяпер, праўда, хутчэй за ўсё, гутарка не пра такія маштабныя падзеі, як былі раней, таму ёсць надзея, што ўсё будзе зроблена акуратна, — кажа Барнукова. — Пакуль што Нацбанк сапраўды супраціўляецца, але ж у нас цяпер амаль эканоміка ваеннага часу, мы ў коле ворагаў, і гэтак далей, адпаведна можна ісці і на крайнія меры. Нават імпартазамяшчэнне — гэта ж адказ на санкцыі. 

Але трэба разумець яшчэ адзін важны момант. Нават калі не пачнуць друкаваць грошы, нават калі адшукаюць грошы ў бюджэт ці знойдуць крэдыт, то гэта ўсё роўна палітыка, асуджаная на правал. Узнікаючы штучным чынам, яно ніколі не давала вынікаў ні ў якой краіне.

Беларусь — гэта маленькая адкрытая эканоміка, яна не зможа існаваць без імпарту, выключна на самазабеспячэнні. Гэта не гіганцкая эканоміка Кітая, Расіі ці ЗША, якая тэарэтычна можа вырабляць усе тавары ўнутры. У нас гэта фізічна немагчыма і эканамічна немэтазгодна, бо калі мы раней штосьці імпартавалі, гэта значыла, што набываць гэта было танней, чым вырабляць аналаг самім.

Калі ж мы захочам імпартазамяшчаць, то, найхутчэй, будзем не толькі вырабляць сам прадукт, а яшчэ і забаронім імпарт канкурэнтаў. Гэта прывядзе да таго, што людзям прыйдзецца плаціць больш.

Адпаведна гэтае імпартазамяшчэнне можа ў той ці іншай форме ўдарыць непасрэдна па кішэні беларусаў».

Але наколькі словы Чарвякова блізкія да рэальнасці? Імпартазмяшчэнне — гэта ўжо план дзеянняў? Ці пакуль толькі словы? 

«Мо і план, але трэба суадносіць яго з рэальнасцю. У канцы мінулага года таксама былі планы актыўных інвестыцый на гэты год — і яны проста не спраўдзіліся. Інвестыцыі не выраслі, а ўпалі, і праблема тут не ў замежных грошах, ніхто не хоча інвеставаць унутры краіны. 

Таму будуць спрабаваць рэалізаваць нешта, але не факт, што атрымаецца зрабіць усё запланаванае. Міністэрства эканомікі не мае стопрацэнтнай улады над гэтай самай эканомікай, бо яна працуе па сваіх законах. Урад можа вырашаць, як траціць дзяржаўны бюджэт, але ж у астатніх рашэннях ён будзе абмежаваны рынкавымі сіламі і эканамічнымі законамі», — тлумачыць Кацярына Барнукова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0