Цэны мы зафіксавалі яшчэ 29 лістапада, калі ўлады толькі абвясцілі аб планах скараціць пералік. Для параўнання браліся лічбы, прыведзеныя на сайце «Е-дастаўкі». Мы прасачылі ваганне цэн на тавары адной маркі і роўнай фасоўкі, для іншых брэндаў яна можа адрознівацца.

На большасць тавараў, якія перасталі быць сацыяльна значнымі, цэны не змяніліся. Але некалькі пазіцый заўважна падаражэлі.

Так, кітайскі часнок прыбавіў у цане 4,2% (раней ён прадаваўся па 9,59 рубля за кг, цяпер па 9,99). Тушаная свініна ў кансервах (мы бралі Бярозаўскага мясакамбіната) плюс 4,8% — раней 3,53 рубля, цяпер 3,70.

Кава падаражэла на 8,5%. Пачак распушчальнага «Нэскафэ класік» (100 грамаў) можна было купіць за 4,23 рубля, сёння — за 4,59.

Істотна падскочыла цана на чай — ажно на 18,5%. Параўнайце самі: 100 грамаў ліставога чорнага чаю Tell’s прадавалі за 1,78 рубля, а цяпер за 2,11.

На 21,8% падаражэла гаспадарчае мыла. Тое, што мы бралі («Хэлен» з лімонам), раней каштавала 1,19 рубля, цяпер 1,45.

Але лідарам па росту цэн аказаліся агуркі — плюс 39,6%. У канцы лістапада гладкія расійскія аддавалі па 4,79 рубля за кіло. Сёння яны ж выстаўленыя па 6,69. Варта сказаць, што дарагія агуркі ў канцы года — тыповая з’ява. Летась, напрыклад, месячны рост цэн на іх у снежні быў яшчэ большым, плюс 55% (згодна з Белстатам). 

Рэзкае падаражанне прадуктаў сёлета назіраецца ва ўсім свеце. Цэны на ежу сталі самымі высокімі за апошнія 46 год. Гэтаму ёсць некалькі прычын: кавід, які выклікаў праблемы з пастаўкамі, недахоп працоўнай сілы, неспрыяльныя ўмовы надвор'я, энергетычны крызіс.

У Беларусі абмяжоўваць цэны пачалі з канца лютага. Тады ў спісе былі 62 тавары, і павышаць цэны на іх дазвалялася не больш чым на 0,2% у месяц.

Цяпер сацыяльна значных тавараў 29. У гэтым спісе засталіся, напрыклад, цукар, бульба, капуста, мяса (апроч бяскоснага), малако, яйкі, тварог, сыр, хлеб, мука, дзіцячае харчаванне. У снежні-лютым рост цэн на іх можа быць максімум 0,9% у месяц, у сакавіку-снежні — 0,3%.

Чытайце таксама:

Беларуская капуста і буракі падаражэлі, а імпартныя апельсіны сталі таннейшымі

«У месяц на прадукты сыходзіць каля 1000 рублёў». Параўноўваем беларускія цэны з цэнамі ў суседніх краінах

Прафсаюзы рэзка раскрытыкавалі адмену дзяржаўнага рэгулявання цэн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0